П’еса «Запаветнае жаданне» – пра мядзведзяў, мары і абаранкі

П’еса «Запаветнае жаданне» – пра мядзведзяў, мары і абаранкі

Культура
14.06.2025
245

Нядаўна адбылася прэм’ера спектакля «Запаветнае жаданне», яе прадставілі  ўдзельнікі ўзорнага тэатральнага калектыву «Смаргонская батлейка». П’есу напісала кіраўнік калектыву Іна ЯНОВІЧ.

Пастаноўка, у якой галоўнымі героямі сталі два мядз­ведзі, пакарыла глядацкія сэрцы цеплынёй сюжэту, народным гумарам і, вядома, фірменнымі «Смаргонскімі абаранкамі» – любімым прысмакам персанажаў. Дадалі эмацыянальнасці інтэрактыўныя элементы, у тым ліку момант, дзе героі частуюць абаранкамі гледачоў.

Ідэя напісання п’есы з’явілася нечакана. Падчас леташняга выступлення «Смаргонскай батлейкі» на рэгіянальным фестывалі батлеечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі», дзе юныя артысты атрымалі дыплом І ступені і прыз глядацкіх сімпатый «Батлейка хіт», у якасці запаветных статуэтак ім уручылі Мядзведзяў – адмысловыя вырабы, створаныя майстрам раённага цэнтра рамёстваў Нінай Кенька.

«Мы атрымалі маленькага і вялікага мядзведзяў. Я  ўзяла іх у рукі – і ў маёй галаве тут жа, на сцэне, нарадзіўся сюжэт, які лёг у аснову п’есы пра мару, сяброўства і традыцыі», – расказвае кіраўнік калектыву Іна Яновіч.

Пра што спектакль? У цэнтры сюжэту – выпускнік «Мядзведжай акадэміі», умелы артыст, які пакарыў сцэну, і медзведзяня-летуценнік, які хоча паступіць у акадэмію, каб потым выступаць перад гледачамі. П’еса спалучае народны гумар, кранальныя моманты і нават гастранамічную «разыначку» – «Смаргонскія абаранкі», якія ў спектаклі сталі сімвалам гісторыі і традыцый.

 «Спектакль «Запаветнае жаданне» – не проста забаўляльная пастаноўка, гэта сувязь пакаленняў, бо батлейка захоўвае традыцыі народнага тэатра, – упэўнена Іна Уладзіміраўна. – Гэта творчы эксперымент, які даказвае, што старажытнае мастацтва можа быць сучасным і зразумелым як дзецям, так і дарослым».

Дарэчы, майстэрства смаргонскіх артыстаў і работу кіраўніка высока ацаніла і публіка, і журы рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў вучняў «Нашчадкі традыцый», якое адзначыла «Смаргонскую батлейку» дыпломам лаўрэата ІІІ ступені.

IMG_6507.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: