Кніга «Вайна ў асобах» – напамінак пра цану мірнага неба

Кніга «Вайна ў асобах» – напамінак пра цану мірнага неба

Общество
10.09.2025
128

Вядомы рускі пісьменнік Леў Талстой пісаў: «Зло вайны і даброты міру да такой ступені вядомыя людзям, што з таго часу, як мы ведаем людзей, самым лепшым пажаданнем было прывітанне «мір вам».

Міжнародны дзень міру быў заснаваны ААН у 1981 годзе ў дзень адкрыцця штогадовай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН кожны трэці аўторак верасня. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, што з 2002 года Міжнародны дзень міру будзе адзначацца як дзень усеагульнага спынення агню і адмовы ад гвалту.

Для нас, міралюбівых беларусаў, чые продкі зведалі горыч страт і радасць Вялікай Перамогі, слова «мір» гучыць па-асабліваму, а слова «вайна» кожны раз прымушае сэрца ўзмоцнена стукаць.

2.jpg

Сёлета, у 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пра вайну і мір мы гаворым з неверагодным хваляваннем. Успамінаем тых, хто імкнуўся, каб наша неба было светлым і сонечным. У Лідзе, у межах святкавання Дня беларускага пісьменства, на пляцоўцы Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Галіне Антонавай, карэспандэнту газеты «Светлы шлях», сябру СПБ, прадставілася магчымасць прэзентаваць кнігу «Вайна ў асобах (непрыдуманыя гісторыі герояў)», якая пабачыла свет літаральна ў жніўні.

3.jpg

«Ночы ў акопах, сухары і кансервы, кантузіі і раненні, смерць таварышаў, мужнасць, трываласць і смеласць – шмат у чым гісторыі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны падобныя адно на адну. Усе яны прайшлі праз страшныя выпрабаванні – і засталіся жывыя.

Акрамя ўспамінаў ветэраны захоўвалі ордэны і медалі, за кожнай узнагародай – свая гісторыя і свае героі. Цяпер гэтыя ўзнагароды трапятліва захоўваюць іх родныя і музейныя работнікі. А ўсе мы – беражом памяць пра тых, хто быў сведкам і ўдзельнікам падзей, якія змянілі ход сусветнай гісторыі, хто падарыў нам мірнае неба над галавой.

Кніга – гэта ўспамін пра тых, хто змагаўся за мірнае неба, тых, хто зрабіў свой унёсак у Вялікую Перамогу, тых, каму мы ніколі не перастанем гаварыць «дзякуй» хаця б у думках, бо болынасці нашых герояў ужо няма ў жывых», – адзначыла Галіна Францішкаўна.

4.jpg

Выданне «Вайна ў асобах» – не проста зборнік успамінаў, якія ў розныя гады (з 2005 па 2025) Галіна Антонова запісала, і яны былі апублікаваны ў газеце «Светлы шлях». Гэта крык душы тых, хто бачыў вайну на свае вочы. Салдаты, якія прайшлі скрозь агонь бітваў. Вязні канцлагераў, якія выжылі ў пекле. Дзеці, чыё дзяцінства скралі выбухі і голад. Яны гавораць з намі са старонак кнігі «Вайна ў асобах» без прыкрас, без пафасу, толькі праўда.

Вялікая Айчынная вайна даўно стала гісторыяй, але для іх яна засталася незагойнай ранай. Яны памятаюць кожны дзень, кожны страх, кожную страту. Іх апавяданні - не сухія радкі падручнікаў, а жывая памяць, якую мы абавязаны захаваць. Тут няма выдумкі. Няма «прыгожых» подзвігаў, прыдуманых для гераізацыі. Ёсць толькі тое, што было насамрэч: боль, роспач, мужнасць і, насуперак усяму, надзея. Чытайце. Слухайце. Памятайце. Шануйце мір! Таму што, пакуль гучаць іх галасы, вайна не павінна паўтарыцца.

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота з архіва Галіны АНТОНАВАЙ

Теги: общество

Статьи по теме: