Вяртанне да каранёў

Вяртанне да каранёў

Общество
18.10.2025
392

Усё дзяцінства Галіны ПІЛЬСЦЬ прайшло ў Крэве. Тут яна нарадзілася, скончыла школу.

Тут жылі яе бацькі, якія ўсё жыццё працавалі ў мясцовым калгасе: тата – шафёрам, а маці – даяркай.

– Вы нават не ўяўляеце, а я і зараз добра памятаю рукі майго бацькі: яны заўсёды былі шэрыя ад мазуты, якая ўжо нават не вымывалася са скуры. Далоні былі такія цвёрдыя і шырокія, што дзве мае дзіцячыя ручкі лёгка ўмяшчаліся ў яго адну. А ў вачах паясля напружанага працоўнага дня была такая стома, што здавалася, ён засне за сталом, – успамінае Галіна Іванаўна.

А маці... У канцы лета – пачатку восені яна заўсёды варыла яблычнае варэнне. У хаце стаяў такі пах – кіславата-салодкі.

– Я бегла са школы, а яна мне ў вакно: «Рукі памый, ды ідзі пакаштуй!». Мы сядзелі з мамай за сталом, елі гарачае варэнне з чорным хлебам, а яна мне расказвала, як і яна некалі была маленькай дзяўчынкай, вось так жа сядзела са сваёй маці. Шмат чаго ўспамінаю, асабліва, калі прыяжджаю ў Крэва.

У Маладзечна Галіна Іванаўна пераехала пасля замужжа. Некаторы час яна працавала ў прадуктовай краме, а потым – у райбыткамбінаце. У Маладзечне нарадзіліся і двое яе дзяцей – Віктар і Насця. Зараз яны ўжо дарослыя і жывуць у другіх гарадах.

Адзін з апошніх прыездаў у Крэва быў асаблівым для Галіны Пільсць. Летам мінула 15 гадоў, як няма яе бацькоў на гэтым свеце. Няма ўжо і бацькоўскай хаты. У пачатку 2015 года Галіна Іванаўна была вымушана прадаць яе. На гэтым месцы цяпер новы высокі двухпавярховы дом стаіць.

– Стаю за высокімі варотамі свайго і ў той жа час ужо чужога двара, а там – дзіцячы смех, музыка… А слёзы самі так і льюцца з вачэй. У Крэва маёй радні няма. Прыязджаю толькі на могілкі да бацькоў. Заўсёды прыбіраю магілы, малюся ў цішыні. Наведваю іх, каб расказаць усё, што адбываецца ў жыцці: пра дзяцей, якія самі выбіраюць свой жыццёвы шлях, пра тое, як перафарбавала кватэру... Здаецца, яны чуюць мяне.

Галіна Іванаўна адзначае, што з часам Крэва ўсё ж такі змянілася.

– Калі я пераехала ў Маладзечна, Крэва было зусім іншым. Тады яшчэ нават слова «аграгарадок» ніхто не чуў. Была проста вёска, нашая вёска, дзе кожную карову ведалі па імені. Памятаю, пасля дажджу мы з дзяўчатамі ішлі дадому, апіраючыся на палкі, каб не зваліцца ў гразь. Зараз гляджу – асфальт, разметка, нават аўтобусныя прыпынкі ёсць. А ў наш час аўтобус прыйдзе – дык усё сяло будзе ведаць, хто прыехаў, а хто паехаў. Самае ж галоўнае – людзі. Раней увесь дзень на вуліцы хто-небудзь сустрэнецца – і суседка, і дзед з суседняй вуліцы, і настаўніца мая. А цяпер прыязджаю, іду – пуста. Усе на працы, у гарадах…

Галина Пильсть.jpg

Сяргей ЮРЭВІЧ

Фота з архіву Галіны ПІЛЬСЦЬ

Статьи по теме: