Па ўсёй Беларусі з 2 да 8 чэрвеня праходзіць рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». Яна заклікана папулярызаваць унутраны турызм і адкрыць беларусам і гасцям краіны ўсю разнастайнасць турыстычных магчымасцей. Арганізатарамі акцыі выступаюць Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва па турызме. Сёлета ў ёй прымаюць удзел больш за 1400 аб’ектаў турыстычнай сферы.
На Смаргоншчыне ёсць што паглядзець
«Уключыліся ў рэалізацыю гэтага маштабнага мерапрыемства і 19 аб’ектаў Смаргонскага раёна. Аграсядзібы «Трылесіна», «Мара», «Сябры», «Квітнеючыя берагі», «Ляліва», «Гаранскіх», «Панскі фальварак», «Вялес», «Koko_house», «Aguavoyage.by» арганізавалі дні адчыненых дзвярэй, – адзначае старшы інспектар аддзела спорту і турызму райвыканкама Анастасія Арлоўская. – У адпаведныя дні ўсе жадаючыя могуць прыехаць і пазнаёміцца з інтэр’ерам сядзіб, даведацца пра асаблівасці адпачынку, прыняць удзел у тэматычных экскурсіях і майстар-класах».
Аматарам гастранамічнага турызму некаторыя сядзібы, у тым ліку «Гаранскіх», «Панскі фальварак», «Трылесіна», прапаноўваюць дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, у сядзібе «Ляліва» можна будзе паспрабаваць абаранкі-смаргонкі. У «Квітнеючых берагах» – пакатацца на катамаранах.
Гасцей прымаюць гісторыка-краязнаўчы музей (у тым ліку сектар «Крэўскі замак»), раённы дом рамёстваў, музеі СШ №5 і гімназіі, раённая бібліятэка. У акцыі таксама ўдзельнічаюць раённы турысцка-інфармацыйны цэнтр, цэнтр культурна-аздараўленчай работы і гасцініца «Рубін».
Галіна АНТОНАВА
Фота прадастаўлена Анастасіяй Арлоўскай