Трохалева Лілія Уладзіміраўн

Виртуальная фотовыставка «Где родился, там и пригодился», посвященная 76-летию Гродненской области"
14.09.2020
103

Лілію Уладзіміраўну Трохалеву добра ведаюць у нашым горадзе. Болей 40 гадоў яе жыцця былі звязаны са Смаргонню. Вуліцы горада яшчэ помняць жанчыну з палачкай, з добрымі і вельмі ўважлівымі вачыма. Гэта адна з самых вядомых самадзейных мастачак Беларусі. Лілія Уладзміраўна Трохалева часта выстаўлялася, пра яе шмат пісалі газеты, яе работы блізкія і любімыя людзьмі рознага ўзросту і прафесій.
У мастацтва Лілія Уладзіміраўна прыйшла незвычайна. Абстаноўка, якая акружала яе з дзяцінства, не магла не паўплываць на фарміраванне яе таленту, душы і светапогляду. Нарадзілася яна 17 жніўня 1925 г. у в. Дабрынёва Мінскай вобласці, у сям’і настаўнікаў Савіцкіх. Сям'я была вельмі інтэлігентная і вельмі таленавітая, жылі небагата. Але тут любілі музыку, літаратуру, добра ведалі творчасць рускіх і замежных мастакоў. Вечарамі часта гучала музыка, так як усе члены сям’і гралі на тым ці іншым народным інструменце. Усе, так або інакш, датычыліся мастацкай творчасці. Малявалі бацька, маці, дзед. У яе доме да самай смерці захоўваліся работы, напісаныя імі. 
Мастацкі талент выявіўся ў Лілі Савіцкай вельмі рана. Маляваць яна пачала ў 4-гадовым узросце. А калі ў 1933 г. пайшла ў першы клас, то з гэтага ж часу пачала прымаць актыўны ўдзел у мастацкім афармленні школьных газет. Альбом з яе малюнкамі экспанаваўся на раённай выставе дзіцячай творчасці. З гэтага часу пачаўся яе цяжкі і вельмі нялёгі шлях далучэння да свету цудоўнага. З кожным годам усё прыкметней і ярчэй выяўляліся яе здольнасці да малявання. Лілі прарочылі вялікую будучыню. Дзяўчынка марыла пасля заканчэння школы паступіць у Ленінградскае мастацкае вучылішча, каб стаць прафесійным мастаком.
У 1941 г. Лілія Уладзіміраўна скончыла сем класаў. Сям’я ў гэты час жыла на Гомельшчыне ў  в. Цярэнічы. Але пачалася вайна, якая разбурыла ўсе мары, крута змяніла жыццё. Прыйшлося адмовіцца ад любімага занятку. Да пастаянных заняткаў жывапісам Лілія Уладзіміраўна змагла вярнуцца толькі праз 20 гадоў, калі стала дарослым чалавекам.  А ў ваенныя і пасляваенныя гады думаць аб вучобе не было калі, патрэбна было дапамагаць сям’і.
З 1943 г. па 1947 г. яна працавала піянерважатай у Цярэнічскай школе, пазней загадвала хатай-чытальняй і была сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса. А ў 1948 г. з’язджае далёка на Усход, на в. Сахалін. Там яна выходзіць замуж і разам з сям’ёй прыязджае ў г. Смаргонь. З гэтага часу ўсё яе жыццё было звязана з нашым горадам. Яна працуе сакратаром у СШ №1 да самай пенсіі.
У сям’і было трое дзяцей, якія патрабавалі вялікага клопату і ўсёй яе ўвагі. Часам здавалася, што дамашнім турботам не будзе канца. А так хацелася зноў вярнуцца да любімага занятку. Ішоў час, дзеці падрасталі, жыццё наладжвалася. З’явілася трохі свабоднага часу. І Лілія Уладзіміраўна выкарыстоўвае кожную свабодную хвілінку, каб пісаць.
З 1962 г. пачынаецца бесперапынная, творчая праца Трохалевай, якая дазволіла дамагчыся выдатных вынікаў. Яна старанна піша з натуры. Пазней мастачка ўспамінала, што тыя навыкі, якімі яна валодала і якія здаваліся істотнымі, зараз здаліся вельмі беднымі. Неабходна было вучыцца, шмат і ўпарта. І з гэтага часу яна вельмі шмат малюе з натуры, робіць дзясяткі і сотні накідаў, замалёвак. Звяртаецца да метадычнай літаратуры па выяўленчаму мастацтву, вывучае творчасць знакамітых мастакоў. Асабліва блізкай для яе была творчасць мастака Шышкіна. Па магчымасці наведвала выставы, дзе знаёмілася з іншымі мастакамі. Дома паступова назапашваюцца карціны. Яна становіцца ўдзельніцай гарадскіх і раённых выстаў.
