Культуру – у масы: як павышаўся культурны ўзровень жыхароў Смаргоншчыны

 

Культуру – у масы: як павышаўся культурны ўзровень жыхароў Смаргоншчыны

Культура
18.05.2024
355

Якія б часы не былі, але беларусы жылі не толькі хлебам адзіным. Увесь час яны імкнкуліся сябе духоўна ўзбагаціць, павесяліцца, патанцаваць, а песня наогул прысутнічала ва ўсе моманты іх жыцця, бо, як вядома, яна “і будаваць, і жыць дапамагае”. У гэтым матэрыяле мы пастараемся расказаць, як за апошнія 80 гадоў у Смаргонскім раёне развівалася сфера культуры.

Вытокі народныя

Пажылыя людзі ўспамінаюць, што на Смаргоншчыне ў 1950-х гадах у кожнай вёсцы было шмат моладзі, для якой вясковыя танцы былі любімай забавай. У населеных пунктах, дзе не было клуба, моладзь збіралася ў хатах дзяўчат (па чарзе), а хлопцы наймалі музыкаў-самавучак. На танцах гучалі гармонік, цымбалы, скрыпка, бубен, дудачка альбо пішчык.  Нярэдка музычныя інструменты былі самаробныя.

Былая загадчыца аддзела культуры райвыканкама Соф’я Лазар успамінае: “У пасляваенны час у Данюшаве, дзе я нарадзілася, культурным асяродкам быў храм. У касцёле быў арган, вяскоўцы з добрымі галасамі спявалі ў хоры. Часта пасля Святой Імшы людзі збіраліся разам, танцавалі, весяліліся, ладзілі калядныя, велікодныя і іншыя святкаванні. Прафесійных рэжысёраў на той час не было. Хто ладзіў імпрэзы? Самі людзі!

Такія абрады, як вяселлі і хрэсьбіны, наш зямляк, заслужаны дзеяч культуры БССР Аляксандр Шыдлоўскі называў операй, якую ставіў народ. 

А яшчэ ў нас у вёсцы была хата-чытальня. Мы неверагодна любілі чытаць, таму бегалі туды часта за кнігамі. Ніякіх мерапрыемстваў у хатах-чытальнях не праводзілася, у адрозненні ад сучасных бібліятэк”.

У 1950-х гадах на дзяржаўным узроўні пачало развівацца самадзейнае мастацтва,  будаваліся новыя клубы. У гэты час у раёне налічвалася 12 сельскіх клубаў і 4 сельскія Дамы культуры (у Войстаме, Залессі, Крэве і Солах). Пачалі праводзіцца раённыя агляды мастацкай самадзейнасці, якія станавіліся сапраўднымі святамі мастацтва. З 1949 года пры Шутавіцкім ДК быў створаны фальклорны калектыў, які неўзабаве стаў насіць званне “народны”.

Важнае месца ў сетцы культурна-асветніцкіх устаноў займалі бібліятэкі. У 1952 годзе адкрыліся бібліятэкі ў Расле, Лашанах, Шутавічах, а таксама ў Кушлянах, у доме-музеі Францішка Багушэвіча. А ў 1958 годзе ў раёне налічвалася 15 бібліятэк і больш за 20 хатаў-чытальняў з агульным кніжным фондам 41,5 тысячы экзэмпляраў.

У Смаргоні культурнае жыццё вірліла адразу пасля вайны. Пры РДК дзейнічалі харавы і танцавальны калектывы. Няўрымслівы “смаргонскі Макаранка” Аляксандр Дзяруга, заслужаны дзеяч культуры БССР, у 1948 годзе на базе ансамбля народных інструментаў стварыў цымбальны аркестр. У склад яго спачатку ўвайшлі мясцовыя самабытныя музыкі і смаргонскія падлеткі, якіх Аляксандр Анісімавіч вучыў іграць на інструментах (музычнай школы тады ў Смаргоні яшчэ не было, яе адкрылі ў 1958 годзе). Аркестр вельмі хутка стаў папулярным, шмат выступаў з канцэртамі, прымаў удзел ў тэле- і радыёперадачах і аднойчы быў узнагароджаны паездкай у дзіцячы лагер “Артэк”.

Летам 1953 года аб’ядналі аддзелы культурна-асветніцкіх устаноў і кінафікацыі ў аддзел культуры райвыканкама. У гэты час у раёне ўжо быў гарадскі кінатэатр і 12 кінаўстановак (калгасныя стацыянары і кінаперасоўкі). А ў 1965 годзе ў раёне працавала ўжо 36 клубаў, 55 бібліятэк і 45 кінаўстановак.

