«Убачыш каня – пакланіся!»


Все новости


«Убачыш каня – пакланіся!»

У час напісання запамі-нальнага выразу Расул Гамзатаў рабіў акцэнт на слова «пакланіся». У наш час таксама актуальным становіцца і першая частка вершаванага радка «Убачыш каня», бо сёння ўжо рэдка можна пабачыць каня, ­запрэжанага ў колы, амаль усюды яго замяніла тэхніка. Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, за апошнюю чвэрць стагоддзя іх колькасць у краіне скарацілася больш чым у 5 разоў. На пачатак 2024 года ў Беларусі было каля 20 тысяч коней, у тым ліку 9 тысяч жывёл налічвалася ў сельскагаспадарчых арганізацыях, крыху больш за 11 тысяч – у фермерскіх і прыватных гаспадарках. Амаль такая ж колькасць коней (20755 галоў) налічвалася ў 1931 годзе толькі на тэрыторыі Ашмянскага павета, куды ўваходзіла і частка Смаргонскага раёна.

1.jpg

Прыведзенае параўнанне з узгаданым паветам не выпадковае, бо працяглы час не толькі тут, але далёка за яго межамі мясцовага каня ведалі як «ашмянец», названага па раёне паходжання. І менавіта гэты конь стаў папярэднікам і адыграў галоўную ролю ў фарміраванні беларускай запражной – адной з найбольш маладых парод коней, якая была выведзена на постсавецкай прасторы. Афіцыйнае прызнанне беларуская запражная атрымала ў 2000 ­годзе.

Развядзенне коней у нашым краі вяртае нас да часоў Вялікага Княства Літоўскага. Як тут не ўзгадаць Мураваную Ашмянку? У гэтым радавым маёнтку жыў К. Дарагастайскі, аўтар першага ў Рэчы Паспалітай дапаможніка па конегадоўлі пад назвай  «Гіпіка, або Кніга пра коней», якая была выда­дзена ў 1603 годзе. Станаўленне каня праходзіла на працягу доўгага часу, але асабліва інтэнсіўна селекцыя коней пачалася ў 19 стагоддзі. У пачатку пазамінулага стагоддзя граф Караль Пшаздзецкі пачаў разводзіць у сваім маёнтку Смаргонь, а потым і ў Войстаме, пародзістых коней, для якіх пабудаваў манеж.

Галоўным рухавіком развіцця конегадоўлі ў той час належыць конскім заводам і стайням мясцовых буйных землеўладальнікаў. Па стане на 1878 год конскія заводы існавалі ў Навасёлках Гутэн-Чапскага, Дакурнішках – Жылінскага, Даўкшышках – Лашкевіча, Беніцы – Швыйкоўскага. Найбольшым заводам па селекцыі коней у той год з’яўлялася стайня ў Данюшаве, якая належала двараніну Еўстафію Чарноўскаму. Тут утрымліваліся 4 жарабцы арабскай і 19 кабыл першаронскай парод. Мясцовыя жыхары, якія мелі кабыл, таксама маглі карыстацца вытворцамі з гэтага завода. З палепшаных коней пачала фарміравацца новая папуляцыя, якая адрознівалася павышанай працаздольнасцю.

Свайго росквіту конегадоўля «ашмянца»  дасягнула пасля Першай сусветнай вайны, у міжваенны перыяд. У гэты час яна развівалася дзякуючы спадчыннаму запалу мясцовых людзей і эканамічным выгодам, якія даваў продаж папулярнага тыпу тутэйшага каня ў войска. Коней трымалі як заможныя гаспадары, так і малазямельныя сяляне, якія мелі 3 – 6 гектараў пашы. Вяскоўцы пры гадаванні «кандыдата да войска»  выкарыстоўвалі яго на лёгкіх работах у полі. Селянін ад продажу каня вайсковай камісіі атрымліваў каля тысячы злотых, за іх купляў 2 – 3 гектары зямлі і станавіўся поўнавартасным гаспадаром. У тагачасных рэаліях улічвалася і тое, што дзяўчыну, якая мела магчымасць атрымаць каня ў пасаг, ахвотна заўважалі сваты. А гаспадара, які меў добрага каня ці некалькі коней, быў добра вядомы на тэрыторыі некалькіх гмінаў. Прыносіла карысць гадаванне коней і тым маладым хлопцам, якія потым праходзілі службу ў конных аддзелах войска.

3.jpg

Для паляпшэння якасці прыплоду з канца 1920-х гадоў у дзяржаўныя пункты капуляцыі імпартаваліся жарабцы паўночна-шведскай расы, вядомыя як «шведы». Сярод іх вылучаліся жарабцы Альсінг, Холм-Тор ІІ, Медстуг Блэкен. У камбінацыі з мясцовай кабылай «шведы» далі сапраўды выдатнае патомства. Газеты і радыё спецыяльна падкрэслівалі, што ўвесь Ашмянскі павет стаў галоўным асяродкам гадоўлі сярэднецяжкага цяглавага каня. На думку экспертаў, гэта быў моцны, спрытны і дасканала складзены конь, які лічыўся найлепшым у Еўропе тыпам артылерыйскага каня.

