Мы прадаўжаем знаёміць чытачоў з творчымі людзьмі Смаргоншчыны, якія, натхніўшыся гісторыяй пра смаргонскія абаранкі і выхаванцаў «Мяздведжай акадэміі», сталі ствараць свае творы: вершы, казкі, вырабы і нават манументальныя работы. Кожны твор – гэта нітка, якая злучае пакаленні.
На шляху да фестывалю
Увазе чытачоў прапануем верш «Што за абваранкі?» смаргонскай паэткі і казачніцы, выхавальніцы Смаргонскага санаторнага дзіцячага сада Анастасіі Маршалак. «Люблю перакладаць на вершы розныя гісторыі і празаічныя творы, у мяне шмат вершаваных казак і тэатралізаваных пастановак, – адзначыла Анастасія Яўгеньеўна. – А ў вершы «Што за абваранкі?» прадстаўлена маё бачанне гісторыі брэнда «Смаргонскія абаранкі»
Што за абваранкі?
– Пра абваранкі са Смаргоні ці чуў калі?
– Даўным-даўно, але не помню што! А ты?
– Калі я быў у Смаргоні, то чуў пра іх я шмат!
– Дык падзяліся звесткамі са мною, брат!
– Калі табе цікава, то я ўсё раскажу
– Цікава! Ну, хутчэй! Я ведаць так хачу!
– Калісьці ў Смаргоні мядзведзяў гадавалі,
У вядомай акадэміі іх дрэсіравалі.
Вучылі кланяцца, змагацца, танцаваць,
На месцы тупаць, біць у ладкі і скакаць.
А каб на «выдатна» вучыліся мядзведзі,
Іх абваранкамі кармілі на абедзе.
– А як рабілі тыя абваранкі?
– Мука з вадой замешвалася зранку,
Палоскі з цеста ў кіпені варылі,
Пасля на сонцы добра іх сушылі.
І каб мядзведзі шчыра смакавалі,
Іх добра соллю зверху пасыпалі.
– Значыць, абваранкі – для мядзведзяў страва?
– Калісьці – так, а сёння – то не тая справа.
Цяпер яны салодкія, прыемны маюць пах,
Цеста замешваецца на дражджах.
У кожнай гаспадыні – свой рэцэпт,
Таму ў смаргонскіх абваранкаў такі «імпэт».
– Мне вельмі захацелася іх пакаштаваць!
– Тады – у дарогу! Не будзем час губляць!