Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхаіл ЛУЖЫНСКІ: “Я прачынаюся кожную раніцу з думай пра Смаргонь”

 

Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Міхаіл ЛУЖЫНСКІ: “Я прачынаюся кожную раніцу з думай пра Смаргонь”

Общество
09.08.2022
2748

Не забывай Радзіму аніколі:

Ні з крыкам птушак, пакідаючых тугу,

Ні ў летні дзень, калі грамы сваволяць.

Любі яе, не наклікай граху…

Валянціна ВЛАДАВА.

Ціхая, чыстая, у буйнай зеляніне садоў і стракатасці кветнікаў сустрэла яго ў ліпені Смаргонь – і сівы імпазантны мужчына, быццам на машыне часу, і зноў вярнуўся ў гады свайго незабыўнага юнацтва.

Смаргонская зямля нарадзіла і дала пуцёўку ў жыццё многім выбітным асобам. Яны шмат дзе бывалі, многае бачылі, могуць пахваліцца шматлікімі дасягненнямі. Але прызнаюцца, што часам бывае невыносна: цісне сэрца і нейкі нябачны голас кліча іх дадому, на малую радзіму.

лужинский 7.jpg

Прыцягненне роднай зямлі… Яно нашмат мацнейшае за фізічнае – гравітацыйнае поле зямлі. Сіла малой радзімы, той, у якой твае карані, дзе ляжаць твае продкі, да якой ты ад нараджэння энергетычна “прапісаны”, велізарная і велічная. І калі ў маладым узросце яна так не адчуваецца, то ў сталыя гады – асабліва кранае сэрца.

Восем незабыўных дзён правёў у Смаргоні пецярбуржац з паўвекавым стажам рэжысёра-балетмайстара Міхаіл Лужынскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі. Адсюль, у сярэдзіне 1960-х ён узяў старт у цікавае прафесійнае жыццё.

Пад гукі паланэза

Міхаіл Пятровіч нарадзіўся ў вёсцы Мацюляны, дзе пражыў шэсць гадоў. Потым яго бацькі вырашылі перабрацца ў горад – у прыватны дом, адразу за рэчкай Гервяткай, што на вуліцы Сінкевіч. Восем класаў Міша адвучыўся ў СШ №1, апошнія тры – у СШ №2. Высокі, фізічна развіты хлопец увесь час захапляўся спортам: баскетболам, валейболам, лёгкай атлетыкай.

Аднойчы сябар-аднакласнік Мішы - Валодзя Шчасны (будучы дзяржаўны дзеяч, дыпламат і пісьменнік) - літаральна за руку прывёў хлопца ў ансамбль песні і танца імя Агінскага – і такім чынам вызначыў прафесійны шлях Міхаіла.

“На той час Валодзя Шчасны ўжо быў у складзе ансамбля, які толькі-толькі распачынаў сваю творчую дзейнасць. Я ж да танцаў ставіўся паблажліва, мяне больш вабіў спорт, - успамінае Міхаіл Пятровіч. - Але аднойчы Валодзя ўсё ж угаварыў пайсці на рэпетыцыю. Ансамбль вось-вось павінен быў ехаць на выступленне ў Мінск, а аднаго танцора – не хапала. Мне давялося заняць гэта вакантнае месца. Літаральна некалькі дзён рэпетыцый – і пад гукі паланэза я выйшаў на сцэну опернага тэатра рэспублікі. Так хваляваўся, так баяўся… Выходзіў на сцэну першым, за мной – Міша Лазар, больш вопытны танцор…

Спачатку нашым кіраўніком быў Ігар Ціхаміраў. Хутка яго змяніў Слава Федаровіч, які прыехаў з Гродна пасля культасветвучылішча. Слава быў у цудоўнай творчай форме – ён мне перадаў гэта захапленне танцам. Неўзабаве я стаў салістам ансамбля”.

IMG_7510.JPG

луж 11.jpg

IMG_7526.JPG

IMG_7520.JPG

IMG_7519.JPG

IMG_7513.JPG

Тры гады Міхаіл Лужынскі танцаваў у смаргонскім ансамблі імя Агінскага (калектыў шмат гастраляваў, выступаў нават у Польшчы і ГДР). Пасля школы юнак пайшоў у армію. Трапіў на службу ў марфлот. Навабранцаў прывезлі ў Леніградскую вобласць, у прыгожае месца пад назвай Чырвоная горка. Усіх хлопцаў сталі апранаць і адпраўляць на поўнач. А Міхаіла ніхто не апранае…

– Можа, мне вяртацца назад у Смаргонь? – пажартаваў юнак.

І тут адзін старэнькі адмірал адгукнуўся:

- Калі будзеце добра сябе паводзіць – пойдзеце ў эстрадны матроскі ансамбль “Хваля”. Праз паўгода там мабілізуецца танцор, зойміце яго месца, а пакуль пабудзеце на Чырвонай горцы.

У характарыстыцы хлопца пазначылі, што ён быў танцорам у ансамблі Агінскага. Адмірал прачытаў гэта, ацаніў знешні выгляд навабранца – і вызначыў далейшую ваенную і творчую кар’еру смаргонца.

“Праз паўгода я сапраўды аказаўся ў Ленінградзе, у матроскім клубе, - успаміны зноў вярнулі майго суразмоўца ў армейскае жыццё. – Мяне там цудоўна сустрэлі. У ансамблі “Хваля” 18 чалавек: у тым ліку тры танцоры, два спевакі, артыст цырку… Усе – метр восемдзесят сантыметраў ростам”.

луж8.jpg

Танец – жыццё

Пасля арміі Міхаіл вырашыў застацца “на брегах Невы”, паступіў у Ленінградскі інстытут культуры і мастацтва на рэжысёрска-балетмайстаркі факультэт. “Я зразумеў, што больш хачу тварыць – ставіць танцы, а не танцаваць. Хаця мяне запрашалі ў “Бярозку” (Дзяржаўны акадэмічны харэаграфічны ансамбль, які быў створаны ў 1948 годзе і існуе дагэтуль – аўт. ).

луж7.jpg

IMG_7548.JPG

У інстытуце я атрымаў цудоўную адукацыю. Сярод маіх педагогаў – Барыс Якаўлевіч Брэгвадзэ, Аляксандр Рыгоравіч Ліўшыц – салісты Ленінградскага тэатра оперы і балета імя Кірава (пазней – Марыінскага). Выдатныя асобы і выканаўцы. Калі вучыўся, увесь час працаваў. А пасля заканчэння інстытута размеркаваўся ў Ленінградскі Палац піянераў, што на Неўскім праспекце – у былым Царскім Палацы. Там займаліся 14 тысяч дзяцей. Я стаў працаваць у ансамблі песні і танца імя Ісака Восіпавіча Дунаеўскага. Літаральна паўгода прабыў там педагогам, а потым – галоўным  балетмайстрам, узначаліў балетную групу (500 чалавек – дзеці ад 6 да 17 гадоў). З калектывам мы шмат дзе пабывалі. Фінляндыя, Швецыя, Кітай, Японія, ЗША, Балгарыя, Югаславія, Літва, Латвія, Масква, Мінск, лагер “Артэк”… Выконвалі танцы народаў свету”.

Трыццаць гадоў адпрацаваў Міхаіл Лужынскі галоўным балетмайстрам ансамбля. На свой паўвекавы юбілей, у 1998 годзе, атрымаў званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі”.

Быў арганізатарам і мастацкім кіраўніком Міжнароднага фестывалю дзіцячых харэаграфічных калектываў “Неўская радуга”, узначальваў журы Міжнароднага фестывалю дзіцячых харэаграфічных калектываў “Салют талентаў” і іншых. Здымаўся ў эпізадычных ролях у кінафільмах “Дазнаўца”, “Неўскі-2”, “Ліцейны”, “Развітанне з Пецярбургам”, фільме-балеце “Ганна на шыі”.

Сярод важкіх узнагарод нашага героя – памятны знак Сената Кангрэса ЗША, сярэбраны знак Пашаны грамадства “Фінляндыя – Расія”, юбілейны медаль да 30-годдзя Санкт- Пецярбурга.

Дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, пайшоў на адпачынак, але праз тры гады ўзнавіў сваю творчую дзейнасць. Вікторыя Вітальеўна, жонка Міхаіла Пятровіча, папрасіла паставіць спектакль у гімназіі №261, дзе яна працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры.  Адмовіць жонцы нельга. Выступленне юных артыстаў аказалася бліскучым. Пасля гэтага дырэктар гімназіі прапанавала Міхаілу Пятровічу работу. “Сем гадоў я там быў мастацкім кіраўніком – і гэтым летам сказаў сабе: “Хопіць”. 50 гадоў на працы! Трэба адпачываць”, - зазначае мой субяседнік.

лужинский.jpg

Горад, дзе “энергетычна” прапісаны

луж 3.jpg

луж 6.jpg

луж5.jpg

лужинская 4.jpg

Шэсць гадоў Міхаіл не быў у Смаргоні. Хваляваўся, чакаў чарговай сустрэчы… Сябрам, да якіх ехаў у госці, падрыхтаваў адметныя сувеніры – значкі, на якіх – выявы Меднага вершніка і смаргонскага мядзведзя, год заснавання Санкт-Пецярбурга (1703) і першае ўпамінанне пра Смаргонь (1503), знізу – аўтарскі подпіс (М. Лужынскі). Такі падарунак застанецца і ў газеце “Светлы шлях”. Міхаілу Пятровічу нас прадставіў  смаргонскі скульптар Уладзімір Церабун.

лужинский 2.jpg

- З Валодзем мы дружым з юнацтва. Нас пазнаёміла Надзея Салаўёва – мая партнёрша па танцах у ансамблі Агінскага, - адзначыў суразмоўца. – Мне падабаецца сустракацца з сябрам, весці размовы пра мастацтва. Я прашу, каб ён размаўляў са мной па-беларуску. Для мяне гэта важна. Маю просьбу ён з задавальненнем выконвае з пэўнай асалодай.

За тыя дні, якія я прабыў у Смаргоні, шмат хадзіў пехатой, любаваўся мясцовым хараством.  Наведаў могілкі родных, аднакласнікаў і Настаўніка (так і напішыце – з вялікай літары) – Аляксандра Дзяругі. Аляксандр Анісімавіч для ўсіх нас – танцораў, музыкаў, спартсменаў… Для ўсіх дзяцей горада быў Настаўнікам. Калі ён ішоў па вуліцы, адразу адчувалася – ідзе Асоба. Надзвычайны чалавек – пакінуў такую вялікую памяць пра сябе ў сэрцы кожнага з нас.

Пабываў і каля свайго дома. Пастаяў, пасумаваў, паўспамінаў былое. Пасля смерці маці хату я прадаў, каб не развалілася. Цяпер не ведаю, хто там жыве. Нейкія новыя гаспадары.

Дарэчы, у Смаргоні я жыў у Шыдлоўскіх, Таццяна – мая аднакласніца, з мужам мяне гасцінна прыняла, у Раі Фіцьковай пабываў на дачы і з іншымі сябрамі юнацтва сустрэўся.

…На працягу ўсяго жыцця я прачынаюся кожную раніцу з думай пра Смаргонь. Як мае аднакласнікі, сябры? Як там усе?.. Кожны дзень (а сплю я вельмі мала) падымаюся, саджуся і ўспамінаю. Вуліцы і твары, твары, твары.

Смаргонь цяпер такой прыгожай стала. Прыемныя ўражанні – ад бульвара (вуліцы Савецкай), які адрамантавалі да свята ўраджаю. Алея шырокая, я павольна іду – і любуюся наваколлем. Люблю архітэктуру Смаргоні. Касцёл Міхаіла Арханёла, новая царква… Эстрада цудоўная – рака, павільён… А помнікі, што ўстаноўлены ў горадз… - да большасці з іх прыклаў руку мой сябар, мне гэта ўтрая прыемна. Радуюся за яго поспехі.

Валодзя мне правёў экскурсію на Мемарыяльным комплексе памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны. Паўтары гадзіны мы там прабылі, экскурсавод з яго атрымаўся надзвычай душэўны.

Прайшоўся па магазінах, пабываў у двух рэстаранах – спадабалася, цудоўная атмасфера і абслугоўванне прыемнае, смачная кухня. Я ад’язджаю са Смаргоні з выдатнымі ўражаннямі. І з прыемным адчуваннем ад таго, што зрабіў важную справу. Хочаце ведаць якую? 

- Так. Спадзяюся, Вы раскажаце…

- У спадчыну мама пакінула мне Біблію ў скураным пераплёце. Кнігу выдалі ў 1935 годзе ў Кракаве. Сорак гадоў Біблія праляжала ў мяне ў Пецярбургу. Сёлета я прывёз і перадаў яе ксяндзу Здзіславу. Ён так узрадаваўся падарунку! А мне так лёгка і прыемна стала ад таго, што і я нешта зрабіў добрае для Смаргоні.

лужинский 10.jpg


Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Міхаіла ЛУЖЫНСКАГА.