Звоняць званы ў касцёле Святога Міхала Арханёла

 

Звоняць званы ў касцёле Святога Міхала Арханёла

Татьяна ЛЫСКОВА
15.09.2023
922
Многія смаргонцы заўважылі, што з нядаўняга часу штодзённа некалькі разоў на дзень у касцёле Святога Міхала Арханёла звоняць званы. Яны адбіваюць розныя мелодыі, якія чуваць здалёк.

IMG_0216.JPG

Як расказаў пробашч парафіі Артур Ляшнеўскі, у жніўні ў касцёле была ўсталявана новая сістэма званоў. У храме яна з’явілася дзякуючы ахвярам вернікаў. Звон падключаны да магнітных матораў, і цяпер ён б’е аўтаматычна, без дапамогі чалавека.

- У касцёл вярнулася шматвекавая традыцыя курантаў. Спецыяльны молат адбівае кожную гадзіну з 7.00 да 22.00. Акрамя гэтага, каб адрадзіць каталіцкую традыцыю біцця званоў на малітву “Анёл Панскі” тройчы ў дзень (у 8.50, 12.00 і 21.00), званамі выбіваецца мелодыя розных хрысціянскіх гімнаў, прысвечаных Багародзіцы і святым. Іх гук раніцай, апоўдні і ў вечары напамінае католікам аб патрэбе маліцца аб супакоі і Божым благаслаўленні ў нашым горадзе і краіне.

Трэба зазначыць, што традыцыя выбівання званамі мелодый існавала ў нашым касцёле аж да закрыцця святыні царскімі ўладамі. Званы для гэтай місіі былі падараваныя касцёлу Пшаздзецкімі. Таксама ў 15.00 тройчы званы выбіваюць словы малітвы “Святы Божа, святы моцны”, каб у гадзіну смерці Хрыста мы ўзбудзілі ў нашых сэрцах жаль за грахі і пакаянне, - расказаў ­ксёндз Артур.

Звон – не проста прыгожая традыцыя. Ён запрашае парафіян на Эўхарыстыю. Звычайна біццё пачынаецца за паўгадзіны да святой Імшы. У нашым касцёле ў будні на Імшу кліча адзін звон, а ў нядзелю гучыць шматгалосны перазвон. Акрамя таго, званы гучаць падчас працэсій, спявання гімну “Хвала на вышынях”, у Вялікі Чацвер і Вялікую Суботу, каб нагадаць пра веліч набажэнства. Званы - вестуны ­надзеі, яны дапамагаюць нам духоўна абудзіцца і ісці следам за Хрыстом.

Новая сістэма званоў – каштоўны падарунак ад парафіян. Але, на жаль, не ўсе людзі здольныя на ахвярнасць, ці хаця б прыстойныя паводзіны. Нядаўна невядомыя разбілі фігуру Маці Божай Балеснай, якая знаходзілася пад місійным крыжам ля касцёла. І гэта не ­адзіны прыклад святатацкіх паводзін. З касцельных скарбонак нехта ўкраў грошы, якія збіраліся на патрэбы парафіі. Пошук злачынцаў – справа міліцыі. А ў касцёле моляцца аб невяртанні для гэтых людзей.

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях



Статьи по теме: