Дом вярнуўся у маладосць

Общество
14.08.2015
1164
Наш невялікі трохпавярховы дом на 24 кватэры месціцца ў Заходнім мікрараёне па вуліцы Ветэранаў, 4 (колішні нумар ДАС-7). І сам дом мае ветэранскі статус – пабудавалі яго ў далёкім 1958-м годзе. Ішоў час, змянялася наваколле, змяняліся жыхары дома, пакрысе змяняўся і знутры, і звонку сам дом. Натуральна, не ў лепшы...
Наш невялікі трохпавярховы дом на 24 кватэры месціцца ў Заходнім мікрараёне па вуліцы Ветэранаў, 4 (колішні нумар ДАС-7). І сам дом мае ветэранскі статус – пабудавалі яго ў далёкім 1958-м годзе. Ішоў час, змянялася наваколле, змяняліся жыхары дома, пакрысе змяняўся і знутры, і звонку сам дом. Натуральна, не ў лепшы бок.

А дом чакаў перамен да лепшага, чакаў абнаўлення. І яно неўзабаве прыйшло. Разам з генпадрадчыкам, мясцовай МПМК-165, размясціліся побач з домам бытоўкі-вагончыкі спецыялістаў некалькіх субпадрадных арганізацый і службаў – шырока распачалася дружная работа. Шчыравалі страхары і муляры, электрыкі і сантэхнікі, маляры, цесляры, тынкоўшчыкі…
Дом накрылі новым дахам і збудавалі цеплавузел, зманціравалі новую сістэму ацяплення, замянілі новымі трубамі сеткі водазабеспячэння і каналізацыі, уставілі металічныя дзверы і аконныя шклопакеты ў пад’ездах, карэнным чынам абнавілі ўнутраны выгляд саміх пад’ездаў. Словам, дом наш стаў дыхаць лягчэй, а жыхары ўдзячна адзначылі старанную работу будаўнікоў і спецыялістаў іншых прафесій.
Аднак было зроблена яшчэ не ўсё. І сёлета, калі стала спрыяльнае надвор’е, наш дом зноў “апрануўся” ў будаўнічыя рыштаванні. Комплексная брыгада спецыялістаў КУП ЖРЭСа распачала капітальны рамонт фасада – уцяпленне, тынкоўку, афарбоўку. Прыемна было назіраць за стараннай, акуратнай і якаснай работай Ірыны Шлык і Жанны Усціновіч, Леаніда Сінкевіча і Аляксандра Фядотава, Віктара Клачкевіча. Жыхары дома звярталіся да гэтых спецыялістаў за той ці іншай парадай па іх профілю работы, і яны ахвотна ўступалі ў гаворку, давалі патрэбныя тлумачэнні ці карысныя парады, зыходзячы са свайго ўласнага прафесійнага вопыту. І што яшчэ прыемна ўразіла – дык гэта культура іх стасункаў непасрэдна ў працэсе работы: па-дзелавому проста і зразумела, без усялякага жаргону, без грубых, нецэнзурных слоў.
Нядаўна аддзелачнікі закончылі сваю работу, і наш дом сапраўды стаў самым прыгожым у Заходнім мікрараёне. І акрамя вышэй названых, ды іншых старанных радавых работнікаў, такія ж шчырыя словы ўдзячнасці выказваем кіраўніцтву раённага выканаўчага камітэта, асабіста старшыні райвыканкама Генадзю Васільевічу Харужыку, яго намесніку па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандру Бажыдаю, дырэктару КУП ЖРЭС Дзмітрыю Станкевічу, начальніку нашага ЖЭС №2 Андрэю Безняку і майстру Аляксандру Стрэльчанку, кіраўніку вытворча-тэхнічнага аддзела КУП ЖРЭС Дзянісу Крыштопенку. Добрага здароўя ўсім вам, працоўных поспехаў і заўжды прыемнага настрою ў буднях і святах пад мірным небам роднай Беларусі!

Тамара ШЫШКОВА,
па даручэнні жыхароў дома №4 па вул. Ветэранаў.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.