Хутка ў горадзе загаварылі аб таленавітай  жанчыне. Усё часцей у хату на Піянерскай прыходзілі людзі, каб палюбавацца яе работамі, пагаварыць аб мастацтве, купіць упадабаную карціну.
Было ў Ліліі Уладзіміраўны яшчэ адно захапленне – тэатр. Працуючы сакратаром у школе, яна некаторы час кіравала драмгуртком. Адна з ролей, якую яна выконвала з вялікім поспехам, была роля Кабаніхі ў драме “Навальніца” М. Астроўскага. У 1958 г. яе ўзнагародзілі Ганаровай граматай за творчыя поспехі і актыўны ўдзел у развіцці самадзейнага мастацтва.
У 1967 г. на абласной выставе самадзейнага мастацтва ўпершыню экспануецца яе работа “Лес”. А яшчэ праз тры гады Лілія Уладзіміраўна прымае ўдзел у Рэспубліканскай выставе, якая праходзіла ў Мінску. Тут было прадстаўлена ўжо сем яе работ: “Партрэт настаўніка фізікі”, “Вуллі”, “Дарога на Вільнюс”, “Лес”, “Сосны”, “Елкі”, “Вясновы пейзаж”. Работы адразу ж прыцягнулі да сябе ўвагу спецыялістаў і частка іх была набыта Рэспубліканскім Домам народнай творчасці. У 1972 г. прымае ўдзел у новай выставе, прысвечанай 50-годдзю заснавання СССР, у Мінску. Усе пяць карцін (“Вырубка”, “Восень у сасновым лесе”, “Калужніца”, “Заход”, “Ручаёк”) адрозніваліся жыццярадаснасцю, глыбінёй пранікнення ў самыя тонкія адценні прыгажосці прыроды. Работы Трохалевай адразу ж звярнулі на сябе ўвагу своеасаблівай тэхнікай і ўласцівым толькі ёй адной стылем.
Шмат добрых водгукаў атрымалі карціны Трохалевай, якія выстаўляліся на Усесаюзнай выставе самадзейнай мастацкай творчасці “Слава працы” (Масква, 1974 г.). Тут экспанаваліся карціны, з якімі ўжо пазнаёміўся беларускі глядач. Некалькі работ былі выстаўлены за мяжой: “Лён цвіце” (1976 г., ГДР), “Партрэт настаўніка фізікі” (1975 г., Польшча, Чэхаславакія, ФРГ). Карціна “Дарога на Вільнюс” была ўзнагароджана Дыпломам І ступені Усесаюзнага выстаўкома і ў 1975-1977 гг. экспанавалася амаль ва ўсіх саюзных рэспубліках і буйных гарадах Урала, Сібіры, Далекага Усходу.
У 1977 г. Лілія Уладзіміраўна стала Лаўрэатам Першай Усесаюзнай выставы “Самадзейныя мастакі – Радзіме!”.
У 1981 г. яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Беларускага Рэспубліканскага Савета прафсаюзаў за вялікія творчыя дасягненні і папулярызацыю беларускага самадзейнага мастацтва.
Асабліва шмат поспехаў і праўдзівае прызнанне яе творчасці  прынёс Трохалевай 1985 год.  Ёй быў прысуджаны Ганаровы дыплом удзельніка Усесаюзнай выставы самадзейнага выяўленчага мастацтва (г. Масква), у сакавіку – Дыплом за удзел у Рэспубліканскай выставе самадзейных мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі (г. Мінск), у жніўні – за вялікі ўклад у народную творчасць імя Л.В. Трохалевай было занесена рашэнне Смаргонскага гарадскога Савета народных дэпутатаў у Кнігу Працоўнай Славы.
У сакавіку 1993 г. ёй было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна г. Смаргоні за вялікі ўклад у развіццё і адраджэнне нацыянальнай культуры.
Памерла мастачка 2 снежня 1996 г. У нашым музеі захоўваецца 29 яе карцін і вялікая калекцыя яе алоўкавых малюнкаў-эскізаў.
Лілія Уладзіміраўна спрабавала сябе ў розных жанрах выяўленчага мастацтва. Яна пісала партрэты, стварала цудоўныя алоўкавыя малюнкі. Але асноўнае месца ў яе творчасці займаў пейзаж. У ім раскрыўся сапраўдны талент мастачкі, якая асабліва любіла прыроду, тонка яе адчувала і ўмела праўдзіва перадаваць яе вечную і непаўторную прыгажосць на сваіх палотнах. Кожная яе работа – гэта вынік доўгіх пошукаў, роздумаў, вынік крапатлівай працы. Прырода для яе не толькі майстэрня, але і храм, у які яна заўсёды ўваходзіла з чыстым і адкрытым сэрцам. І гэта любоў і шанаванне прыроды добра адчуваецца ў яе карцінах, прыцягвае да іх увагу гледачоў.


 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!