1 лістапада – Дзень усіх святых. Магіла католіка: што варта ведаць?

 

1 лістапада – Дзень усіх святых. Магіла католіка: што варта ведаць?

Виолетта ВОЙТКО
01.11.2023
1275
1 лістапада католікі святкуюць Дзень усіх святых. А 2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў. Увесь месяц, а гэтыя дні асабліва – час, калі мы молімся за памерлых са сваёй сям’і, наведваем могілкі, наводзім там парадак. Вельмі добрай традыцыяй стала прыходзіць не толькі на магілы родных і знаёмых, але і на пакінутыя, забытыя. Туды таксама прыносяць кветкі, запальваюць свечкі, чытаюць малітвы. Дарэчы, на Смаргоншчыне напярэдадні 1 лістапада на могілкі ходзяць не толькі католікі, але і праваслаўныя, гэтак жа, як напярэдадні Радаўніцы.

Тэма смерці і пахавання ахутана таямніцамі і павер’ямі. Ужо мала хто памятае і разумее, што з абрадаў прадыктавана хрысціянскімі канонамі, а што з’яўляецца элементамі народнай “творчасці”. Пра тое, як павінна выглядаць магіла памерлага католіка і што касцёлам строга забаронена, расказаў нашай газеце пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ксёндз Артур Ляшнеўскі.

Па-першае, на магіле хрысціяніна павінен быць крыж. Панна Марыя, анёлы могуць быць дапаўненнем. Але наверсе помніка, ці на самім магільным камні змяшчаецца менавіта крыж - знак нашага вызвалення і веры ва Уваскрашэнне Хрыста. Нельга вешаць на яго вянкі , стужкі, ручнікі. “Дарэчы, калі пахавальны крыж мяняюць на помнік, нельга выкідаць яго на сметніцу, - расказвае ксёндз пробашч. – Папрасіце, каб змясцілі яго пад фундамент помніка. Выкінуць крыж – святатацтва, смяротны грэх”. Калі гаварыць пра помнік, то словы “памятаем, любім, смуткуем” – не самае лепшае, што можна там змясціць. Паводле каталіцкай традыцыі на помніку выбіваюць цытаты са Свяшчэннага Пісання або просьбу аб малітве за душу памерлага. Крыж ці помнік з крыжам католікі ставяць у галаве памерлага.

“На могілкі мы павінны прыносіць жывыя кветкі, - падкрэсліў ксёндз Артур. -  Падчас пахавання праводзіцца абрад іх асвячэння. Можна асвяціць, напрыклад, і напярэдадні Дня ўсіх святых, а потым аднесці на магілы”. Не асвячаюцца пластыкавыя вянкі і букеты. Многія людзі лічаць іх больш зручнымі і даўгавечнымі для могілак, але вельмі хутка тэрмін іх “прыгажосці” выходзіць – і пластык адпраўляецца на сметніцу. Для асвячанай рэчы гэта недапушчальна. Ну і дбаць аб стане навакольнага асяроддзя і экалогіі (а пластыкавыя кветкі не прыдатныя да перапрацоўкі і вельмі забруджваюць глебу і ваду) - задача кожнага хрысціяніна.

На могілках мы традыцыйна запальваем свечы і лампады з жывым агнём. Не тое каб забараняліся лампады на батарэйках, але ў каталіцкім касцёле свяча – гэта сімвал памяці і святла вечнага. Іх таксама асвячаюць малітвай падчас пахавальнай літургіі.

Забараняецца пакідаць на магіле ежу, цацкі ці чарку з алкаголем. Гэта супярэчыць нашай веры ў вечнае жыццё. Прыносячы на магілу ці кладучы ў гроб такія прадметы (а яшчэ грошы, асабістыя рэчы памерлага, упрыгожанні), мы падразумяваем, што блізкія сярод нас, на зямлі, а не з Богам у вечнасці.

Але гэта ўсё сімвалы. Самае галоўнае, што патрэбна памерлым ад жывых – гэта малітва. У дні, калі чалавек адышоў у вечнасць, у Дзень усіх святых і на працягу ўсяго лістапада католікі прыносяць у касцёл запіскі з імёнамі памерлых. Але абмежавацца гэтым нельга. Трэба менавіта прысутнічаць і ўдзельнічаць у Святой Імшы (гэта значыць, прыступіць да споведзі і прыняць Святую Камунію). Памінальны стол у католікаў – гэта, перш за ўсё малітва. Ніякія прыгатаваныя стравы не маюць значэння, ужыванне алкаголю на памінках строга забаронена. Толькі малітва і ўспаміны аб тых, каго няма з намі.


2Z3A9103.JPG

2Z3A9105.JPG

2Z3A9106.JPG

Помнік у выглядзе дрэва з абрубленымі галінамі азначае што памёр апошні чалавек з роду.JPG

Помнік у выглядзе дрэва з абрубленымі галінамі азначае, што памёр апошні чалавек з роду.

2Z3A9107.JPG

2Z3A9109.JPG

2Z3A9110.JPG

2Z3A9111.JPG

2Z3A9112.JPG

2Z3A9113.JPG

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях