На варце правапарадку ў горадзе

 

На варце правапарадку ў горадзе

Происшествия и безопасность
29.09.2019
2082
Нарады патрульна-паставой службы міліцыі не толькі нясуць службу на вуліцах горада, сочаць за правапарадкам, але яшчэ ўдзельнічаюць у пошукавых мерапрыемствах.Міліцэйскія будні бываюць вельмі напружанымі. У падраздзяленні ППСМ – 19 супрацоўнікаў.

Наперадзе ў супрацоўнікаў ППСМ, як і іншых міліцыянераў, напружаныя дні: неўзабаве пачнецца перапіс насельніцтва, крыху пазней пройдуць выбары, а пасля іх – абласныя “Дажынкі”.

Сёлета 10 смаргонскіх міліцыянераў у складзе зводнага атрада міліцыі Гродзеншчыны паехалі ў Мінск на ахову грамадскага парадку падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў, дзяжурылі там на прапускных пунктах, зарэкамендавалі сябе вельмі добра. Сведчаннем таму – падзячныя пісьмы, якія атрымаў Смаргонскі райаддзел міліцыі.

Нарады ППСМ прыходзяць у райаддзел міліцыі за 15 мінут да пачатку заступлення на службу, атрымліваюць спецсродкі, персанальныя відэарэгістратары. Яны ёсць і ў аўтапатруля. Прычым у аўтамабілі ўстаноўлены стацыянарны відэарэгістратар.

IMG_4672.JPG

Памочнік камандзіра ўзвода ППСМ Віктар ШЧАСНЫ праводзіць інструктаж нарадаў 


Пасля гэтага патрульныя праходзяць медыцынскае асведчанне, атрымліваюць зброю і накіроўваюцца на інструктажныя заняткі. Там адпрацоўваюцца ўводныя задачы, прыёмы рукапашнага бою.

Падчас інструктажу міліцыянеры атрымліваюць арыенціроўкі на асоб, якія знаходзяцца ў вышуку, даводзіцца інфармацыя аб тым, каго трэба затрымаць, праверыць. Гучыць загад аб заступленні на службу, і нарады патрульна-паставой службы накіроўваюцца да маршрутаў патрулявання.

У выхадныя дні павялічваецца нагрузка. Многа наведвальнікаў у кафэ, рэстаранах, таму міліцыянеры сочаць за парадкам аж да іх закрыцця.

ППСМ кантактуе з іншымі падраздзяленнямі РАУС, пачынаючы ад інспекцыі па справах непаўналетніх і заканчваючы крымінальным вышукам. Апошнім часам у патрульных вельмі цесны кантакт з супрацоўнікамі крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У сувязі са з’яўленнем новага віду пакарання – “хіміі на даму”, прыходзіцца правяраць умоўна асуджаных, якія не былі накіраваны ў папраўчыя ўстановы. Раней судзімыя таксама знаходзяцца пад наглядам міліцыянераў. На сямейныя скандалы першымі прыбываюць патрульныя нарады. Іх выстаўляюць такім чынам, каб былі перакрыты ўсе маршруты. Іншым разам за змену нарад можа пабываць на 4 маршрутах.

На маршрутах патрулявання нарады ППСМ узаемадзейнічаюць з групамі затрымання гарадскога аддзела “Ахова”, якія таксама патрулююць горад. Калі супрацоўнікі аховы выбываюць па трывожнаму сігналу на месца здарэння, то міліцыянеры з ППСМ іх падстрахоўваюць. У выпадку неабходнасці ахоўнікі дапамагаюць патрульным. Памочнік камандзіра ўзвода патрульна-паставой службы старшы прапаршчык Віктар Шчасны назваў лепшых супрацоўнікаў гэтага падраздзялення. Імі з’яўляюцца камандзір аддзялення Валянцін Келбаснік, міліцыянеры-вадзіцелі Павел Янушкевіч, Сяргей Глебец, Іван Ляднёў, міліцыянеры ўзвода – Барыс Помінаў, Арцём Шчасны, Ігар Вінцэловіч. Як адзначыў Віктар Пятровіч, гэтыя супрацоўнікі сёлета былі задзейнічаны ў раскрыцці злачынстваў, выяўленні самагонных міні-“заводаў”, у пошукавых мерапрыемствах.

Так, Ігар Вінцэловіч нядаўна вельмі хутка знайшоў мужчыну, які прапаў без вестак. А напачатку гэтага года ён разам з Арцёмам Шчасным адшукалі жанчыну, якая знікла ў невядомым напрамку.

Узвод ППСМ папаўняецца маладымі супрацоўнікамі. Вось і сёлета сюды прыйшлі на службу 5 чалавек. У асноўным юнакі якія адслужылі тэрміновую вайсковую службу. Ёсць яшчэ некалькі вакантных пасад. Таму калі нехта з маладых і дужых жадае стаць ахоўнікам правапарадку, то неабходна звярнуцца ў райаддзел міліцыі.

Ягор КАРЫЦКІ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: