Слоўцы шчодрыя мае…

 

Слоўцы шчодрыя мае…

Внештатные корреспонденты
21.02.2023
320

1.jpg


21 лютага – пяшчотны і дарагі дзень для мяне. Душа з самага ранку пачынае спяваць, а інтэлект цягнецца да томіка любімага Уладзіміра Караткевіча.

Міжнародны дзень роднай мовы – адно з самых багатых і шаноўных святаў. Сёння ў свеце мы налічваем больш за шэсць тысяч моў, але, на жаль, палова з іх ужо пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання знікаючых моў і быў абвешчаны дзень роднай мовы.

Варта хоць у такі дзень загаварыць на матчынай мове, узгадаць пра яе, успомніць. У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх каля 80% называюць сябе беларусамі, а прыкладна 50% роднай мовай лічаць беларускую. Калі хоць частка з іх пачне размаўляць па-беларуску, значыць, не ўсё яшчэ страчана. Аднак,  адзін дзень  адчуць сябе  сапраўднымі беларусамі, пагадзіцеся, мала….

Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова - жыве народ, жыве памяць продкаў. Няма мовы - няма народа, няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці.

Нельга забываць, што беларуская мова была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся законы, вяліся суды, адбываліся соймы. Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, а ў 1517-м годзе ў Празе доктар лекарскіх навук Францішак  Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску - першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

А сучаснае свята – любае ды гаваркое – узнікла дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак. А ў нас што ні вёсачка, то свая мова. У ХХІ стагоддзі надзвычай прэстыжна валодаць замежнымі мовамі. А роднай? Мяне, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, не можа не радаваць, што мова  стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, у інтэрнэт-прасторы. Мова стала элітарнай: на ёй размаўляюць высокаадукаваныя людзі, літаратары, мастакі, дзеячы навукі, культуры. Гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёй карыстацца. І гэта не дзіўна: нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Несумненна, дзень мовы падштурхоўвае нас задумацца пра месца матчынай мовы ў нашым жыцці, пра яе захаванне і перадачу наступным пакаленням. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі для таго, каб мова была прызнаная роўнай сярод іншых моў свету. Будзем жа ­разам з тымі, хто думае пра будучыню мовы! Давайце размаўляць па-беларуску, бо заўтра родная мова нам, нашым дзеткам і ўнукам стане неабходнай. І не трэба напачатку высакароднай справы саромецца пакуль яшчэ ­недасканалай гаворкі…

Сябры! Не адварочвайцеся, а прыміце мову: яе месца ў тваёй Айчыне, Бацькаўшчыне, Радзіме. Нашы продкі перадалі нам ­цудадзейную спадчыну.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.







Подписывайтесь на наш Telegram-канал: https://t.me/SvetlyShliah  , чтобы не пропустить самые актуальные новости!