«Беларускае золата» не ржавее


Все новости


«Беларускае золата» не ржавее

IMG_0262.JPG

IMG_0258.JPG

Гэта карціна з саломкі да Дар’і Уладзіміраўны перайшла ад бабулі, якая нарадзілася ў 1881 годзе і ўвесь час жыла ў вёсцы Хадакі. “А ёй гэта рэч дасталася ці то ад мамы, ці то ад бабулі – дакладна не ведаю. Але магу сцвярджаць, што рабоце – не менш за 120 гадоў. Вісела яна пастаянна ў бабулінай хаце ў Хадаках, у вялікім пакоі”, - зазначае Дар’я Уладзіміраўна.

Вырабы з “беларускага золата” – саломкі, загадкавым чынам вабяць і кранаюць за жывое. А калі рэч створана рукамі майстрыхі больш за сотню гадоў таму, то наогул цяжка расказаць пра свае пачуцці, калі разглядаеш такую работу.

Выключная роля хлеба ў жыцці чалавека вызначалася з даўніх часоў. Людзі цанілі не толькі колас, але і салому. Менавіта ў мастацкай саломкі выявіліся творчыя магчымасці беларускіх майстроў.

Дэкарыраванне розных рэчаў саламянымі ўзорамі вядома многім людзям. Існуе меркаванне, што гэты від мастацтва бярэ сваё паходжанне ад інтарсіі – аздабленне мэблі і іншых вырабаў з дрэва ўрэзанымі ці наклеенымі ўзорамі з дробных кавалачкаў дрэва, косці, металу ці  перламутру. Беларускія майстры замест каштоўных і рэдкіх матэрыялаў ужывалі танную, але дастаткова прыгожую саломку, ад якой быў не горшы мастацкі эфект. Такім чынам упрыгожваліся драўляныя куфэркі, аклады для абразоў, велікодныя яйкі, дзіцячыя цацкі і нават ствараліся цэлыя карціны. Простыя па форме і канструкцыі прадметы, арнаментаваныя ўзорамі геаметрычнага ці расліннага характару, набывалі мастацкую выразнасць.  

У Дар’і Ручыцы засталася яшчэ адна работа – вышываны дыванок. “Льняное палатно бабуля ткала сама. А пасля вышыла на ёй лебедзяў, возера, траву, дрэвы… - расказвае наша суразмоўца. - Нават калі людзі жылі вельмі бедна, імкнуліся ствараць прыгажосць вакол сябе. Гэты дыванок увесь час, колькі сябе помню, вісеў каля бабулінага ложка, і я любіла разглядаць тое, што на ім вышыта”.

IMG_0264.JPG

Слухаючы аповед Дар’і Уладзіміраўны, прыпомніліся словы: “І саграваць могуць рэчы”. Калі глядзіш на сямейны скарб Дар’і Ручыцы, пачынаеш разумець значэнне гэтага сцвярджэння.

Мы ўпэўнены: у кожнай сям’і ёсць рэч, якая асабліва дарагая сэрцу. Яна тоіць у сабе асаблівую энергетыку, цікавую гісторыю. То чаму б не расказаць пра іх? Мы звяртаемся да чытачоў газеты “Светлы шлях”: далучайцеся! Званіце па тэлефоне 3-84-19, пішыце (г. Смаргонь, вул. Савецкая, 29, рэдакцыя газеты “Светлы шлях” ці па электроннай пошце smorgon.gazeta@shliah.by ). Расказвайце пра тыя неверагодныя рэчы (гэта могуць быць не толькі прадметы быту, але і фотаздымкі, дакументы і шмат чаго іншага), якія захоўваюцца ў вас дома ці на дачы. Мы гатовы прыехаць да вас, запісаць вашу гісторыю, сфатаграфаваць сямейную рэліквію. 

Наш новы праект “Сямейны скарб” – гэта аповед пра культурную спадчыну, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.  Спадзяёмся, ён будзе цікавы для шырокага кола чытачоў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.


05.04.2022

Возврат к списку