Няня для цялят

 

Няня для цялят

Общество
19.11.2023
708
Штораніцы Святлана Ропат адпраўляецца на работу ў незвычайны “дзіцячы садок”. Незвычайны – таму што яе выхаванцы не дзеці, а цяляты. “Хаця, - смяецца Святлана Чаславаўна, - ад дзяцей яны мала чым адрозніваюцца”. Бывае, прыбірае жанчына ў стойле, а каторае цялё цягне яе за халат, патрабуючы ўвагі. І за ноч паспяваюць засумаваць без сваёй “выхавацелькі” – тыцкаюцца ёй у руку насамі, просячы ласкі.

2Z3A0081.JPG

2Z3A0068.JPG

Святлана Ропат – аператар жывёлагадоўчага комплексу “Вішнева”. За шматгадовую добрасумленную працу да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці яе ўзнагародзілі Падзячным лістом старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка.

Цяляты трапляюць у клапатлівыя рукі Святланы Чаславаўны ва ўзросце 2 – 3 месяцаў, калі дасягаюць вагі 80 кг. Тады ўжо менавіта яна адказвае за іх паенне, кармленне, раздачу канцэнтратаў, чыстку. “Кармы такім маленькім раздаём уручную, не трактарам падвозім, - расказвае Святлана Чаславаўна. – Няньчым, калышам, лечым, як хварэе (лекі, безумоўна, прызначае ветэрынар, але нагляд за хворым павінен быць з усіх бакоў)”.

Працаваць на жывёлагадоўчы комплекс Святлана прыйшла зусім дзяўчынкай – у 18 гадоў, па прыкладзе мамы, якая таксама шчыравала тут. І затрымалася ажно на 32 гады. Пакуль на 32, бо пакідаць сваіх гадаванцаў жанчына не збіраецца.

Комплекс працуе па прынцыпе канвеера: як толькі цяляты падрастаюць (а гэта яшчэ 2 – 3 месяцы), Святлана Чаславаўна аддае іх на наступны этап дарошчвання. Пасля гэтага мые памяшканне, праводзіць дэзінфекцыю і чакае чарговага папаўнення. “Бывае, шкада аддаваць сваіх цялят, асабліва тых, якія найбольш да цябе цягнуцца. Як, напрыклад, гэты Рыжы Ліс”, - знаёміць яна мяне з адным са 140 падапечных. Маленькі бычок Рыжы Ліс не спяшаецца падыходзіць, убачыўшы чужога чалавека, але, пазнаўшы Святлану Чаславаўну, цягнецца да яе пальцаў шурпатым языком, нібы хочучы прывітаць сваю гаспадыню.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

Статьи по теме: