У свеце літаратуры – папаўненне: пабачыла свет кніга «Ардашынская рэфлексія», аўтарам якой з’яўляецца наша зямлячка Паліна ДВАРАНСКАЯ. Гэты дэбют – не толькі творчы поспех маладога аўтара, але і шчыры, глыбокі аповед пра любоў да малой радзімы, пра гісторыю і культуру нашай краіны, пра вечныя праблемы кахання і філасофскае разуменне жыцця. У сваіх творах Паліна з тонкай адчувальнасцю і цяплом раскрывае тэмы, блізкія для кожнага з нас.
«Ардашынская рэфлексія» - першая кніга маладой аўтаркі Паліны Дваранскай
Зборнік уключае ў сябе паэзію і філасофска-лірычную прозу, прасякнутую асаблівай «ардашынскай» інтанацыяй. Сама назва дакладна адлюстроўвае сутнасць кнігі. Гэта ўдумлівае разважанне, глыбокі погляд унутр сябе і адначасова – на свет з кропкі, якую аўтар называе домам. Ардашы становяцца не проста геаграфічным месцам, але і крыніцай натхнення, духоўным арыенцірам, лейтматывам, які аб’ядноўвае творы.
Чытачоў чакаюць вершы, у якіх карціны роднай прыроды і думкі пра повязь пакаленняў ажываюць. Празаічная частка прадстаўлена лірычнымі і філасофскімі замалёўкамі, дадае зборніку глыбіні, што дазваляе паглядзець на простыя, але такія значныя рэчы па-новаму. «Ардашынская рэфлексія» – гэта шчыры голас маладога пакалення, які памятае пра свае карані, ганарыцца спадчынай і імкнецца зразумець сучаснасць скрозь прызму вечных каштоўнасцей.
Зборнік Паліны Дваранскай выдадзены ў серыі «Бібліятэчка Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі» Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Першая прэзентацыя кнігі «Ардашынская рэфлексія» адбылася 6 верасня ў Лідзе падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, куды маладая аўтарка прыехала ў складзе дэлегацыі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
«Ардашынская рэфлексія» пабачыла свет у многім дзякуючы Рагнеду Малахоўскаму, намесніку старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, з якім мы пазнаёміліся два гады таму падчас міжнароднай кніжнай выставы. Рагнеда Юр’евіча я называю творчым настаўнікам, хросным бацькам у літаратары», – зазначыла суразмоўца.
Паліна Дваранская неаднаразова была гераіняй «светлашляхаўскіх» публікацый. Упершыню яе творы надрукавала наша газета, калі дзяўчынка вучылася ў 6 класе. Нарадзілася маладая паэтка 29 жніўня 2006 года ў вёсцы Ардашы. Скончыла дзевяць класаў у Крэўскай СШ, паступіла ў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на філалагічны профіль. Цяпер яна – студэнтка 2 курса факультэта славянскай філалогіі БДУ. Друкавалася ў газетах «Светлы шлях», «Настаўніцкая газета», «Сельская газета», «Переходный возраст», «Літаратура і мастацтва», часопісах «Маладосць», «Бярозка», «Полымя». Яе творы былі змешчаны ў калектыўных зборніках «Новы замак», «Усе мы шукаем музыку шчасця», «Першацвет», «Вазьмі сваю свяцільню». На працягу 2023 года дзяўчына была намеснікам галоўнага рэдактара ліцэйскай газеты «Рукі».
Пераможца шматлікіх рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў, сярод якіх «БрамаМар», «Берега дружбы», «Першацвет». Выступала ў праграме «ПінКод» і на радыё «Культура», у прамых эфірах, прымала ўдзел у праграме «Код асобы», сумесна з тэлеканалам «Беларусь 3» запісвалі ролік «Рыфмаваныя пачуцці», была госцем аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы». Паліна Дваранская – яскравае сведчанне таго, што ў нашай глыбінцы нараджаюцца сапраўдныя таленты, а потым праслаўляць яе ў сваёй творчасці.
Галіна АНТОНАВА
Фота з архіва Паліны ДВАРАНСКАЙ