Любіў Бога, Айчыну і людзей

Любіў Бога, Айчыну і людзей

Общество
04.10.2025
178

У вёсцы Абрамаўшчына, на тэрыторыі Войстамскай парафіі, 30 верасня 1890  года нарадзіўся каталіцкі святар, благаславёны Антоній ЛЯШЧЭВІЧ. Яго бацькі мелі чатырох сыноў. Старэйшым быў Антоній. У 1897 – 1901 хлопчык наведваў Войстамскую пачатковую школу. Затым вучыўся ў гімназіі пры касцёле Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу. Вучоба ў Духоўнай семінарыі праходзіла пад кіраўніцтвам лепшых прафесараў, якія для юнага семінарыста з’яўляліся прыкладамі ахвярнасці, пакоры і назаўсёды засталіся ў яго сэрцы.

Ляшчэвич 1.jpg

У красавіку 1914 года дыякан Антоній быў пасвячанны ў святары. Гэта важная падзея хутка перамяніла яго жыццё. Айцец Антоній быў накіраваны на Далёкі Усход, дзе на працягу 25 гадоў выконваў абавязкі духоўнага пастыра. У першы год святарства працаваў вікарыем у Іркуцку. У Чыце да святарскай дзейнасці далучылася і праца настаўніка. У 1917 годзе ён знаходзіўся ў Харбіне, дзе праводзіў душпастырскую дзейнасць у парафіі Святога Станіслава. У новаствораную парафію Святога Язафата Кунцэвіча ксёндз Антоній быў назначаны пробашчам. Там пад яго кіраўніцтвам пабудавана святыня, а ва ўзведзеным доме для святара арганізаваны прытулак і пачатковая школа.

На пачатку 1930-х гадоў у Харбіне айцец Антоній быў прызначаны ардынарыем. У 1937 годзе ён прыняў рашэнне ўступіць у ордэн марыянаў, а праз год падаў генеральнаму кіраўніку пісьмо, у якім прасіў прыняць у супольнасць «Айцоў Марыянаў» з  жаданнем адбыць навіцыят у Друі, дзе ў 1923 годзе быў створаны першы беларускі каталіцкі манастыр. Прабыўшы некаторы час у Рыме, айцец Антоній адправіўся ў Польшчу, дзе наведаў бацькоў і родных. Летам 1939 года склаў ордэнскія абеты і адправіўся ў Друю,  дзе служыў святаром і выкладаў рускую мову ў гімназіі. Хутка пачаўся складаны перыяд выпрабаванняў для марыянскага манастыра, але нягледзячы на цяжкасці святары знаходзілі магчымасці душпастырскай працы з насельніцтвам, якое было раздзелена мяжой на доўгія гады.

У 1941 годзе ксяндзы-марыяне пад кіраўніцтвам айца Антонія распачалі місіянерскую працу, цэнтрам якой з’яўляўся парафіяльны касцёл у Росіцы. У ваколіцах стваралі капліцы, адпраўлялі набажэнства і прычашчалі веруючыя святых таямніц, сёстры эўхарысткі навучалі рэлігіі. Пасля нямецка-фашысцкай акупацыі края літасці не было нікому: ні жанчынам, ні старым, ні дзецям. Нягледзячы на папярэджанні пра карныя акцыі супраць партызан і насельніцтва і заклікі святарскагакіраўніцтва прыпыніць дзейнасць і пакінуць мясціны – айцы-марыяне і сёстры эўхарысткі вырашылі застацца з мясцовымі жыхарамі. У пачатку лютага 1943 года ў Друі размясціўся нямецкі штаб, у Росіцы і вакольных вёсках з’явіліся карныя атрады.

У выданні В. Пялінка «Росіцкія мучанікі» маецца запіс гутаркі апошняй сустрэчы святароў Генрыха Тамашэўскага і Антонія Ляшчэвіча, якая адбылася напярэдадні  росіцкай трагедыі: «Я доўга пераконваў айца Антонія, што існуе небяспека. Ён слухаў, усміхаўся, крыху нерваваўся, але пераканаць яго так і не змог.

– Я павінен вярнуцца. Там людзі. Я пакінуў Найсвяцейшы Сакрамант у касцёле. Я не магу дапусціць, каб яго зневажалі. А таксама там айцец Юры. Як жа я магу пакінуць яго ў такой бядзе? Каб мяне суцешыць, ён дадаў:

– Зраблю ўсё, што неабходна, і заўтра з айцом Кашырам вернемся ў Дрысу. Ну, трымайцеся. Маліцеся за нас.

– Айцец, вяртайцеся яшчэ сёння ў Дрысу. Заўтра ўжо можа быць позна… Гэта было 14 лютага».

Праз два дні немцы зганялі ў Росіцкі касцёл людзей. Болем кладуцца на сэрца ўспаміны сведкаў жудаснай трагедыі. «Салдаты пачалі дзяліць людзей на групы: на правы бок касцёла – для адпраўкі ў лагер, на левы – тых, што  павінны былі пайсці ў агонь. Святары супакойвалі жыхароў, прамаўлялі казанні, удзялялі Камунію, спавядалі, хрысцілі, прыносілі ежу і ваду». Людзей вывозілі на санях. Іх заганялі ў будынкі, якія падпальвалі. Хто вырываўся з адскага агню – расстрэльвалі.  17 лютага 1943 года разам з іншымі быў спалены святар Антоні Ляшчэвіч. А на наступны дзень яго сабрат, ксёндз Юры Кашыра.

13 чэрвеня 1999 года Святы Айцец Ян Павел II абвясціў іх пакутнікамі за веру і прылічыў да ліку святых. Каталіцкі святар-марыянін, благаславёны Антоній Ляшчэвіч – узор святасці, прыклад гераічнай веры і адданасці Богу.

Ляшчэвич.jpg

Вольга САМАРКІНА,

навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея

Статьи по теме: