Званне “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна” – знак падзякі і ўдзячнасці

 

Званне “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна” – знак падзякі і ўдзячнасці

Галина АНТОНОВА
17.06.2023
1951
У біяграфіях выбітных асобаў, якія звязаны са Смаргоншчынай, можна сустрэць пазнаку: “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна”. Гэта ўладальнік асаблівай узнагароды, якую прысуджае кіраўнічы орган Смаргонскага раёна.
Такое званне маюць людзі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё сельскагаспадарчай, прамысловай, культурнай, адукацыйна-выхаваўчай сферы Смаргоншчыны. Прысуджэнне звання “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна” – выражэнне падзякі і ўдзячнасці гэтым выбітным асобам.

Дагэтуль такое званне мелі: старшыня калгаса імя Калініна Пётр Кукарэка, настаўніца Тамара Ватаева, самадзейная мастачка Лілія Трохалева, кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, музыкант, педагог, фатограф Аляксандр Дзяруга, харавы дырыжор Уладзімір Роўда, Герой сацыялістычнай працы, загадчык вытворчага ўчастка “Сыраваткі” калгаса “Светлы шлях” Эдвард Рожка, паэт Мар’ян Дукса, перакладчык, публіцыст, дыпламат

Уладзімір Шчасны, скульптар і мастак Уладзімір Церабун, музыкант і кампазітар Аляксандр Лях, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар вытворчага аб’яднання “Смаргоньсілікатабетон” Таццяна Голубева.

Да 520-годдзя Смаргоні прынята рашэнне прысудзіць званне “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна” яшчэ пяці чалавекам, якія сваёй працай аддана служылі і служаць на карысць нашага рэгіёна. Напярэдадні свята мы сабралі інфармацыю пра герояў ўрачыстасці і адрасавалі ім пытанне: “Што для Вас Смаргоншчына? Якое месца яна
займае ў Вашым жыцці?”.

радевич.jpg

Аляксандр РАДЗЕВІЧ, генеральны дырэктар ААТ “Мінскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова”

“Больш за 40 гадоў майго жыцця былі звязаны са Смаргонню – тут я  правёў дзяцінства і юнацтва, на заводзе аптычнага станкабудавання прайшоў шлях ад інжынера да генеральнага дырэктара. Смаргонская зямля сфарміравала мяне як асобу. Менавіта ў гуртку радыётэхнікаў, што працаваў у Доме піянераў, нарадзілася мая прафесійная мара.

Я смаргонец па духу. Тут жылі мае продкі, тут мае карані, тут бацькоўскі дом, дзе  часта бываю. Смаргонь – месца, дзе адпачываю душой.

Сувязі, як службовыя, так і асабістыя, са Смаргонню я не згубіў. Нават больш скажу: я дагэтуль адчуваю сябе ў часовым ад’ездзе і ведаю, што абавязкова вярнуся жыць у родны край”.

Нарадзіўся Аляксандр Радзевіч у 1957 годзе на Смаргоншчыне, у вёсцы Пагарэльшчына. Скончыў СШ №3 г. Смаргоні і Мінскі радыётэхнічны інстытут.

43-гадовы працоўны шлях Аляксандра Міхайлавіча звязаны з прамысловасцю. Пасля ВНУ ён два гады адпрацаваў на заводзе “Інтэграл” у Мінску, потым вярнуўся ў Смаргонь. 21 год прысвяціў рабоце на заводзе аптычнага станкабудавання, свой працоўны шлях на прадпрыемстве пачынаў на пасадзе інжынера-электроніка. Пазней з тэхнічнага спецыяліста перакваліфікаваўся ў эканамічнага – узначаліў фінансава-разліковы цэнтр, потым быў прызначаны намеснікам дырэктара па эканоміцы. У 1998 годзе стаў генеральным дырэктарам ААТ “СЗАС”.

“Смаргонскі завод для мяне – школа жыцця, тут я атрымаў прафесійнае развіццё, - зазначае Аляксандр Міхайлавіч. – У 1981 годзе прыйшоў сюды маладым інжынерам. На маіх вачах ЗАС яшчэ прадаўжаў актыўна будавацца, уводзіліся новыя магутнасці. У савецкі час завод быў маскоўскага падпарадкавання, уваходзіў у склад Міністэрства абароннай прамысловасці.

Распад Савецкага Саюза не лепшым чынам адлюстраваўся на эканамічным стане прадпрыемства. Вытворчыя сувязі разарваліся, на тэрыторыі былога
СССР страціліся рынкі збыту, гэта прывяло да зацяжнога крызісу. У 1994 годзе
не было выраблена ніводнага з заказаў плана 1993 года. Стала пытанне хуткага асваення новай прадукцыі, але не ўсё атрымлівалася. У 1998 годзе мне прапанавалі ўзначаліць завод. Атрымалася стварыць каманду, здольную вырашаць задачы па аднаўленні работы прадпрыемства. Рост аб’ёму вытворчасці за першыя тры гады, калі я працаваў дырэктарам, павялічыўся амаль у 9 разоў”.

Усе сілы былі накіраваны на глыбокае вывучэнне кан’юнктуры рынку і абнаўленне выпускаемай прадукцыі, на пошук унутраных рэзерваў вытворчасці, удасканаленне кіравання фінансавымі і матэрыяльнымі рэсурсамі, на строгі рэжым эканоміі, умацаванне працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Была зроблена стаўка на стварэнне спецыялізаваных вытворчасцей: помпавую, доследна-эксперыментальную, люстраную, механічную, швейную. Засваенне і вытворчасць агрэгатаў для ачысткі і рамонту нафтавых і газавых свідравін, а затым і вытворчасць машын РАНТ значна павялічыла колькасць працоўных месцаў на прадпрыемстве. Адначасова з павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі пачалі больш паспяхова вырашацца сацыяльныя пытанні.

У 2002 годзе Аляксандр Міхайлавіч стаў намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, потым генеральным дырэктарам ААТ “Гродна Азот”, Міністрам прамысловасці Рэспублікі Беларусь. З 2011 года узначальвае холдынг МЭТЗ імя В. І. Казлова”, у склад якога ўваходзіць ААТ “Смаргонскі завод аптычнага станкабудавання”.

Сярод важкіх узнагародаў Аляксандра Радзевіча – медаль “За працоўныя заслугі”, якую ён атрымаў у 2021 годзе.


 Гой Мечислав.jpg

Мечыслаў Гой, былы старшыня Смаргонскага райвыканкама.

Мечыслаў Гой нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Шлавянцы Воранаўскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працоўную дзейнасць пачаў на Воранаўшчыне, спачатку быў галоўным інжынерам калгаса імя Леніна, пасля – старшынёй СВК “Агра-правожа”. У 2004 годзе прызначаны старшынёй Смаргонскага райвыканкама.

“Калі мне прапанавалі ўзначаліць Смаргонскі раён, я не ведаў пра яго практычна нічога. Бываў толькі на агрэгатным заводзе. Першае ўражанне пасля знаёмства з рэгіёнам – край багаты на гістарычныя падзеі, асобы і, безумоўна, аб’екты, - успамінае Мечыслаў Браніслававіч. – А калі акунуўся ў вытворчае і эканамічнае жыццё Смаргоншчыны, зразумеў, што неабходна стымуляваць наймальнікаў, якія ствараюць новыя працоўныя месцы: аказваць ім фінансавую, інфармацыйную падтрымку, забяспечваць неабходнымі кваліфікаванымі кадрамі. Важна было захаваць і дзеючыя працоўныя месцы, кадравы склад прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый горада.

Неўзабаве ў Смаргонь прыйшлі сур’ёзныя інвестары, якія адкрылі два буйныя прадпрыемствы: ЗТАА “Кранаспан” і ААТ “Белаагратэрмінал”, пачало працаваць новае швейнае прадпрыемства “Карункі”. І прыкладна гадоў дзесяць таму мы сталі распрацоўваць з інвестарам пытанне будаўніцтва завода па перапрацоўцы бавоўны. На існуючых прадпрыемствах Смаргоншчыны  асвойвалі новыя тэхналогіі, новыя віды прадукцыі”.

За кароткі час удалося дабіцца добрых поспехаў у сферы сельскай гаспадаркі. Шмат было зроблена па тэхнічным перааснашчэнні, з’явілася магутная тэхніка: “Лексіёны”, “Джон Дзіры”, “Ліды” і “КЗСы”, а таксама сучасныя сушыльныя комплексы
КЗСВ-30 і новыя жывёлагадоўчыя комплексы.  Па жывёлагадоўлі і раслінаводстве Смаргонскі раён з аўтсайдараў перайшоў у лідары. Два гады запар – у 2008 і 2009 – стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва сярод раёнаў Гродзенскай вобласці на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Дзесяць чалавек са Смаргоншчыны падняліся на сцэну за ўзнагародамі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2009”.

Варта прыпомніць, што з сярэдзіны 2000-х гадоў на Смаргоншчыне пачалі з’яўляцца аграгарадкі з адпаведнай інфраструктурай.

Смаргонскі раён быў занесены на Рэспубліканскую Дошку гонару ў 2005, 2006 і 2007 гадах – за дасягненне найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, у 2013 – за дасягненне найлепшых паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў, а ў 2014 – за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод раёнаў.

Адпрацаваўшы і пражыўшы тут 10 гадоў,  магу сцвярджаць, што Смаргоншчына – гэта мая другая радзіма. Воранаўшчына – месца майго нараджэння і сталення, а Смаргоншчына дала старт у кар’еры кіраўніка дзяржслужбы, тут я набіраўся кіраўнічага вопыту, які мне вельмі спатрэбіўся ў далейшым прафесійным жыцці.

 З цеплынёй успамінаю лю­дзей, з якімі давялося працаваць на Смаргоншчыне, - цудоўных, працавітых, сумленных, з чыстай душой. Хачу адзначыць іх галоўную рысу: з задавальненнем ісці на работу, з асалодай вяртацца дадому. Прыемна асэнсоўваць, што цяперашняя раённая ўлада па-ранейшаму трымае высокую планку ў развіцці рэгіёна, якую паставілі папярэднікі.

Калі Мечыслаў Браніслававіч займаў пасаду старшыні райвыканкама, было зроблена нямала добрых спраў і па захаванні гістарычнай спадчыны. У 2014 годзе адбыліся дзве важныя культурныя па­дзеі: 1 жніўня ў Смаргоні ўрачыста адкрылі мемарыяльны комплекс памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны, а 25 жніўня – расчыніў свае дзверы пасля грандыёзнай рэканструкцыі музей-
сядзіба імя Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

11 жніўня 2014 года Мечыслаў Гой быў прызначаны старшынёй Гро­дзенскага гарвыканкама, на гэтай пасадзе ён адпрацаваў амаль дзевяць гадоў.

Сярод важкіх узнагарод Мечыслава Браніслававіча – медаль “За працоўныя заслугі”, які ён атрымаў у 2009 годзе.

З радасцю еду ў Смаргонь. Тут жывуць і працуюць двое маіх сыноў з нявесткамі, тут нарадзіліся ўнук і тры ўнучкі – маё прадаўжэнне і мая радасць.


 IMG_8195.JPG

Анатолій Рэзановіч, благачынны Смаргонскай акругі, настаяцель прыхода храма Праабражэння Гасподня г. Смаргоні

Смаргоншчына займае важнае месца ў маім жыцці. Без перабольшання тут  адбылося станаўленне мяне як асобы. Гэта месца дало мне вопыт усебаковы. Давялося паў­дзельнічаць і ў будаўніцтве, і ва ўзнаўленні храмаў. Займець зносіны не толькі з вернікамі, але і  прадстаўнікамі мясцовай улады, з педагогамі і вучнямі ўстаноў адукацыі, ваеннаслужачымі (я ўжо шмат гадоў акармляю прадстаўнікоў вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічнай службы), з людзьмі практычна ўсіх прафесійных сфер. Таму я мару, каб жыццё смаргонцаў было заўсёды з Богам, з царквой, каб яны пацвярджалі сваю веру найперш добрымі справамі і ўчынкамі.

Нарадзіўся айцец Анатолій ў 1969 годзе ў вёсцы Рубель Столінскага раёна. Скончыў Жыровіцкую духоўную семінарыю і Ужгарадскую Багаслоўскую акадэмію.

Шлях богаслужэння Анатолія Рэзановіча ў якасці дыякана пачаўся на Навагруд­чыне. Пасля таго, як ён быў рукапаложаны ў святары, айца Анатолія перавялі ў Іўеўскі раён, у вёску Вялікія Князікоўцы, настаяцелем царквы Пакрова Святой Багародзіцы. Там святару давялося ўзнаўляць храм і, па бласлаўленні Уладыкі, даручана было арганізаваць
праваслаўную абшчыну і будаўніцтва храма ў Іўі. 

Дваццаць восем гадоў таму айцец Анатолій з сям’ёй прыехаў на Смаргоншчыну. За гэты час святар зрабіў нямала добрых спраў на ніве сацыяльнай і духоўна-асветніцкай дзейнасці, маральнага выхавання насельніцтва, захавання і развіцця традыцый праваслаўя ў нашым раёне.

Дванаццаць гадоў айцец Анатолій служыў у Міхневічах, у Свята-Пакроўскай царкве – адным з самых старажытных храмаў Смаргоншчыны. У 2008 – быў прызначаны настаяцелем прыхода храма Праабражэння Гасподня ў Смаргоні. Адной з галоўных задач для святара была – завяршыць будаўніцтва храма, які ўзво­дзіўся на працягу дваццаці гадоў. З пастаўленай задачай айцец Анатолій справіўся: да Дня беларускага пісьменства, які адзначаўся ў нашым горадзе ў 2009 годзе,
Спаса-Праабражэнская царква была поўнасцю пабудавана і асвечана.

 Акрамя гэтага нямала намаганняў праваслаўны святар прыклаў, каб аднавіць храм Святога Духа ў Сукневічах і вярнуць вернікам цудатворны вобраз іконы Маці Божай Сукневіцкай, пра месцазнаходжанне якой пэўны час было невядома. Пазней яе знайшлі ў адным з храмаў на Міншчыне, у Дамашанах, неўзабаве яна была перада­дзена ў Сукневіцкую царкву.

Важнай падзеяй для смаргонцаў стала асвячэнне храма-капліцы каля смаргонскай бальніцы. Менавіта пад кіраўніцтвам айца Анатолія праводзілася будаўніцтва святыні.

Сярод узнагарод святара – грамата Патрыяршага Экзарха “За руплівую працу падчас будаўніцтва храма”, медаль “Прападобны Елісей Лаўрышэўскі”, ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага II ступені, юбілейныя медалі ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

“Кожны са святароў, у тым ліку і я, будзе несці адказнасць перад Богам за прыхаджан, - кажа айцец Анатолій. - Безумоўна, мяне радуе, калі ў храме шмат дзяцей, бо яны – наша будучыня, калі людзі ўцаркаўляюцца, сваё жыццё будуюць згодна з Божымі запаведзямі, з’яўляюцца прамяністай зоркай,  прыкладам веры ў Хрыста для іншых. А клопат святара найперш  – прывесці людзей да выратавання, да вернасці з Богам”.


Градицкая.jpg

Людміла ГРАДЗІЦКАЯ, дырэктар музея-сядзібы М. К. Агінскага

Нарадзілася Людміла Градзіцкая ў 1958 годзе ў вёсцы Вётхава Смаргонскага раёна. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута працавала урачом-стаматолагам ва ўстановах аховы здароўя, пасля – галоўным урачом санаторыя-прафілакторыя “Залессе” і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, быце і кадрах ААТ “Смаргоньсілікатабетон”. У чэрвені 2014 года стала дырэктарам музея-сядзібы М. К. Агінскага. Менавіта ў гэты час тут праходзіла грандыёзная работа па ўзнаўленні сядзібы, якая ў верасні 2014 года адкрылася пасля рэканструкцыі.

З таго часу адноўлены музей-сядзіба жыве актыўным жыццём. Толькі за мінулы год гэты турыстычны аб’ект наведала амаль 48 тысяч чалавек. Супрацоўнікі музея правялі амаль тысячу экскурсій, у тым  ліку тэатралізаваных, 10 выстаў, зладзілі 37 мерапрыемстваў.

Людміла Уладзіміраўна – асоба творчая, валодае добрымі тэарэтычнымі ведамі ў музейнай справе, падрыхтавала шэраг цікавых экскурсій і лекцый па гісторыі роду Агінскіх, актыўна займаецца навукова-асветніцкай работай. Яна працуе па прыцягненні пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў для развіцця музея-сядзібы, надае вялікую ўвагу добраўпарадкаванню тэрыторыі сядзібы, развіццю аранжарэі палаца. Шмат зроблена за апошнія гады па аднаўленні гістарычнага парку сядзібы, рэканструкцыі з рэстаўрацыяй сажалкі і гідратэхнічных збудаванняў. Адноўлены кітайская альтанка і альтанка Амеліі, вядуцца работы па рэстаўрацыі будынка стайні і будаўніцтве паркоўкі.

Праца па паэтапнай рэстаўрацыі і ўвядзенні розных аб’ектаў сядзібы, а таксама прыцягненне спонсарскіх і донарскіх сродкаў дазволілі ўводзіць новыя віды паслуг для наведвальнікаў. Вырабілі гістарычныя касцюмы эпохі Агінскага – і сталі праводзіць тэатралізаваныя экскурсіі і мерапрыемствы. У летняй аранжарэі палаца адкрылася музейная кавярня, дзе можна замовіць каву і свежае печыва.  Набылі коней, поні, карэту, сані – і значна пашырылі колькасць паслуг, якія прапануюцца ў гістарычным парку.

Усяго за перыяд з 2011 па 2020 гады ў музеі-сядзібе імя М. К. Агінскага рэалізаваны 2 трансгранічныя  і 3 гуманітарныя праекты, агульны аб'ём прыцягнутых сродкаў склаў больш 308 тысяч еўра.

У 2017 годзе калектыў музей-сядзіба М.К. Агінскага, якім кіруе Людміла Градзіцкая, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за стварэнне і рэалізацыю праекта “Вяртанне паўночных Афінаў”. У нацыянальных форумах “Музеі Беларусі” ў намінацыі “За лепшую культурна-адукацыйную праграму” ўстанова культуры двойчы адзначана дыпломам III ступені. У 2019 і 2020 годзе па выніках рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” стала дыпламантам конкурсу ў намінацыі “Музеі і аб’екты забавы” і ўвайшла ў тройку лепшых музеяў Беларусі.

“Калектыў музея-сядзібы – гэта людзі, якія здольныя звянуць горы, - кажа Людміла Уладзіміраўна. – Наперадзе ў нас шмат планаў, якія абавязкова здзейсняцца”.

Людміла Градзіцкая – лаўрэат абласнога этапу рэспубліканскага конкурса “Жанчына года – 2018”, лаўрэат абласной прэміі Аляксандра Дубко “За высокія дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”, узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры “Беларусі”.

“Што значыць для Вас Смаргоншчына?”

Залессе – зямліца, бы ў спёку крыніца,

Такая салодкая, нібы вадзіца.

Анёлы Залесся  мой лес берагуць,

На крылах – да добрай сустрэчы нясуць.

Радзімы другой не шукала ніколі

І здрадзіць ніколі не думала ёй.

Душа мая вольная ў лузе, на полі,

Не трэба радзімай старонкі другой!

Пад небам – блакітныя рэкі, азёры,

Здаецца, я тут маладзею душой.

Дзе знойдзеш спакой ты ў іншай прасторы?

Не трэба радзімай старонкі другой!


