Танцуй пад сваю музыку. У гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава “Смаргонскія найгрышы – нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі”


“За апошнія дзесяцігоддзі Смаргоншчына стала асяродкам адраджэння разнастайных адгалінаванняў традыцыйнай беларускай культуры. Але асаблівае месца займае народная музыка, - адзначыла падчас адкрыцця вядучая імпрэзы, навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна. - Сёняшняя ўнікальная выстава дэманструе нам адну з каштоўнасцей у скарбніцы Смаргонскіх традыцый – найгрышы. Сёння мы будзем гаварыць пра ўнікальную народную музыку, што патрапіла ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, пра таленты самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны”.


…І загучалі мелодыі вясковых варыяцый Смаргоншчыны… Іх выканалі носьбіты народнай музычна-інструментальнай традыцыі: калектыў інструментальнай музыкі «Кушлянская капэла» (РЦК) і дзіцячы ансамбль народнай музыкі «Гулянок» (школа мастацтваў імя М. К. Агінскага). 
Граў на імпрэзе і самадзейны музыка Вячаслаў Тумаш. Мужчына родам з Вішнева, навучыўся граць на слых. Мелодыі выконваў на інструменце, які купіў у 1975 годзе на Украіне, калі вяртаўся пасля службы ў арміі.  
У 2022 годзе традыцыйны музычна-інструментальны выканальніцкі стыль  «Смаргонскія  найгрышы»  ўключаны ў «Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь». Папярэднічала гэтаму вялікая праца метадыста па музеях і ГКС Смаргонскага раёна Алены Бобінай, якую пазней завяршыла Наталля Чудакоўская. 

Пра каштоўнасць смаргонскіх найгрышаў распавяла прысутным начальнік аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражэва.

Аўтар гэтых радкоў прысутным расказала пра жыццёвы і творчы лёс самадзейных музыкантаў Смаргоншчыны. У 2019 і 2020 гадах на старонках газеты “Светлы шлях” (у праекце “З крыніц народных, жыватворных”) былі надрукаваны каля дзясятка нарысаў пра музыкаў, якія пазней былі сабраны пад адну вокладку – і выйшла кніга “Самародкі”.
Пасля сябе самародкі са Смаргоншчыны пакінулі не толькі музычную спадчыну, але і памяць, якую зберагаюць іх родныя. На ўрачыстасці прысутнічалі дачкі цымбаліста і акардэаніста Станіслава Гоіча з вёскі Круні і дачка акардэаніста Станіслава Казлоўскага з вёскі Малінавай (да 1980 - жыў у Дубатоўцы).  
А пасля вядучая прапанавала гасцям пазнаёміцца з выставай, на якой прадстаўлены фотаздымкі музыкаў,  музычныя інструменты, у тым ліку і самаробныя, аўдыязапісы носьбітаў розных пакаленняў музыкаў. 


Выстава будзе працаваць да 21 красавіка.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара і Дзмітрыя ЯРМАКА.
 
						 
					









