Церабун Уладзімір Васільевіч

Виртуальная фотовыставка «Где родился, там и пригодился», посвященная 76-летию Гродненской области"
15.09.2020
88


Нарадзіўся 11  красавіка 1946 года  ў  в. Несцяняты Смаргонскага  раена Гродзенскай  вобласці. З 1953 г. па 1964 г. – вучоба ў СШ №1 г. Смаргоні. З 1965 па 1968 гг. – служба ў Савецкай Арміі.

З 1968 па 1973 гг. – вучоба ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (г.Мінск) на аддзяленні скульптуры. Вучыўся ў прафесара А.А.Бембеля, скульптара Г.І.Мурамцава. Пасля  вучобы Церабун У.В. пераехаў  у  г. Гродна, дзе  працаваў да 2001 г. З  2001 г.  жыве і працуе  ў  г. Мінску. У  выставах  прымае ўдзел  з  1974 г. У  1977 г. стаў сябрам Беларускага саюза  мастакоў  (БСМ).

За   свой  творчы шлях  мастак  выканаў шэраг  работ  як станковага,  так  і манументальнага  характару: скульптуры, скульптура з мазаікай, кампазіцыі са шкла і металу з  вытокамі асвятлення (люстры) для грамадскіх будынкаў. Церабун У.В.  правёў шаснаццаць персанальных выстаў. Яго работы экспанаваліся ў Гродна, Мінску, Лідзе, Маскве, Ленінградзе, Троіцку, Зеленаградзе, Таліне, Панявежысе, Шаўляі, Друскінінкаі, Варшаве і і нш.

У  1993 г.  выстава яго  твораў  экспанавалася ў  г.Міндане (Германія). Адна з работ была набыта галерэяй Фраў Фішар. Тры  выставы прайшлі на радзіме ў г. Смаргоні, дзе ён атрымаў званне “Ганаровага грамадзяніна горада” (1993 г.). У маі 1995 г. выстава яго твораў прайшла ў г. Ростаке (Германія), а ў лістападзе 1995 г. - у г. Варшаве (Польша).

Блізкая скульптару народная  тэма. Прыкладам  гэтаму можна назваць кампазіцыі, выкананыя ў  дрэве: “Ясь і Яніна”,  “Жалейка”, ”Сымон-музыка”, “Летапісец”, “Апошняе  жніво”. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім  музеі  Рэспублікі Беларусь  і фондзе  Беларускага саюза  мастакоў.  У  1985 г. кампазіцыя  “Расстраляная  песня” экспанавалася   на  Сусветным фестывалі  моладзі  і студэнтаў  у  г. Маскве. Аўтар  атрымаў  сярэбраны медаль  выставы. Кампазіцыі са шкла  і металу  з  вытокамі асвятлення  сталі  для мастака  эксперыментальнай  работай па  мастацкаму  аздабленню шэрагу  інтэр'ераў. Да ліку эксперыментальных і ўдалых спроб можна аднесці і скульптуру з мазаікай для плавальнага басейна  ГВА “АЗОТ” ( г. Гродна,  60 м2).  Тэматычныя  рэльефныя  кампазіцыі  размясціліся ў  абласным  Палацы юнацкай  творчасці  ў  г. Гродна (каля 100 м.кв.), выкананыя ў  тэхніцы  “выкалатка з  алюмінія” і  ў гіпсе.  Нельга  не сказаць  і  пра мемарыяльныя  дошкі, выкананыя   скульптарам:  удзельнікам пасяджэння  першага  Савета рабочых  дэпутатаў  г. Гродна (1983г. г. Гродна), польскай  пісьменніцы  Зофіі Налкоўскай  (1989 г. г. Гродна),  генералу  А.І. Антонаву (2004 г. г. Гродна), Герою Савецкага  Саюза  Я.Ф. Філіпскіх (2004 г. г. Мінск),  хірургам В.Новікаву, Д.Шавялёву, Ч.Цярэшку (2006 г. г. Смаргонь), суаўтар А.Крахалёў,  заслужанаму  работніку культуры  Беларусі  А.А.Дзяругу (2007 г. г.Смаргонь), народнай артыстцы Беларусі Т.Каламійцавай (2011 г. г.Мінск), суаўтар М. Бакуменка.

У шматлікіх  сваіх  творах аўтар неаднаразова  звяртаецца  да тэмы  Вялікай  Айчыннай вайны. Гэта  кампазіцыі “Няскораны”, “Зноў  аб  вайне”, ”Дарогамі вайны”, “Хвіліна маўчання”, ”Развітанне славянкі”, ”Чаканне”, ”Вясна перамогі” і  інш.

Скульптар  шмат  працуе ў  дробнай  пластыцы з  тэматыкай  самога жыцця  пад  назвай “Ракурс”:  экспрэсіі і спакою, разважання  і задумленнасці, кахання  і  надзеі - тэмы   пошуку  сэнса існавання чалавека на Зямлі.  Як бы  дапаўняючы    гэтую тэму, аўтар  выконвае  серыю малюнкаў  пад  такой жа назвай – “Ракурс”.  Свой  працяг пошуку аб'яднаць гармонію   сасуда  і дробнай  пластыкі  мы бачым  у  даволі вялікай  серыі  работ з  гліны  - кераміцы.

