Дзяруга Аляксандр Анісімавіч

Виртуальная фотовыставка «Где родился, там и пригодился», посвященная 76-летию Гродненской области"
14.09.2020
79

Нарадзіўся 23 жніўня 1901 года ў Ракаве (па іншых звестках, у Мінску) у шматдзетнай сям'і. У дзяцінстве рана страціў маці. І хоць вельмі любіў музыку і ўсё, што з ёй звязана, прафесійнай музычнай адукацыі Аляксандр не атрымаў. Яму давялося шмат паездзіць. Жыў у Беластоку, Вільні, дзе ў 1922 скончыў беларускія настаўніцкія курсы. Некаторы час працаваў страхавым агентам. Магчыма, менавіта тады лёс звёў яго з віленскім адвакатам К.И.Капусцінскім, а пазней і з яго дачкой юнай прыгажуняй-гімназісткай Надзеяй, якую ў сям'і ласкава называлі Дзінай, (пазней яна стала жонкай Аляксандра Анісімавіча).
Сям'я Капусцінскіх была інтэлігентная, адукаваная. Сам Канстанцін Іванавіч скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага універсітэта, пісаў вершы, іграў на скрыпцы, захапляўся пчалярствам. Жонка яго, Ганна Ігнацьеўна,  паходзіла з духоўнай сям'і. Яе бацька І. Ігнатовіч, протаіерэй, быў настаяцелем царквы ў Залессі, а пазней служыў у Смаргонскай Спаса-Праабражэнскай царкве. У яго доме і пасяліліся маладыя, калі ў 1937 годзе прыехалі ў Смаргонь. Тут жа адбылося і вяселле, якую старажылы Смаргоні ўспамінаюць па гэты дзень. Ды і як не запомніць, як маладыя – ён  у чорным фрацы, яна ў доўгай белай сукенцы са шлейфам - ехалі ў калясцы, запрэжанай тройкай белых коней па дарозе, абсыпанай кветкамі. Вянчаў маладых у Спаса-Праабражэнскай царкве дзед нявесты-бацька Ігнат.
Увесь далейшы лёс Аляксандра Анісімавіча аказаўся звязаным са Смаргонню. Музыка стала яго прызваннем, яго любоўю і прапрафесіяй. Ён цудоўна  граў на гітары, мандаліне, балалайцы і цымбалах. Яшчэ ў Вільні лёс звёў яго з Рыгорам Шырмам і Генадзем Цітовічам. Яны разам хадзілі  і ездзілі па беларускіх весках, запісвалі народныя песні і мелодыі, якія пазней увайшлі ў рэпертуар многіх прафесійных і аматарскіх калектываў.
У гады вайны Дзяруга жыў у Смаргоні, удзельнічаў у партызанскім руху. Н.Михайлашаў ў кнізе "Бура гневу" цёпла ўспамінае смаргонскага падпольшчыка, фатографа Аляксандра Анісімавіча Дзяругу. Ён здолеў захаваць фатаграфіі і негатывы многіх супрацоўнікаў СД, жандармерыі і паліцыі, якія звярталіся да яго за здымкамі для дакументаў. Пасля вайны гэтыя здымкі дапамагалі чэкістам шукаць і выкрываць былых памагатых акупантаў.
Пасля вайны Аляксандр Анісімавіч некаторы час працуе загадчыкам раённага Дома культуры (1947 г.), кіруе харавым кружком, дзе тады займаліся каля 30 чалавек. Там жа ў 1947 годзе быў створаны інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам А.А. Дзяругі. Гэты ансамбль прымаў удзел у рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці ў Мінску. Яго прызналі адным з лепшых і ўзнагародзілі граматай. З 1948 года Аляксандр Анісімавіч  - мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры, а ў 1949 г. на базе інструментальнага ансамбля быў створаны цымбальны аркестр, якому ў 1963 годзе было прысвоена званне народнага.
Дзяруга кіраваў ім з дня яго заснавання  да самай сваёй смерці (з 1973 - Апановіч). Ансамбль пабываў на гастролях у многіх гарадах Літвы, Польшчы, Германіі, у Мінску, Маскве. За сваю дзейнасць А. А. Дзяруга быў неаднаразова ўзнагароджаны граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1959, 1960, 1963). А 1 чэрвеня 1960 г. яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Але гэтыя ўзнагароды не былі важнымі ў жыцці музыканта. Галоўнымі сталі тыя любоў і павага, якімі карыстаўся гэты чалавек у смаргонцаў. Да гэтага часу ўспамінаюць ужо дарослыя людзі, як у дзяцінстве ім пашчасціла пабываць у доме Аляксандра Анісімавіча і Надзеі Канстанцінаўны на навагодніх святах, якія арганізоўваліся для дзятвы з усёй вуліцы. У самым  вялікім пакоі дома, дзе стаяў раяль, ставілі ёлку, упрыгожаную цацкамі ... Надзея Канстанцінаўна рыхтавала для дзяцей няхітрыя сувеніры, прыдумывала гульні, гуляла на раялі. А дзеці спявалі песні, вадзілі карагоды, чыталі вершы. А яшчэ Дзяругі першымі на сваёй вуліцы купілі тэлевізар, і Аляксандр Анісімавіч заўсёды запрашаў суседскіх дзяцей у дом паглядзець мультфільмы. Пры доме быў вялікі сад, дзе заўсёды дазвалялася гуляць дзецям.
Было ў Аляксандра Анісімавача яшчэ адно захапленне -  фатаграфія. Яго можна было бачыць з фотаапаратам на гарадскіх святах, школьных выпускных, выставах. У альбомах многіх смаргонцаў можна ўбачыць гэтыя невялікія фатаграфіі, зробленыя Дзяругам. І ніколі ён не браў за іх ні капейкі. Быў Аляксандр Анісімавіч чалавекам неабыякавым, уважлівым, прыязным і вельмі любіў дзяцей. Яны гэта адчувалі і цягнуліся да яго ўсёй душой. Для Дзяругі не было неталенавітых дзяцей. У свой цымбальны аркестр ён прымаў усіх жадаючых, абы яны любілі музыку. Ён праводзіў  ўрокі спеваў, і арганізоўваў музычныя гурткі ў школах горада, арганізоўваў для дзяцей бясплатныя экскурсіі ў іншыя гарады.
На вуліцах Смаргоні часта можна было бачыць заўсёды кудысьці спяшаючага сівога чалавека з пацёртым жоўтым партфелем у руках і нязменным фотаапаратам. Ад яго ўважлівага позірку нічога не выпадала. А потым гэтыя яго назіранні знаходзілі адлюстраванне ў артыкулах, якія з'яўляліся на старонках раённай газеты.
Аўтар шэрагу апрацовак для цымбальнага аркестра, у т.л. народных песень беларускіх «Лянок» і польскіх «Трамблянка». Напісаў «Марш піянераў Смаргоні», вальс «Нарач», «Святочную» і іншыя. Зрабіў шмат запісаў беларускага песеннага і інструментальнага фальклору («У Марцінавым саду», «Залескія прыпеўкі», «Смаргонская полька»).
Памёр Аляксандр Анісімавіч 25 мая 1979 года на 78-м годзе жыцця. Пахаваны на старых могілках у Смаргоні. Ягоная любоў да музыкі перадалася ўсім яго дзецям - Мікалаю, Яўгену і Таццяне. Сыны, скончыўшы кансерваторыі, сталі прафесійнымі музыкамі. Мікалай - педагог, кампазітар, піяніст, а Яўген - таленавіты скрыпач, аб'ездзіў з канцэртамі ўсю Еўропу. Яны жывуць у Мінску. Дачка Таццяна, урач, жыве ў Вільні.
Ганаровы грамадзянін Смаргоні (1993). Яго імем названа вуліца ў Смаргоні. 


 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!