Чалавеку не трэба іншага раю, чым родная зямля

 

Чалавеку не трэба іншага раю, чым родная зямля

Общество
24.08.2022
216

Сёння мы з высокіх і пачэсных трыбун любім паразважаць пра патрыятызм, Айчыну, Бацькаўшчыну, Радзіму. Але я ўпэўнены: калі ты не здолеў у маленстве палюбіць малую радзіму, то і ўся Бацькаўшчына, нават астатняя планета Зямля, для цябе цьмянае паняцце, пусты гук, абстрактнае азначэнне…

За сваё жыццё мне давялося пабываць у розных мясцінах. Аднак памяць міжволі зноў і зноў вяртае ў бацькоўскі край, у незабыўнае маленства. Сэрца, як буслянятка, у вольную хвілінку імкнецца туды, дзе карані твайго роду Карнелюкоў. 
Карані, якія свята для душы і спо­ве­­дзь-рэквіем для сэрца.

Родная хата

Нас заўсёды сцяжына памяці вядзе да бацькоўскай хаты. Нават кожная птушка ў гняздо сваё вяртаецца. А што ўжо казаць пра чалавека? Менавіта ў гэтай незабыўнай краіне маленства да нас упершыню пачынае зазіраць праз вокны пяшчотнае сонейка. Тут мы чуем бабуліны казкі і неверагодныя гісторыі ад дзядулі. А матчыны песні і калыханкі праз усё жыццё гудзяць
ціхай-ціхай пчалінкай.

Усмешка маці светлая, як вада са свойскага калодзежа, як доўгачаканае шчасце, як шчымлівы лёс.  Маці заўсёды чакаюць сыноў дадому, і як балюча і горка матулям, калі дзеці іх забываюць. Здраджваюць бацькоўскай хаце, роднай зямлі.

Парог роднай хаты па-сапраўднаму святы: ён дрэннаму ніколі не навучыць. Дзякуючы яму мы пазнаём першыя жыццёвыя ўніверсітэты. Нам усё жыццё чэрпаць дабро і святло са шматлікіх крынічак бацькоўскай зямлі.

У нашай сінявокай і лёгкакрылай
Беларусі што ні двор – то песня, што ні вёска – то царства садоў. Суайчыннікі, жывіце ды віце гнёзды дома! Бо самы салодкі – з роднай хаты дым. Святое і салодкае ніколі не знойдзеш на чужыне.

Роднае поле

Нашы продкі добра ўсвядомілі: жыць – значыць,  жыта сеяць. Хочацца і сёння пакланіцца нізка-нізка  хлебаробам Айчыны. Чаму ў нас няма помнікаў аратым? Усе яны робяць надзвычай важную працу, і самая важная паэма іх жыцця – гэта роднае поле. Мой дзед быў аратым. Хлебаробам нястомна працаваў увесь свой век і бацька.

“Луста хлеба далонь грэе”, - часта любіла казаць за сямейным сталом бабуля Таццяна. Чалавеку не трэба іншага раю, чым родная зямля. Сама праца на зямлі – простая, як хлеб, але глыбокая, як душа хлебароба. Родная зямля зімой і летам, восенню і вясной спявае гімн жыццю. На зямельцы кожнаму ёсць месца. Новым калоссем і адраджаецца поле.

Сей жыта, браце, сей! Сей у імя будучых пакаленняў беларусаў! Няхай зямля ніколі не адвернецца ад дзяцей!

Родны бор

У лесе маленства так цудоўна адпачываеш душою і сэрцам. Родны гай ніколі не здра­дзіць. Тут самыя смачныя ў свеце грыбы і ягады. Тут нават зязюля дапамагае табе шчасце лічыць.
Што ні кажы: родны гай – боскі рай.

I самая высокая свабода – у лесе дзяцінства. У лесе твайго жыцця. На малой радзіме бор – ажно пад самае неба. Родны бор -  як руплівы і дбайны баць­ка. Пачакай, затрымайся тут, спыніся на імгненне: лес цябе і вылечыць, і адухатварыць, дасць моцы на далейшае шчаслівае жыццё.

Родны лес – наш лёс і аўтограф, любоў і жыццёвыя мроі.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.