Формула даўгалецця. Сто гадоў адзначае Ядвіга Мацаль

 

Формула даўгалецця. Сто гадоў адзначае Ядвіга Мацаль

Общество
06.12.2021
2719
Сцежка жыцця гэтай жанчыны павярнула на другое стагоддзе. Песні “Сто гадоў”, “Сто лят” многія людзі атрымліваюць у якасці падарунка, але мала ў каго гэтыя пажаданні спраўджваюцца. У Ядвігі Мацаль – спраўдзіліся.
Павіншаваць са стагадовым юбілеем Ядвігу Феліксаўну прыехалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Зоя Крачкоўская, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ірына Галдыцкая і дырэктар УТЦСОН “Цёплы дом” Марына Нікалайчык.

IMG_7957.JPG

IMG_7963.JPG

IMG_7978.JPG

Толькі мазалём і потам

“Па дакументах у мамы дзень нараджэння 6 снежня. А яна ўсё жыццё адзначае яго на Пакроў Святой Багародзіцы. Сцвярджае, што нарадзілася менавіта 14 кастрычніка, а запісалі пазней амаль на два месяцы”, - кажа  Леакадзія Іванаўна, дачка 100-гадовай юбіляркі.

Апошнія тры месяцы Ядвіга Феліксаўна жыве ў кватэры ў мікрараёне Усходні. А дагэтуль жыла ў сваёй роднай вёсцы Дуды, што на Валожыншчыне.

У восем гадоў яна засталася сіратой. Маці адна гадавала дзяўчынку. Сям’я мела  добры кавалак зямлі, а мужчынскіх рук не ставала. Ядвізе і шаснаццаці гадоў не споўнілася, як да яе пасватаўся хлопец (старэйшы на дванаццаць гадоў). І яна пайшла замуж. У доме, нарэшце, з’явіўся сапраўдны гаспадар. З мужам Ядвіга Феліксаўна пражыла паўстагоддзя.

“Ісці ў жыццё спрадвечным шляхам можна толькі з мазалём і потам”, - гэту ісціну Ядвіга засвоіла з ранніх гадоў, а пасля перадала ў спадчыну сваім дзецям і ўнукам.

IMG_8005.JPG

“Маці працавала ў калгасе спачатку звеннявой, яна нават удзельнічала ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі, дзе атрымала медаль ВДНГ. А на пенсію пайшла, адпрацаваўшы працяглы час на ферме, - зазначае дачка юбіляркі. - Дома бацькі трымалі вялікую гаспадарку. І мы, усе тры дочкі (са Смаргоні, Маладзечна і Мінска), сем’ямі, кожныя выхадныя ездзілі ў Дуды дапамагаць па гаспадарцы”. Але не толькі праца аб’ядноўвала сем’і. І адпачынак таксама. Пасля працоўнага дня за сталом збіралася вялікая, дружная кампанія.

Багаты духоўны набытак

І жыхары вёскі паміж сабой былі вельмі дружнымі. На вяселле, акрамя “сваіх” гасцей, таксама запрашаліся ўсе “дудаўцы”. Леакадзія Іванаўна прыпомніла сваё вяселле. Калі маладыя пасля роспісу разам с часткай гасцей вярнуліся дадому, то за стол іх адразу не пасадзілі: чакалі пакуль вяскоўцы пакормяць-падояць жывёлу і прыйдуць віншаваць жаніха і нявесту.

Дуды – невялікія, усяго 23 хаты. І ўсе “дудаўцы” разам адзначалі Вялікдзень, Першамай, іншыя святы. Збіраліся звычайна ў кагосьці ў садзе, прыносілі прысмакі, рассцілалі посцілкі, елі, танцавалі, спявалі. Вельмі галасістая была вёска.

 “І бацькі мае добра спявалі. Мама і цяпер час ад часу зацягвае песню, усміхаецца - дачка Ядвігі Феліксаўны. – А яшчэ яна была цудоўнай рукадзельніцай. Вязала прыгожыя кофты і шкарпэткі, вышывала крыжыкам. Дома шмат рэчаў вышытых засталося, сярод іх ручнікі і нават абраз. Увесь мамін набытак у вёсцы захоўваецца. Для нас ён – вялікая каштоўнасць”.

IMG_7967.JPG

Выпрабаванні на трываласць

Безумоўна, нам вельмі хацелася выведаць формулу даўгалецця нашай гераіні. Ядвіга Феліксаўна адказала: “Жыві і працуй – і, калі Бог дасць, дажывеш да ста гадоў”. Сапраўды ніякіх асаблівых сакрэтаў ні ў харчаванні, ні ў ладзе жыцця юбіляркі мы не даведаліся. Акрамя аднаго: нарадзі дзіця ў сорак гадоў – і будзе вечна маладым. Менавіта ў такім узросце  Ядвіга Феліксаўна стала мамай у трэці раз.

Жыццё Ядвігі Мацаль – пастаянныя выпрабаванні на трываласць. Адправіла мужа на вайну, а сама ледзь выжыла пасля таго, як немцы сталі бамбіць іх вёску. “Я бегла праз поле, а з нямецкага самалёта па мне страляў немец, я скіравалася ў бок лесу, і там, пад хвоямі, схавалася”, - дзеліцца Ядвіга Феліксаўна горкімі ўспамінамі пра ваеннае ліхалецце, якія пранесла праз гады. 

А зусім нядаўна жанчыну спасцігла “чума ХХІ стагоддзя” – каранавірус. Трапіла ў Валожынскую бальніцу разам з другой дачкой. Ляжалі ў адной палаце. Вытрымала хваробу, а на папраўку пайшла яшчэ раней за дачку.

IMG_7984.JPG

Відаць, даўжыню чалавечага шляху на гэтай зямлі вызначае толькі Усявышні. І не варта шукаць іншых сакрэтаў. А той, каму Бог дае доўгае жыццё, і ёсць чалавек, які вельмі патрэбны ў гэтым свеце. З юбілеем, Ядвіга Феліксаўна!

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: