Малая радзіма – гэта асаблівая кропка на карце. Цэлы свет, напоўнены цяплом успамінаў, знаёмымі з дзяцінства пахамі і гукамі. Месца, дзе зроблены першыя крокі, дзе кожны куток захоўвае часцінку душы.
Свята вёскі Сялец: тут нашы карані!
Общество
19.07.2025
Штогод у сярэдзіне лета жыхары і ўраджэнцы Сяльца збіраюцца на свята вёскі. Сёлетняя сустрэча землякоў пачалася з традыцыйнай малітвы ля капліцы.

Дарэчы, у Сяльцы дзве капліцы – адна ў пачатку вёскі (датуецца 1907 годам), другая – напрыканцы (была ўзведзена 30 гадоў таму). Менавіта каля яе пробашч Войстамскай парафіі Юрый Бяганскі падчас Святой Імшы памаліўся з вернікамі, каб квітнеў і далей Сялец, каб у гэтай прыгожай мясціны была шчаслівая будучыня
.


Пасля агульнай малітвы распачалася імпрэза каля памятнага валуна, які быў усталяваны летась. Сёлета пляцоўку каля яго аздобілі пліткай. Атрымалася цудоўнае месца, дзе можна прысесці на лавачку, падумаць, успомніць былое ці проста памарыць.



«Кожны год мы актыўна рыхтуемся да свята, прадумваем сцэнарый мерапрыемства. Сёлета, у год Вялікай Перамогі, вырашылі ўспомніць тых, хто прайшоў праз пекла ваеннага ліхалецця (мы ведаем 29 імён жыхароў), і тых, хто злажыў жыццё на алтар Вялікай Перамогі. Дадому не вярнуліся з вайны пяць чалавек. Іх імёны мы таксама агучым», - адзначыла ўраджэнка Сяльца, паэтка Вера Вайцюль.
Падчас імпрэзы родныя ўспомнілі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Паўла Андрыцу і Вікенція Марцішонка. Гэтыя людзі зведалі сапраўдны смак ваеннага хлеба, зрабілі свой унёсак у Вялікую Перамогу.

У гэты святочны дзень сюды завітала ўраджэнка Сяльца, пісьменніца Юлія Голубева-Кісялевіч, якая цяпер жыве ў Віцебску. Пасля заканчэння Войстамскай школы яна паступіла ў Віцебскі ўніверсітэт імя П. П. Машэрава на спецыяльнасць педагог дашкольнай адукацыі, настаўнік-лагапед, мае ступень магістра педагогікі. У 10 гадоў пачала пісаць вершаваныя творы. Вершы юнай паэтэсы друкаваліся ў газеце “Светлы шлях”, «Витьбичи» і «Каталіцкі веснік». Нядаўна пабачылі свет дзве яе кнігі: вершаў і прозы «Радость жизни», і дзіцячая – «Прыгоды Мухі Пястухі», ілюстрацыі да якой стварыла сама аўтарка і яе пяцігадовая дачка.


У новай кнізе ёсць раздзел, прысвечаны родному краю. «Я так сумую па табе, мая радзіма», «Смаргонскі край, к табе зноў прыпадаю», «Маё дзяцінства», «Вёсачка мая», «Мая зямля – мая Радзіма»… Некалькі твораў паэтка прачытала і для сваіх землякоў.
Удзельнічала ў свяце вёскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ганна Джумкова.
Ганна Уладзіміраўна з асаблівай радасцю прыязджае ў гэта маляўнічае месца, каб пабыць у такой душэўнай, узнёслай атмасферы.
Што робіць малую радзіму такой асаблівай? Чаму, нават з’ехаўшы далёка, мы ў думках вяртаемся да яе зноў і зноў? Магчыма, таму, што менавіта тут закладваюцца нашыя карані, фармуецца любоў да роднай зямлі і пачуццё прыналежнасці да чагосьці большага, чым мы самі.

Галіна АНТОНАВА
Фота ўдзельнікаў мерапрыемства