У  1993 г. мастак прымаў удзел у рабоце міжнароднага сімпозіума-пленэра скульптараў   у  г. Міндане (Германія), а  1998 г.  - у  У11  Міжнародным  пленэры, прысвечаным 200-годдзю А.Міцкевіча  (г. Навагрудак).

З 1979 г. па 1986 г. У.В. Церабун  узначальваў Гродзенскую  абласную  арганізацыю БСМ, будучы яе старшыней. У  1976 г. за стварэнне  мемарыяльнага   комплексу “Дальва”    У.В. Церабун  атрымаў прэмію  Ленінскага  камсамола Беларусі. Ён  узнагароджаны  Ганаровай граматай  Вярхоўнага  Савета БССР (1978 г.) і  медалем  “За працоўную  доблесць” (1986 г. г. Масква).  Двойчы  выбіраўся дэпутатам  Гродзенскага  гарадскога Савета  народных  дэпутатаў. Больш  за  50  сваіх твораў  скульптар  перадаў у  дар  музеям рэспублікі  ў  г. Гродна, г. Смаргонь,  в. Гудзевічы Мастоўскага  раёна. Шмат  увагі мастак  надае  развіццю дзіцячай  творчасці: конкурсы, выстаўкі, пленэры. З'яўляецца сябрам  студыі  ваенных мастакоў.

Як  і  ў іншых мастакоў, у скульптара  шмат  мейсца  займае  серыя  партрэтаў: К. Цыалкоўскі, Ю.Гагарын, апаратчыца Г. Дзмітрыева, гімнастка А. Валчэцкая, кампазітар А. Шыдлоўскі, народны  артыст  СССР, БССР  В. Роўда, заслужаны  работнік культуры  Беларусі  А. Дзяруга.

Тры  манументальныя  работы ў  апошняе  дзесяцігоддзе выкананы  ў  суаўтарстве са  скульптарам  А.Крахалевым: памятны  знак да  500-годдзя  заснавання г. Смаргонь, (2003 г.), памятны знак  супрацоўнікам  міліцыі, якія загінулі  пры  выкананні   службовага  і  воінскага абавязкаў  (г. Гродна  2004 г.), памятны  знак  абаронцам г. Слуцка  ў   гады Вялікай Айчыннай  вайны (2005 г.)

У  2006 г.  у  г.п. Бераставіца  Гродзенскай  вобласці ўстаноўлена  скульптурная  кампазіцыя “Дрэва  жыцця” да  500-годдзя заснавання  паселка, у 2007 г. на возеры Свіцязь  усталявана  кампазіцыя “Свіцязянка”, у 2008 г. у г. Скідзелі Гродзенскай  вобласці  выканана кампазіцыя  “Клекат буслоў” з нагоды  500-годдзя  заснавання горада, у  гэтым жа  годзе ў г.п. Зэльва,  што  на Гродзеншчыне,  устаноўлена   кампазіцыя анімалістычнага  жанру  з нагоды  750-годдзя  заснавання паселка. Усе  гэтыя  творы выкананы  з  бронзы і  граніту. У 2010 г. у г. Лагойску была ўстаноўлена кампазіцыя “Саната памяці”, а ў 2013 г. у Смаргоні – памятны знак “Рэха вайны”,  прысвечаныя воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі пры выкананні воінскага абявязку. У 2014 г. у Смаргоні у цэнтральным парку ўсталявана  скульптурная кампазіцыя “Мядзвежая акадэмія”. У.Церабуном  у суаўтарстве  са скульптарам А.Арцімовічам выкананы праект мемарыяльнага комплекса па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну ў 1915 – 1917 гг. (г.Смаргонь).

23  красавіка 2006 г.  на радзіме  ў  г. Смаргоні была  адкрыта  14-ая персанальная  выстава  пад назвай  “На хвалях часу”, прысвечаная  60-годдзю   з дня  нараджэння  скульптара. На  ёй было  прадстаўлена  звыш 150  работ:  скульптура, кераміка,  акварэль, малюнкі, фотаздымкі  пад назвай  “Хроніка”  і “Новыя  праекты”  манументальных  работ. У  лістападзе  выстаўка з  поспехам прайшла  ў  г. Гродна.  У  красавіку 2012 г.  у г. Смаргоні   адбылася чарговая – 16  персанальная  выстава пад  назвай “Няспраўджаныя  мроі  ў  творчасці маей”, дзе скульптар прадставіў  35 праектаў-прапаноў манументальнага  мастацтва па аздабленню  і  добраўпарадкаванню  тэрыторый рэспублікі.

У  2007 г.  за дасягненні  ў  развіцці  выяўленчага  мастацтва  яму было прысвоена ганаровае  званне  “Заслужаны дзеяч  мастацтваў  Рэспублікі Беларусь”.

Уся  творчасць  У.В.Церабуна пабудавана  на  акадэмічнай школе бясконцага  пошуку  не толькі  фізічнай  прыгажосці мадэлі  чалавека,  але перш  за  ўсе аўтар  імкнецца  выявіць яе духоўны  стан.  Свой твор скульптар  спрабуе  давесці да  вобразу, знака, сімвала.  Шчырасць самавыказвання - асноўны накірунак яго творчасці.

 


 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!