Цымбальны аркестр і ансамбль песні і танца імя Агінскага – візітоўка Смаргоні

IMG_7505.JPG

“У 1960-х гадах свята песні і працы, якое праходзіла на беразе Віліі, было, бадай, самым любімым і чаканым для жыхароў Смаргоншчыны. З усіх куткоў раёна збіраліся на беразе ракі людзі, каб паўдзельнічаць у імпрэзе. Хто на грузавіках, хто на конях, хто пехатой рухаліся ў бок Перавесся, дзе была ўстаноўлена сцэна. На яе выходзілі самадзейныя артысты з кожнага калгаса, з устаноў горада. Апафеозам свята было выступленне зводнага хору, які часам налічваў да тысячы чалавек. Дырыжыраваў хорам Аляксандр Дзяруга”, - успамінае Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

1964 год быў пазначаны дзвюма падзеямі: цымбальны аркестр атрымаў званне “народны”, а танцавальныя і харавыя гурткі Дома культуры аб’ядналіся ў ансамбль песні і танца, якому праз год было прысвоена імя Міхала Клеафаса Агінскага. Малады ансамбль хутка набраў папулярнасць, шмат гастраляваў, смаргонскія артысты пабывалі з канцэртамі ў Літве і Эстоніі,  Польшчы і ГДР, Чэхаславакіі і Расійскай Федэрацыі. Ужо ў 1966 годзе калектыў атрымаў званне “народны”. Менавіта ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў сферы культуры пачалі з’яўляцца дыпламаваныя спецыялісты.

10.jpg

13.jpg

Былы дырэктар Смаргонскага гістарычнага музея Марыя Майсевіч у адным з артыкулаў узгадвае, што 1970-я гады сталі найбольш значныя ў развіцці культурнай сферы рэспублікі. У Смаргонскім раёне толькі ў 1975 годзе для сельскіх устаноў культуры было набыта 11 тэлевізараў, 26 магнітафонаў, 6 піяніна, 3 баяны, 2 радыёвузлы, камплект інструментаў  для духавога аркестра  калгаса “Запаветы Леніна”.

У 1976 годзе з’явіліся ў раёне новыя калектывы: хор завода аптычнага станкабудавання і фальклорны ансамбль “Валэйчанка”. У 1983 – тэатр лялек “Батлейка” (пры Залескім ДК).  Пазней гэтым калектывам было прысвоена званне “народны”. У 1980 годзе на Смаргоншчыне дзейнічалі 48 клубаў, 52 бібліятэкі і 53 кінаўстаноўкі. У 1984 годзе  гасцінна адчыніў дзверы Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей.

IMG_6817.JPG

IMG_6800.JPG

Менавіта ў 1980-х у буйных вёсках – Залессе, Жодзішкі, Крэва, Сінькі, Солы – з’явіліся дзіцячыя сельскія музычныя школы. У 1989 годзе ў Смаргоні пачаў працаваць дзіцячы танцавальны ансамбль “Мішутка”. У пачатку 1990-х у Смаргонскім раёне культурная сфера налічвала больш за 140 культработнікаў.

Захаванне і адраджэнне нацыянальных традыцый, святаў і абрадаў, пераемнасць пакаленняў носьбітаў і стваральнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры – кірункі  развіцця, якія адзначылі для сябе культработнікі ў 1990-х гадах. Пры раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры быў створаны тэатр гульні “Завадатар”, у аснову праграм якога былі пакладзены традыцыйныя гульні, характэрныя для рэгіёна. Ва ўстановах культуры працавала 14 фальклорных калектываў, у 1995 годзе ў дзіцячай школе мастацтваў быў створаны дзіцячы ансамбль народнай музыкі “Гулянок”.  

У новым стагоддзі

“Жамчужына Смаргоні” – раённы Цэнтр культуры – установа з багатай гісторыяй. Яна пачала свой шлях як Дом афіцэраў у 1965 годзе. У сакавіку 2015 года шляхам рэарганізацыі раённага Дома культуры, раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і сельскіх дамоў культуры быў створаны цэнтр, у склад якога ўваходзяць 11 структурных падраздзяленняў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Гэта Дамы культуры ў Сіньках, Жодзішках, Вішневе, Залессі, Солах, Крэве, Бялкоўшчыне, сельскія клубы ў Войстаме, Лешчанятах, Лылойцях і раённы цэнтр рамёстваў ў Залессі. З гадамі па прычыне таго, што колькасць вясковага насельніцтва зменшылася, у раёне пачала скарачацца колькасць культурных устаноў. Клубы і бібліятэкі ў невялікіх вёсках зачыніліся, таму пачалі развівацца  новыя формы работы з насельніцтвам: цяпер кнігі ў аддаленыя вёскі дастаўляе бібліёбус (у зоне абслугоўвання - 42 населеныя пункты), а мерапрыемствы ладзяць работнікі аддзела нестацыянарнага абслугоўвання і кінавідэаабслугоўвання насельніцтва РЦК.

