Смаргонскія абаранкі: гісторыя вядомага брэнда

Смаргонскія абаранкі: гісторыя вядомага брэнда

Общество
27.06.2025
150
Узнікненне «смаргонскіх абваранкаў» гістарычна звязваюць з не менш славутай Мядзведжай акадэміяй. У сярэдзіне  ХVII стагоддзя ў Смаргоні Радзівілы заснавалі школу дрэ­сіроўкі мядзведзяў, якую жартоўна пачалі называць «Мядзведжай акадэміяй». Вучоных-«акадэмікаў» скамарохі вадзілі па Еўропе. Рэч Паспалітая, Германія, Венгрыя, Францыя… На кірмашовых плошчах касалапыя артысты танцавалі пад музыку і паказвалі розныя фігуры пантамімы, забаўляючы публіку

Шлях мядзведзяў быў далёкім і доўгім, падарожжа доўжылася да паўгода. Па дарозе іх трэба было карміць. Таму прыдумалі для касалапых артыстаў корм у выглядзе палачак. Рыхтавалі «сухія кансервы» проста: замешвалі крутое цеста з мукі і вады і варылі яго ў кіпені. Потым рэзалі на палоскі і выпякалі ў печы. Паступова адбылася «рэфармацыя» печыва: палачкі сталі скручваць у кругляшы, каб павадырам зручней было насіць іх на вяроўках.

рг.jpg

Сухімі «кансервамі» і мядзведзяў кармілі, і павадыры падсілкоўваліся. Неўзабаве ласунак для мядзведзяў стаў папулярны ў карчмах мястэчка. Падаваўся як закусь. Пік папулярнасці смаргонскіх абаранак прыйшоўся на ХІХ стагоддзе. Кожны пекар тады стараўся зрабіць іх самымі смачнымі. Адны дадавалі ў цеста мёд, іншыя кмен ці мак, пяклі іх са здобнага, поснага, салодкага ці салёнага цеста.

У  Смаргонскім гісторыка-края­знаўчым музеі распрацавана тэатралізаваная экскурсія «Шляхамі кірмашовымі» і анімацыйная праграма для дзяцей «Мядзведзь Барута і абаранкавыя гісторыі», падчас якіх супрацоўнікі музея  расказваюць пра гісторыю «Мядзведжай акадэміі» і смаргонскіх абаранкаў. На фота – навуковы супрацоўнік музея  Таццяна Мацкевіч у вобразе Абараначніцы

н.jpg

«Для вырабу абаранкаў выкарыстоўвалі муку розных гатункаў: «пяцінольку» (вышэйшы гатунак), «чатырохнольку» (1 гатунак) і «трохнольку» (2 гатунак). Змешвалі «пяцінольку» і  «трохнольку» – і пяклі абаранкі-«саломкі» (салодкія, ванільныя, сюды дадавалі яйкі). З «чатырохнолькі» пяклі грашовыя абаранкі (каштавалі 5 грошаў) і «капеечныя» (каштавалі 10 грошаў). Сярэдняга памеру абаранкі (на два пальцы) называлі «троячныя», – расказвае навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Таццяна Мацкевіч: – Вечарам, гадзін у 7 – 8, пекары ставілі «рашчыну». Каб цеста лепш падыходзіла, у яго дадавалі «подчынку». Усё гэта рабілася ў спецыяльных начоўках (карыце). Калі цеста падышло, яго змяшчалі на спецыяльную лаву (памерам 1х2 метры), у якой быў зроблены круг, куды клалі цеста. Зверху клалі доўгую палку, і адна з жанчын нібы садзілася на яе зверху і «скакала» ўздоўж лавы па цесце. Гэты этап называўся замешваннем.

Пасля гэтага цеста раскатвалі на стале ў доўгія жгуты, з якіх «шчыпалі» абаранкі. Потым іх варылі ў вялікім чыгуне – у мядовай вадзе. Жанчына, якая сядзела за сталом і рабіла абаранкі называлася калястольніца  (тыя, хто спецыялізаваўся ў арцелі на гэтай «аперацыі», лічыліся «белай косткай» пякарань). Каляварніцы працавалі ля чыгуна, што стаяў у печы. Як толькі абаранкі ўсплывалі, іх даставалі друшляком, каб сцякала вада, высыпалі на вялікі шуфель. Калі ён напаўняўся абаранкамі, яго на 2 – 3  хвіліны змяшчалі ў печ, каб падсушыць. Потым шуфель даставалі з печы і перакладалі на доўгія плоскія металічныя палкі , якія называлі «вясёлкамі». Гэтай працай займаліся 2 – 3 чалавекі (працэс патрабаваў хуткасці). «Вясёлкі» з абаранкамі змяшчалі ў печ радамі, там іх пераварочвалі. Калі абаранкі былі гатовыя, іх даставалі лупкай (вырабы круглай формы, плеценыя з саломы) і ссыпалі ў мяхі. Абаранкі нанізвалі на папяровую вяроўку – атрымліваўся «бунцік», які складаўся з 10 вяночкаў (адзін вянок – ад 18 да 22 абаранкаў)».

У 1930-х гадах у Смаргоні налічвалася каля 60 пекараў, якія займаліся вырабам абаранкаў на продаж. Пякарні часцей за ўсё размяшчаліся побач з хатай. Як правіла, гэта быў сямейны бізнес. У кожнай гаспадыні – свой рэцэпт, які трымаўся ў сакрэце. Цэлую зіму пякліся абаранкі, захоўваліся ў чыстых палатняных мяхах, а ў сакавіку смачны груз адпраўляўся ў дарогу. Чароды конскіх вазоў везлі яго ў Ліду, Гародню, Вільню… Цягнікі – у Варшаву, Сопат, Маскву, Санкт-Пецярбург… Смаргонскія арцелі паспяхова працавалі да 1939 года.

Галіна Антонава

Фота аўтара

Статьи по теме: