60-годдзе сумеснага жыцця: сям’я Капыш з вёскі Пераходы

Общество
11.11.2016
Своеасаблівы “дэсант” прадстаўнікоў тэлебачання, радыё і газеты Смаргоншчыны “высадзіўся” 8 лістапада ў вёсцы Пераходы. Нагода была неардынарная – 60-годдзе сумеснага жыцця.

Калі мы пад’ехалі да хаты Капышоў, нас ужо чакалі. Адчыніўшы дзверы з веранды, на прыступках стаяў і добразычліва ўсміхаўся гаспадар, Іван Антонавіч. “Які прыгожы чалавек”, - ціхенька шапнула мне Галіна Козел, загадчыца аддзела радыёвяшчання. Сапраўды, гледзячы на стройнага, рухавага, усмешлівага мужчыну, неяк не верылася, што яму ўжо 83 гады. У хаце нас вітала гаспадыня, Ірына Станіславаўна. Светлая, шчырая ўсмешка на маладжавым твары – якая ж гэта бабуля, ёй самой 60 гадоў не дасі, не тое што пражытых разам з мужам!

“Так, не толькі бабуля і дзядуля, але ўжо і прабабуля, і прадзядуля, - з гонарам падкрэсліла Ірына Станіславаўна. – Маем шасцярых унукаў, усе жанатыя, так што, лічы, дванаццаць. І чатырох праўнукаў – тры дзяўчынкі і хлопчык”. Не перадаць словамі, якой любоўю ў гэты момант свяціліся вочы шчаслівай маці, бабулі і прабабулі…

Але пачнем з пачатку. Пасля таго, як усе пазнаёміліся і Вікторыя Бічурына, загадчыца аддзела тэлевяшчання, усталявала відэакамеру, пачалася наша няспешная размова.

Іван і Ірына нарадзіліся і ўсё жыццё пражылі тут, у Пераходах. Зразумела, знаёмыя былі з дзяцінства, жылі па суседству, разам гулялі. (Цікава, што нават прозвішчы ў іх аднолькавыя – Капыш, так што Ірыне не прыйшлося пасля замужжа прывыкаць да новага). Іван крыху старэйшы за Ірыну. Калі ён пайшоў у войска, Ірынка была яшчэ падлеткам. А калі вярнуўся дахаты, адразу прыкмеціў, як расцвіла суседка. Так і пачалі сустракацца, а хуценька і пажаніліся. Шлюб у касцёле ўзялі 3 лістапада, а распісаліся 11-га. Вяселле, успамінаюць, было шыкоўнае. З пакупнога толькі сялёдка і была, усё астатняе – сваё, самаробнае: і сыр, і каўбаса, і мяса, і самагонка…

Капыш5.jpg

Спачатку, чатыры з паловай гады, жылі ў хаце бацькоў Івана, дзе нарадзіліся адна, а потым і другая дочкі. Працавалі абое ў калгасе, муж – трактарыстам-камбайнерам, жонка – паляводам. “У нас быў старшынёй Уладзімір Іванавіч Максіменка, ён нам даў лесу на свой дом, і я яго сваімі рукамі пабудаваў, усё рабіў – і вокны, і дзверы, і печкі”, - расказвае Іван Антонавіч. “Тут ніхто чужы не даткнуўся рукой, усё толькі ён сам, і я дапамагала”, - падхоплівае Ірына Станіславаўна. У сваю хату перабраліся, калі Ядзюні было 3 гады, а Людачцы паўгодзіка. Неўзабаве нарадзілася і трэцяя дачушка, Валя. “Цяжка было жыць у тыя часы, - уздыхаюць суразмоўцы, - грошай у калгасе не давалі, налічвалі працадні. Жылі з таго, што самі гадавалі скаціну, з 30 сотак зямлі, якія         выдзяляў калгас”.

Дачушкі раслі, ніякіх турбот бацькам не прычынялі, выхоўваліся на іх прыкладзе – паводзін, адносін паміж сабой і з суседзямі, іншымі людзьмі. На пытанне, ці не шкадуе, што не было ў іх сына, Іван Антонавіч адказаў: “Бадай што не. Дочкі выраслі добрымі людзьмі, шануюць і нас, бацькоў, і людзей. Чаго ж шкадаваць”. Цяпер Ядзвіга жыве і працуе галоўным бухгалтарам у Смаргоні, хоць ужо і на пенсіі. Вельмі часта наведвае бацькоў, дапамагае ім. Людміла выйшла замуж і паехала з мужам на яго радзіму – у Краснаярск. Там скончыла інстытут і працавала ў гандлі, ужо таксама на пенсіі, ветэран працы. Прыязджае на радзіму звычайна раз у два гады або з такой нагоды, як, напрыклад, сёлета – юбілей сумеснага жыцця бацькоў. Малодшая, Валянціна, таксама жыве ў Смаргоні, працуе прадаўцом у магазіне.

