Іх імёны – у сэрцах удзячных землякоў

 

Іх імёны – у сэрцах удзячных землякоў

Оксана ГЕЙБОВИЧ
15.09.2022
1222
У 20 - 30-я гады мінулага стагоддзя смаргонцы былі актыўнымі змагарамі  за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР і ўстанаўленне савецкай улады. Сярод тых, хто быў неабыякавы да лёсу сваёй Радзімы і народа,  змагаўся за лепшую долю, былі і жанчыны. Вікторыя Сінкевіч,  Клара Легат, Аляксандра Шчасная – іх імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю нашага рэгіёна.

1.jpg

Аляксандра ШЧАСНАЯ.

Нягледзячы на тое, што ў Смаргоні іменем Вікторыі Сінкевіч названа вуліца, нямногія ведаюць пра гэту мужную дзяўчыну з в. Караваі – актыўную ­ўдзельніцу Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. ­Разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі яна хадзіла па вёсках, распаўсюджвала лістоўкі, вывешвала чырвоныя сцягі, лозунгі, плакаты, якія заклікалі да барацьбы. Вікторыя з’яўлялася кур’ерам падпольнага ЦК КПЗБ, дзе патрэбна, і інструктарам Цэнтральнага Камітэта. 

У 1936 годзе ­маладую дзяўчыну арыштавалі на тэрыторыі Валожынскага раёна, нягледзячы на тое, што пры вобыску ў яе нічога не знайшлі, што магло б выкрыць партыйнага работніка. У Валожыне Вікторыю катавалі на допытах, аднак яна ўпарта маўчала. Многае ведала кур’ер ЦК, але вытрымала ўсе зверскія катаванні, не выдала сваіх сяброў. І хаця не было матэрыялаў для яе абвінавачвання, Вікторыю асудзілі на 2 гады турэмнага зняволення. Цяжкія ўмовы жыцця моцна падарвалі здароўе падпольшчыцы - яна захварэла на сухоты.

2.jpg

Вікторыя СІНКЕВІЧ.


Калі Вікторыя выйшла з турмы, акупанты ўсё яшчэ баяліся мужнай дзяўчыны, таму і прысудзілі яе да трох гадоў ссылкі ў Беластоцкае ваяводства. Там і застаў камуністку дзень вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй.

Вікторыю накіравалі ў г. Мінск у клінічны гарадок. Аднак было ўжо позна. 7 лістапада 1939 года не стала 25-гадовай патрыёткі, жыццё якой абарвалі турмы. У апошні шлях яе праводзілі байцы Чырвонай Арміі, падраздзяленне рабочай гвардыі і сотні гараджан са Смаргоні. Быў дадзены трохразовы салют-залп. На яе магіле ўстанавілі дубовы слупок з зорачкай. Гэта была першая зорачка на смаргонскіх могілках. Цяпер на помніку Вікторыі напісана: “В борьбе за свободу сгорели все силы, за счастье народное отдана жизнь”.

Адметна, што ў падпольна-рэвалюцыйнай рабоце ўдзельнічала ўся сям’я Сінкевічаў. Сястра Вікторыі Феліцыя абяззброіла паліцэйскага. Малодшы брат Часлаў (15 гадоў) захоўваў і распаўсюджваў палітычную літаратуру. Аднойчы, ідучы за схаванай літаратурай, ён трапіў у засаду. Яго білі, але ён нікога з таварышаў не выдаў. Год прасядзеў у турме да суда, а потым быў асуджаны на 2 гады ўмоўна як непаўналетні. Па гэтай справе прыцягваўся і старэйшы брат Валерыян. Ён займаўся камуністычнай прапагандай у в. Караваі. У 1935 годзе Валерыян Сінкевіч  быў асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. Пасля прыходу савецкай улады ў 1939 г. з’яўляўся членам народнага сходу ў Беластоку.

У 1930-я гады ў радах Смаргонскай камсамольскай падпольнай арганізацыі было каля 90 чалавек. Сакратаром  райкама ў 1931 – 1932 гг. з’яўлялася Клара Легат, якой на той час было ўсяго 18 год. Яна нарадзілася ў сям’і беднага яўрэя ў Смаргоні. Гэтую чарнавалосую невысокую дзяўчыну можна было ўбачыць то ў адной, то ў другой вёсцы: яна размаўляла з сялянскай моладдзю, раздавала ім палітычную літаратуру, назначала яўкі, збірала рэчы і грошы палітзняволеным, рыхтавала і право­дзіла мітынгі, увесь час папаўняла рады камсамольскіх ячэек з ліку падрыхтаванай ёю моладзі. Паліцыя сачыла за ёй. Аднойчы паліцыянт зайшоў у дом к Легатам і папярэ­дзіў, што калі дачка не перастане займацца камуністычнай дзейнасцю, то ўсю сям’ю выганяць з хаты. Тады Клара сышла з дому, каб не падвяргаць небяспецы сваіх родных.

3.jpg

Клара ЛЕГАТ.


Але арышту пазбегнуць не ўдалося. Калі ў 1933 годзе дзяўчына выехала ў невядомым напрамку, паліцыяй быў аб’яўлены яе пошук. Яна была затрымана ў Беластоку і змешчана ў турму. Падчас допыту Клара не прызналася ў прыналежнасці да КПЗБ, і з-за недастатковасці рэчавых доказаў была апраўдана. Пазней яна зноў была арыштавана ў Беластоку. Паліцыя сачыла за тым чалавекам, на сустрэчу з якім ішла Клара. Абодва падпольшчыкі былі схоплены. На допытах Клара сцвярджала, што гэты чалавек абяцаў ­уладкаваць яе на работу. Аднак паліцыя палічыла яе тлумачэнні беспадстаўнымі і кінула падпольшчыцу ў Лукішскую турму. На гэтым след мужнай дзяўчыны губляецца. Відавочцы расказвалі, што, калі ў 1939 г. палякі перавозілі вязняў Лукішак, сярод іх была маладая чарнавалосая дзяўчына. Яна была забіта на пероне вакзала ў Вільні пры спробе ўцячы. Магчыма, гэта была адважная смаргонская камсамолка Клара Легат. Дзяржаўны архіў г. Вільні звестак аб гібелі не пацвярджае. 

Больш пашанцавала падпольшчыцы Аляксандры Шчаснай, таму што яна засталася ў жывых. У 1921 г. Аляксандра паступіла на беларускія настаўніцкія курсы, арганізаваныя Браніславам Тарашкевічам і Сымонам Рак-Міхайлоўскім. Аднак на момант іх заканчэння беларускія школы былі закрыты. Калі на Смаргоншчыне пачаў дзейнічаць падпольны райкам КПЗБ, Аляксандра Кляменцеўна была актыўнай яго ўдзельніцай. У падпольную работу ўключылася і ўся яе сям’я. Па заданні ЦК партыі Аляксандра ў 1935 г. кіравала паўстаннем нарачанскіх рыбакоў, пасля чаго была арыштавана і знаходзілася ў турме да ўступлення Чырвонай Арміі ў Вільню ў 1939 г.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР жанчына працавала сакратаром валаснога ўпраўлення, загадчыцай аддзела сацыяльнага забеспячэння. Падчас Вялікай Айчыннай вайны была медсястрой падпольнага шпіталя. Пасля вайны Аляксандра Кляменцеўна з’яўлялася загадчыцай раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння, некалькі разоў выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета ­БССР. Жанчына дапамагала ўстаць на ногі і атрымаць ­адукацыю пляменнікам-сіротам. Не стала Аляксандры Шчаснай у 1989 годзе.  

Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота з кнігі “Памяць”.