Станоўчы ўплыў жарабцоў са Швецыі на патомства пацвердзілі Краёвыя выставы коней ў Любліне, куды ў 1937 – 1939 гадах накіроўваліся элітныя коні з нашых мясцін. Як паказалі вынікі аглядаў, шмат прызоў заваёўвалі не толькі коні пасля арыгінальных шведаў, але і патомства пасля іх сыноў. Некалькі з гэтых жарабцоў далі сапраўды выдатнае патомства. Альсінг стаў бацькам шэрагу добрых ліцэнзаваных жарабцоў, такіх як Атаман, Алмаз, Арыстон, Альфрэд, Ас... Другі, Медстуг Блэкен, стаў бацькам выдатнага Кавальчука, ад якога было два кані ў Любліне, і шмат ліцэнзаваных жарабцоў у палявых умовах. У тым ліку жарабец Карабін, які дасягнуў найвышэйшай цаны пры субсідаванай куплі жарабцоў у 1938 годзе. Медстуг Блэкен таксама стаў бацькам Аспіда, аднаго з лепшых жарабцоў гэтай крыві, набытага ў 1938 годзе для дзяржаўных конных заводаў. Нарэшце, Холм-Тор II быў прадстаўлены ў Любліне чатырма сваімі ўнукамі, бацькамі якіх былі жарабцы Гамлет, Барон і Гетман, і ад яго было шмат ліцэнзаваных жарабцоў. Многія з іх былі прададзеныя па субсідыях, такія як: Орлік, Віхер, Геліёс, Гомер, Ігар, Яскіер і многія іншыя.

У 1937 годзе медалі, дыпломы і грашовыя ўзнагароды за сваіх гадаванцаў атрымалі 4 гаспадары, у 1938 годзе – 6 гаспадароў, а ў 1939 годзе – 11 гаспадароў са Смаргоні, Сукневіч, Солаў, Войстама і іншых мясцін Смаргоншчыны.

Куплялі коней для войска на мясцовых кірмашах некалькі разоў на год. Гаспадары ад продажу мелі добры прыбытак. У 1936 ­годзе рэмантовыя камісіі (камісіі па набыцці коней для войска) выплацілі мясцовым гаспадарам 700 тысяч злотых, даволі значныя грошы на той час. Прыязджалі на конскія таргі вайсковыя камісіі румынскай, грэчаскай, нямецкай, французскай, балгарскай і латышскай армій, якія таксама ўдзельнічалі ў закупках селекцыйных і пародзістых ашмянскіх коней. Тутэйшыя кірмашы прыцягвалі да сябе большую ўвагу з той нагоды, што вялікі выбар даваў тут лепшую магчымасць купіць добрых жывёл як для цяглавай працы, так і для працы на зямлі.

Конегадоўля патрабавала даволі вялікіх высілкаў і ведаў, таму ў 1930 годзе ў павеце намаганнямі графа Францішка Чапскага ствараецца кола конегадоўцаў. У 1936 годзе яно налічвала 357 сяброў, большую частку якіх складалі дробныя землеўласнікі. Аб’яднанне становіцца пасрэднікам паміж гаспадаром каня і рэмантовай камісіяй пры продажы, займаецца прапагандай рацыянальных і сучасных падыходаў у выхаванні і гадаванні коней сярод земляробаў. Сябры кола дапамагаюць камісіям выдачу пасведчання ідэнтычнасці каня (па-іншаму – пашпарта каня). У дакуменце пазначаліся звесткі пра ўладальніка жывёлы і месца яго жыхарства, апісанне каня (пол, масць, рост, узрост і асаблівыя адзнакі), вынікі ветэрынарнага агляду, заключэнне рэмантовай камісіі аб прыдатнасці каня да вайсковай службы. Даволі цікава даведацца, што ў пашпарце каня знаходзілася старонка, дзе ставілі пазнаку падчас вывазу яго за мяжу.

4.jpg

Пасля Другой сусветнай вайны ў 1950 годзе калгасныя стайні Смаргонскага раёна сталі месцам нараджэння жарабцоў Орліка І і Запаветнага І. Гэтыя коні заснавалі дзве лініі патомства, якое ў далейшым захоўвала і развівала каштоўныя асаблівасці беларускай запражной. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

P. S. Публікацыю прысвячаю светлай памяці майго цесця ­Вацлава Дмухоўскага (1928 – 2007). Сваю мару – мець у сваёй уласнай гаспадарцы каня – ён рэалізаваў на пачатку 21 стагоддзя. У мясцовым Мур-Ашмянкоўскім калгасе цесць абмяняў старэнькі пікапчык маркі «Масквіч» на каня, даўшы новаму сябру імя Швэд. Толькі цяпер, праз гады пошукаў і знаходак, я зразумеў, чаму менавіта такую назву ён выбраў для гадаванца. Вацлаў Іванавіч добра памятаў час сваёй маладосці і разумеў усе перавагі наяўнасці ў гаспадарцы каня. Не аднойчы ён распавядаў пра коней міжваеннага перыяду, а гэта былі сыны і ўнукі Альсінга, Медстуга Блэкена, Холм-Тора… Вось чаму такую клічку атрымаў яго новы ­фаварыт.

Сённяшняя машынная цывілізацыя зрабіла чалавека больш свабодным у многіх справах, але крок за крокам, быццам «галопам», страчваецца  сувязь з тымі памочнікамі, якія тысячагоддзямі дапамагалі людзям і былі найбліжэйшымі сябрамі чалавека. Такая хада гісторыі. Але агортвае сум, калі верныя памочнікі сыходзяць. Таму толькі наша памяць перадае тую мінуўшчыну, якая ўжо больш не вернецца і не паўторыцца.

Уладзімір ПРЫХАЧ

09.11.2025

Возврат к списку