3.jpg

2.jpg

Творчы твар раёна ствараюць брэндавыя мерапрыемствы, якія асабліва палюбілі людзі. Сярод іх – фестываль-кірмаш “Смаргонскія абаранкі”, абласны фестываль “Кераміка Крэва”, рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, а таксама   этнасвята “Купалле” ў Залессі, “Свята Сонца, Зямлі і Вады” ў Вішневе, “Жодзішкаўскі карагод”, рэгіянальны фестываль інструментальнай музыкі “Іграю, як знаю, скачу, як хачу” “Жодзішкаўскі карагод”. 

IMG_0927.JPG

IMG_1187.JPG

“Дзейнасць устаноў культуры накіравана на захаванне, развіццё і прапаганду лепшых дасягненняў самадзейнай народнай творчасці, арганізацыю вольнага часу насельніцтва, на задавальненне культурных запытаў розных груп насельніцтва, аказанне і развіццё платных паслуг. РЦК - гэта “адзіны арганізм”, які дынамічна развіваецца, выкарыстоўвае ў сваёй працы сучасныя тэхналогіі, дзейнічае ў цесным супрацоўніцтве з усімі ўстановамі раёна, - адзначыла Таццяна Ражэва, начальнік аддзела культуры райвыканкама. – Мы можам пахваліцца, што пры цэнтры працуюць 10 калектываў, якія носяць званне “народны” і адзін дзіцячы – са званнем “узорны”.

IMG_0534А.jpg

4.jpg

Бібліятэкі па-ранейшаму застаюцца цікавымі для чытачоў любога ўзросту, бо асвоілі новыя формы работы. Тут нярэдка ладзяцца прэзентацыі кніг, сустрэчы з творчымі людзьмі, забаўляльныя мерапрыемствы. Кніжны фонд бібліятэк налічвае амаль 284 тысячы бібліятэчных дакументаў, у асноўным гэта кнігі і брашуры. Штогод кніжны фонд значна папаўняецца навінкамі. Усе бібліятэкі маюць выхад у інтэрнэт. Ва ўстановах працуюць 5 публічных цэнтраў прававой інфармацыі. У бібліятэках таксама дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні літаратурнай, экалагічнай, тэатральнай накіраванасці. Дарэчы, сёлета 55 гадоў споўніцца першай гарадской бібліятэцы, 70 – дзіцячай, 80 гадоў – раённай, таму тут запланаваны ўрачыстасці, якія будуць прымеркаваны да юбілейных дат”.

IMG_0833.JPG

IMG_0903.JPG

У дзіцячых школах мастацтваў (у Смаргоні, Солах і Жодзішках) налічваецца больш за 900 навучэнцаў. Працуюць выязныя музычныя класы ў Сіньках, Залессі, Крэве, Вішневе. У Смаргонскай дзіцячай школе мастацтваў – 8 дзіцячых калектываў са званнем “узорны” і 4 дарослыя – са званнем “народны”.

Таццяна Мар’янаўна  таксама адзначыла, што асаблівая ўвага ў раёне надаецца захаванню, аднаўленню і рэстаўрацыі знакавых гісторыка-культурных аб’ектаў. Сёлета завяршылася будаўніцтва мемарыяла па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну.

14.jpg

Сюды актыўна прыязджаюць турысты, каб пазнаёміцца са старонкамі ваеннай гісторыі. Як птушка Фенікс з попелу паўстае Крэўскі замак. Актыўнымі тэмпамі ідуць работы па завяршальным першую чаргу будаўніцтва 4 пускавому комплексу-кансервацыі паўднёва-ўсходняй сцяны. Літаральна праз год усе чатыры сцены замка будуць адноўлены. Але ўжо цяпер паток турыстаў сюды значна вырас.

Адноўлены музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, які адчыніў свае дзверы дзесяць гадоў таму, выклікае асаблівую цікавасць мясцовых жыхароў і турыстаў. У гэтым месяцы пасля глабальнай рэстаўрацыі з рэканструкцыяй тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё яшчэ аднаго гістарычнага аб’екта – былога будынка стайні.  

Спіс нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей раёна налічвае 21 помнік архітэктуры, 13 помнікаў археалогіі і 3 помнікі гісторыі. Статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці нададзены элементу “Музычна-інструментальная традыцыя (Смаргонскі найгрышы) Смаргонскага раёна”.

отдых 2.jpg

На ніве культуры працуе 348 чалавек, 241 з іх – кіраўнікі і спецыялісты. Кожны год прыходзяць маладыя спецыялісты. Змяняюцца метады і формы работы з насельніцтвам. Нязменным застаецца тое, што культура прываблівае апантаных, творчых, таленавітых людзей, якія дапамагаюць духоўна ўзбагаціцца кожнаму з нас.

Галіна АНТОНОВА

Фота аўтара і з архіва смаргонцаў

Статьи по теме: