– Цёця Наташа, пайшлі пагуляем?
– Яшчэ раз назавеш мяне “цёцяй” і я пакрыўджуся…
– Цёця Наташа, пайшлі пагуляем?
– Яшчэ раз назавеш мяне “цёцяй” і я пакрыўджуся…
Зараз успамінаю гэтую размову і сама сабе ўсміхаюся. Здаецца, даўно гэта было, а не забылася. Мінула шмат гадоў, а яно ляжыць напаверхні, нібы толькі ўчора нарадзілася на свет. Ды і як яно магло забыцца, калі менавіта з такіх, на першы погляд, маленькіх падзей складаецца вялікае жыццё. А жыццё маё складвалася па-рознаму. Хапала, канешне, і цукру, і солі, але дзякуючы тым людзям, якія заўсёды былі побач, цяжкасці хутка сыходзілі ў нябыт.
Нарадзілася я ў цудоўнай сям’і. Як пісала я ў адным са сваіх вершаў “мае тата і мама выдатныя людзі”. Гэта сапраўды так. Бацькі нас (а у мяне яшчэ ёсць два браты – старэйшы і малодшы) вельмі любілі і клапаціліся пра тое, каб у нас было ўсё неабходнае. І яно было. Але потым так склаліся абставіны, што нейкі перыяд часу нам прыйшлося пажыць асобна ад любых бацькоў. Застаўшыся, як кажуць, без даху над галавой, яны паехалі шукаць месца для жыхарства, а нас пакінулі з бабуляй і дзядулем. Я на той момант хадзіла ў чацвёрты клас. Шмат чаго, канешне, не разумела, не заўважала, але добра памятаю, як моцна я сумавала па матулі, як мне хацелася абняць яе, паглядзець ёй у вочы і адчуць хоць на імгненне яе асаблівую ласку. І не ведаю, як бы ўсё склалася, калі б побач са мной не было даражэнькай цёці Наташы – роднай сястры маёй матулі, на долю якой выпала вялікая адказнасць: даглядаць чужых дзяцей.
Цёця Наташа старэйшая за мяне ўсяго на шэсць гадоў, таму называць сябе цёцяй забараняла наадрэз. І я называла яе проста Наташка. Ды і якой яна магла адчуваць сябе цёцяй, калі, шчыра кажучы, і сама была яшчэ дзіцём. Мы разам гулялі ў лялькі, разам збіралі кветкі, разам глядзелі перад сном калыханку і разам раслі. Гэта было цудоўна. А колькі прыгод з намі здаралася – не пералічыць. Часам сустрэнемся, пачнём успамінаць і да таго наўспамінаемся, што жываты баляць ад смеху. Памятаю, як аднойчы ўгаварыла Наташку ўзяць мяне з сабой на дыскатэку. Яна пагадзілася. Прыйшлі мы ў клуб. Гэта была мая самая першая дыскатэка. Толькі чаканні мае не спраўдзіліся. Наташка амаль адразу пасадзіла мяне на падаконнік і сказала: “Ты сядзі, а я патанчу”. Так я і прасядзела цэлы вечар. Памятаю яшчэ адну цікавую гісторыю, якая датычыцца нас абоіх. Ляцелі мы аднойчы з горкі на веласіпедзе. Прычым ляцеці ў прамым сэнсе гэтага слова. Дахаты прыйшлі пабітыя, напужаныя, але задаволеныя тым, што засталіся жывыя. У той жа вечар (атрымаўшы добрага наганяю ад бабулі) мы засталіся без калыханкі. Пайшлі ў свой пакой і леглі спаць. Памятаю, як прытулілася да Наташкі і сказала: ”Ты мая другая матуля!”…
Шмат гадоў праляцела і шмат вады выцекла, але, ведаеце, я і зараз лічу Наташку сваёй другой матуляй. Яна заўсёды побач. Яна заўсёды разам. Што б ні здарылася – яна адна з першых прыйдзе на дапамогу. Мне здаецца, што яна і ёсць той самы анёл-ахоўнік, якога Бог дае кожнаму з нас.
У снежні мінулага года ў газеце “Светлы шлях” быў надрукаваны артыкул, у якім Галіна Козел пісала пра сацыяльнага работніка Крушынскую Наталлю Барысаўну. Дык вось гэта жанчына – Наталля Барысаўна – і ёсць мая даражэнькая Наташка. Яна сапраўды жыве ў вёсцы Лылойці і працуе сацыяльным работнікам. Работу сваю вельмі любіць – гэта праўда. Людзей, якіх даглядае, яна ласкава называе “мае старычкі” – гэта таксама праўда. І я, як ніхто іншы, ведаю, што кожнага са сваіх падапечных Наташка любіць, як блізкага чалавека, і адносіцца да ўсіх з вялікай пашанай.
Мяркую, што клопат пра другіх – гэта сапраўды дар, які дадзены Наташцы Богам ад нараджэння. Яна з тых людзей, якім чужое баліць гэтак жа моцна, як і сваё, а магчыма, што і мацней. Яна ніколі не спыніцца на паўдарозе і, калі прымае рашэнне дапамагчы чалавеку, то пойдзе ў сваім рашэнні да канца. І на такіх людзей трэба раўняцца, з такіх людзей трэба браць прыклад.
У хуткім часе мы збяромся ўсе разам, каб павіншаваць Наташку з днём нараджэння. А сёння праз старонкі газеты я хачу сказаць, што словы “чалавеку трэба чалавек” ніколі не страцяць сваёй актуальнасці, бо кожнаму з нас патрэбен той, хто раздзеліць з намі сваё жыццё, і той, з кім раздзелім сваё жыццё мы. Людзі – гэта ланцужок, па якому ідзе цеплыня, дабрыня і міласэрнасць. І дай нам Божа мудрасці не згубіць гэтых каштоўнасцей.
Вольга АЛІЗАР,
г. Гродна.