Пазнавайце сакрэты стварэння смаргонскіх абаранкаў
Падчас майстар-класу «смаргонская абараначніца ХХІ стагоддзя» раскажа пра ўсе нюансы гэтай тонкай справы. А ўдзельнікі на некаторы час ператворацца ў «калястольніц» – будуць «ляпіць» абаранкі з гатовага цеста. Дарэчы, усе, хто раней у арцелі спецыялізаваўся на гэтай аперацыі лічыліся «белай косткай» пякарань.
«Я пакажу некалькі спосабаў, як можна зрабіць абаранкі розных памераў. Пазнаёмлю са спосабамі фармавання абаранка, якія выкарыстоўвалі майстрыхі сто гадоў таму, і з сучаснымі спосабамі «лепкі». Пра гэта і не толькі даведаюцца тыя, хто прыйдзе да мяне на заняткі пад адкрытым небам», – зазначыла Кацярына Сінкевіч.
Усім удзельнікам майстар-класаў гарантаваны гасцінцы ад «Кацінага хлеба». Не ўпусціце магчымасць далучыцца да смачнай традыцыі і стварыць сваімі рукамі сімвал смаргонскай кулінарнай спадчыны.
Майстар-класы будуць ладзіцца 28 чэрвеня ў гарадскім парку, насупраць каталіцкага моладзевага цэнтра. Пачатак – у 13.00, 14.00 і 15.00.
Галіна АНТОНАВА