Лукьяненко Ол.jpg

Вольга ЛУК’ЯНЕНКА, дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “АграСолы”

Нарадзілася Вольга Лук’яненка ў вёсцы Семянкі Смаргонскага раёна ў 1964 годзе. Скончыла Беларускую дзяржаўную ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага сцяга сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці “вучоны-аграном”.

Працоўную дзейнасць пачала на Смаргоншчыне ў 1987 годзе інжынерам-гідратэхнікам  у калгасе “Савецкая Беларусія”. Чатыры гады была вядучым аграномам ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання Смаргонскага райвыканкама. У 2004 годзе Вольгу Іванаўну абралі старшынёй праўлення сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Солы”, а ў 2017 пасля пераўтварэння яго ў камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства “АграСолы” прызначана дырэктарам.

Трэба адзначыць, што СВК “Солы” на той час было надзвычай слабай гаспадаркай. Вольга Іванаўна пасля ўспамінала, што спатрэбілася тры гады, каб толькі падцягнуць паказчыкі і ўбачыць бліжэйшыя перспектывы. Але далей справы пайшлі не па плану: да СВК “Солы” далучылі адсталую гаспадарку – СВК “Кушляны”. Плошчы абноўленага сельгаскааператыва павялічыліся ўдвая, замест чакаемага поспеху прыйшлі новыя даўгі. На той час кіраўніцтва думала не пра перспектыву, а пра тое, як забяспечыць штодзённы працэс, як тут і цяпер спрацаваць з максімальнай эфектыўнасцю, не выпусціць ні хвіліны часу і атрымаць найбольшую аддачу.

“Цяжкі пераломны год перажылі, “прыраслі” да новых сельгасугоддзяў, прывыклі да людзей і навучылі іх думаць па-новаму, ставіцца па-гаспадарску да сваёй справы. І гэта дало добры плён”, - зазначыла Вольга Іванаўна.

 Сёння КСУП “АграСолы” - лепшая гаспадарка раёна. Прадпрыемства ўвесь час дасягае высокіх фінансава-эканамічных вынікаў. Тут шмат удзяляецца ўвагі ўдасканаленню стылю і метадаў работы, вывучаецца і ўкараняецца ў вытворчасць новы і перадавы вопыт, умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база гаспадаркі. Асаблівая гордасць КСУП “АграСолы” – новыя малочнатаварныя комплексы “Вікторыя” і Солы”,  міні-завод па вытворчасці камбікорму.

“Сакрэт нашага поспеху – у згуртаванай камандзе, у адказнасці кожнага і нацэленасці на добры вынік, - зазначае кіраўнік гаспадаркі. - Мае дарагія землякі – нястомныя працаўнікі. Я веру ў сваю каманду, адчуваю яе падтрымку і цаню кожнага спецыяліста. Многія нашы мары ажыццявіліся, але кропку ставіць рана…”

КСУП “АграСолы” і яго работнікі неаднаразова ўзнагароджваліся на абласных “Дажынках” за дасягнутыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве. І сёлета сярод лепшых прадпрыемстваў, якія дасягнулі па выніках работы 2022 года высокіх вынікаў і занесены на абласную Дошку гонару, ёсць і КСУП “АграСолы”.

Вольга Іванаўна – лаўрэат прэміі “Чалавек Гродзеншчыны у вытворчай сферы за 2018 год”, узнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”, ёй прысвоена званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”.

“Што значыць для Вас Смаргоншчына?”

“Словы “зямля”, “ураджай”, “хлеб”, “праца” знаёмыя мне з дзяцінства. Мой тата, калі працаваў вадзіцелем, часта браў мяне на ўборку збожжа. Напэўна, тады, у далёкія 1970-я гады, нарадзілася ўва мне любоў да роднай зямлі, да роднага краю.

Смаргоншчына – гэта мая РАДЗІМА, мой шлях, маё шчасце, мая любоў, маладосць і сталасць, узлёты і падзенні, гора і радасць. Мая Смаргоншчына – гэта маё ўсё!

Галіна АНТОНАВА

Фото автора.