Хто ж у хаце гаспадар? Ірына Антонаўна сказала, што гаспадар у хаце, зразумела, муж. Але Іван Антонавіч не пагадзіўся: “Мы абодва роўныя, абодва гаспадары. Заўсёды раімся адно з адным, калі нешта трэба зрабіць, ці купіць што-небудзь, ці яшчэ што”. “Так, так”, - пагаджаецца Ірына Станіславаўна. Тут Іван Антонавіч успамінае яшчэ адну рэч, якая многім сёння пакажацца неверагоднай: “За 60 гадоў жыцця ні разу ні ў каго не пазычалі грошай, як бы цяжка ні было. Ёсць грошы – нешта купім, няма – пацерпім, пачакаем, пакуль з’явяцца. Не бралі ні ў людзей пазыкі, ні ў дзяржавы”.

У гэтай хаце ёсць свае традыцыі. Адна з іх – збірацца на свята ўсёй сям’ёй, разам з суседзямі, рыхтаваць іншым маленькія падаруначкі, чытаць вершы і абавязкова спяваць. Дарэчы, і сама гаспадыня мае вельмі прыемны голас і, здаецца, абсалютны музычны слых. Любіць песні ў выкананні ансамбля “Бяседа”, асабліва Таццяны Лазоўскай, і сама спявае прыгожа. Тое, што гэтая сям’я гасцінная, мы, журналісты, адчулі на сабе: нас не выпусцілі з хаты, пакуль не пачаставалі. І паверце на слова, хатнія тушонка, мясны рулет, сала, яечня былі вельмі смачнымі. А што казаць пра гарбату з мёдам ад уласных пчолак…

Капыш3.jpg

Пра мужа Ірына Станіславаўна расказвае так: “Ён у мяне вельмі працавіты, прыдатны да любой работы, сапраўды мае залатыя рукі – і на зямлі працуе, і пчолак гадуе, і трактар, любую тэхніку адрамантаваць можа, і электразваркай валодае, і бліноў напячэ, ды якіх смачных, з дрэва можа ўсё зрабіць, ад мэблі да сувеніраў. За мінулую зіму, напрыклад, зрабіў 21 табурэтку, 20 раздарыў дзецям і ўнукам, адна вось дома засталася,” – і просіць мужа прынесці паказаць гасцям разную табурэтачку – сапраўдны шэдэўр. (Дарэчы, у тым, што гаспадар разбіраецца з тэхнікай, нават з новамоднымі гаджатамі, мы ўпэніліся самі. Падчас нашай размовы Іван Антонавіч час ад часу браў у рукі лічбавую камеру і здымаў нас. А потым хуценька падключыў да вялізнага тэлевізара нейкія кабелі і паказаў тое, што ён запісаў на камеру).

У сваю чаргу Іван Антонавіч просіць жонку пачытаць вершы. Так-так, звычайная вясковая жанчына, амаль без адукацыі, піша вершы – пра ўсё, што навокал, пра жыццё-быццё. Шмат сардэчных радкоў Ірына Станіславаўна прысвяціла свайму мужу. Вершы простыя, шчырыя, ад самага сэрца, яны выклікаюць шчымлівую тугу:

…Не знаю, как судьбу благодарить,

Что Бог мне дал такого человека,

Об одном ещё буду молить:

Чтоб ушли мы вместе из земного века.

Капыш4.jpg

Так, нашыя юбіляры - людзі ўжо не маладыя. Але свецяцца ў іх вочы, не сыходзіць усмешка з твару, калі яны глядзяць адзін на аднаго. Чаму? “Ён вельмі добры, і да мяне, і да людзей. Ён знойдзе агульную мову і са старым, і з малым, сапраўдная душа кампаніі” – “Яна і цяпер прыгожая. Шкадую сваю жонку. Калі яблыкі збіраем – каб кошык яна не падымала, сам паднясу”.

Немагчыма перадаць на газет най старонцы тую атмасферу дабрыні, спагады, якая пануе ў гэтай хаце. Яны зусім не старыя, нягледзячы на гады ў пашпартах. Маладосць жыве не толькі ў іх душах, але і ў сэрцах, у каханні адзін да аднаго. На пытанне, якое яно, каханне пасля столькіх гадоў сумеснага жыцця, і ў чым сакрэт іх сямейнага даўгалецця, юбіляры адказалі так. Ірына Станіславаўна: “Зразумела, таго кахання, што было ў маладосці, няма. Каханне ў нашыя гады – гэта павага адзін да аднаго, звычка”. Іван Антонавіч: “Ёсць каханне, ёсць. Гэта шкадаванне адзін аднаго, клопат. За столькі гадоў мы сталі сапраўды роднымі”. Наконт сямейнага сакрэту муж і жонка былі аднадушнымі – трэба вучыцца саступаць, дараваць адзін аднаму. І тут ужо не важна, хто першы скажа “прабач”. Галоўнае – прабачыць.

…Калі мы ад’язджалі, гаспадары выйшлі нас праводзіць. Яны стаялі адзін ля аднаго з усмешкай на твары, махалі нам на развітанне. Сапраўды, прыгожая пара. Дай ім Бог здароўя і шчаслівага доўгага жыцця.

Капыш1.jpg

Капыш.jpg

Валянціна БУЖЫНСКАЯ.

Фота аўтара.


Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений