У Крэўскім замку знойдзена сцяна невядомай вежы
Общество
					28.07.2023
							
	  	
	
			На тэрыторыі Крэўскага замка актыўна праводзяцца археалагічныя раскопкі. Кожны сезон здзіўляе новымі цікавымі знаходкамі. Гэты сезон – не выключэнне. Адкрыццём для археолагаў стала знойдзеная сцяна невядомай трэцяй вежы.
		
	
	- У 2020 годзе падчас археалагічнага нагляду ў найбольш руйніраваным паўночна-ўсходнім куце Крэўскага замка былі выяўлены фрагменты цаглянай муроўкі па сцяне. Гэта падштурхнула нас да ідэі, што там магла быць нейкая пабудова. У мінулым годзе разам з Беларускім геаграфічным таварыствам быў праведзены эксперымент у вывучэнні замка – геарадар вызначыў у гэтым куце анамалію – след пабудовы. Сёлета мы знайшлі вельмі магутную сценку шырынёй амаль 2 метры, якая складзена з камянёў і змацавана вапнавай рошчынай. У Каўнасе мы адшукалі архіўныя дадзеныя, якія сведчаць пра тое, што падчас нямецкай акупацыі ў 1942 годзе літоўскія архітэктары праводзілі работы на тэрыторыі замка і знайшлі сцяну, якая яшчэ ў той час выступала над паверхняй зямлі. Таксама мы знайшлі рэканструкцыю Крэўскага замка, апублікаваную ў 1938 годзе ў польскім краязнаўчым часопісе. Калі супаставілі ўсе звесткі, з вялікай доляй верагоднасці можам сказаць, што мы знайшлі падмуркі невядомай нам вежы. Хутчэй за ўсё, Свідрыгайла ў 1433 годзе штурмаваў замак менавіта з гэтага накірунку. Магчыма, тут была яшчэ адна брама, праз якую і прарваліся войскі Свідрыгайлы, знішчыўшы паўночна-ўсходні кут, у тым ліку і вежу, якая больш не аднаўлялася, - расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч. – Гэта адкрыццё карэктуе наша ўяўленне і пра гісторыю Крэўскага замка, і пра пачаткі мураванага абарончага дойлідства Вялікага Княства Літоўскага. Канешне, мы плануем раскрыць увесь перыметр вежы. У наступным годзе спадзяёмся гэта здзейсніць.
 
Аксана ГЕЙБОВІЧ. 
Фота аўтара.
 
      
     
 
      
     
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
 
						 
					









