Калі здрадзіў сабе і Радзіме

 

Калі здрадзіў сабе і Радзіме

Общество
18.10.2020
315

З вышыні пражытых гадоў магу сцвярджаць: няма на зямлі нічога бліжэй і даражэй, чым Бацькаўшчына. Для многіх паняцці “ Айчына”, “бацькоўская зямля” - самае дарагое, любімае, каштоўнае, дзеля якога ў вызначальны ці надзвычай напружаны  час гатовы нават памерці. Радзіма – заўсёды адзіная і непаўторная, унікальная і велічная. Менавіта тут самае яркае сонца,  самая зялёная трава, самае блакітнае неба, самыя лепшыя людзі. Землякі, суайчыннікі – гэта наогул роднасць, святасць, замацаванасць каранёў! На вялікі жаль, ёсць і адваротны бок медаля…

Апошнім часам  надзвычай актуальнай, як і ў Вялікую Айчынную, стала ­праблема здрадніцтва і маладушніцтва. І як вынік – ілжэпатрыятызму і дэмагогіі. Магчыма, гэта ў першую чаргу звязана з абвастрэннем міжнацыянальных адносін, ваеннымі падзеямі на Украіне, іншых гарачых кропках планеты Зямля. У многім з дапамогай інтэрнэта  абудзілася ­дзейнасць так званых “нацыяналістаў-збачэнцаў”, квасных патрыётаў, новаспечаных манкуртаў, людзей перакаці-поле,  “беглых”. Проста дзіву даешся: тыя, хто ўчора здрадзіў Бацькаўшчыне, як малой  так і  вялікай, тым мясцінам, што пусцілі на свет божы, сёння з-за мора-акіяна раптам пачалі вучыць нас, тутэйшых, як жыць нам, на Бацькаўшчыне, з кім сябраваць, каму дзякаваць, а каго ненавідзець.

Здраднікі краіны застаюцца здраднікамі ўсюды. Як тут, так і там. Дарэчы,  нават у стане ідэалагічнага праціўніка да здраднікаў амаль заўсёды і ўсюды негатыўнае стаўленне. Здраднікаў ненавідзяць і не любяць амаль усе. Здраднікі часта ­бываюць нават знакамітымі і публічнымі людзьмі. Аднак  нягледзячы на ​​сваю вядомасць і нават некаторыя папярэднія заслугі, яны трапляюць у вялікую няласку ў суайчыннікаў.

Сёння, па некаторых  ацэнках, на антыбеларускім “фэйкавым” напрамку актыўна працуюць у інфармацыйнай прасторы да сямідзесяці - ста тысяч чалавек. Маю на ўвазе, напрыклад, і цэнтры інфармацыйнага супрацьстаяння ўзброеных сіл Злучаных Штатаў, іншых заходніх дзяржаў, Украіны. Прычым назіраюцца  цеснае ўзаемадзеянне ўкраінскіх падраздзяленняў інфармацыйных войнаў з польскімі і літоўскімі “калегамі”, каардынацыі на ўзроўні спецыялістаў пры правядзенні шматлікіх  укідаў ілжывай інфармацыі.

Супраць Беларусі і Расіі развязана інфармацыйная і эканамічная вайна. У наш няпросты час аказваюцца беспрэцэдэнтны націск, эканамічныя санкцыі, гандлёвая блакада, адбываецца ўдушэнне Беларусі і Расіі шляхам махінацый, шантажу, дыверсій. І вельмі агідна, што памагатымі ворага  сталі “беглыя” з Беларусі, што, як пацукі, збеглі з нашай самай міралюбівай у свеце краіны і рассяліліся ў гарадах планеты. Заўважу, што многія з “беглых” і прафесій амаль што яшчэ  не набылі, хоць для таго, каб плявузгаць, не трэба асаблівых талентаў. Іншыя нашы “дзеячы”, наадварот, пакуль займалі высокія, прыстойныя пасады, не высоўваліся, атрымліваючы неблагія грошы. А як былі злоўлены за злоўжыванні, пагарэлі на карупцыйных схемах, адразу залямантавалі і паўцякалі за мяжу… І імкнуцца вучыць цяпер нас. Толькі чаму яны здольны навучыць?

Жорсткае геапалітычнае супрацьстаянне ставіць перад Беларуссю ўсё новыя задачы па адстойванні суверэнітэту і незалежнасці краіны, абароне беларускага народа ад той масіраванай атакі, якая вядзецца на літаральна ўсе айчынныя традыцыйныя каштоўнасці і ідэалы. Пацярпеўшы няўдачу са спробай дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, калектыўны Захад, ЗША нарошчваюць санкцыйны націск, выпрабоўваючы нас на трываласць. Асаблівую занепакоенасць не можа не выклікаць тое, што развязаная супраць беларусаў інфармацыйная вайна набывае ўсё новыя формы як мірнага, так ужо і ваеннага супрацьстаяння. Пад выглядам штучна створанага звонку міграцыйнага крызісу адбываецца нарошчванне войскаў НАТА каля нашых заходніх граніц.

 Пры гэтым краіны, якія заўсёды на словах выступалі за дэмакратыю і правы чалавека, сёння, не раздумваючы, ­прымяняюць сілу і зброю супраць мірных грамадзян, нават цяжарных жанчын, дзяцей і старых. Вось такое, гнілое і пачварнае, разуменне дэмакратыі ўсяляк стараюцца ­навязаць і нам. Назіраецца беспрэцэдэнтны націск з-за мяжы і на беларускіх вайскоўцаў. Мы бачым навінавы інтэрнэт-хаос, шмат­лікія фэйкавыя правакацыі. Разгарнулася сапраўдная бойня за розум беларусаў. Націск, пагрозы, заклікі з-за мяжы штодня абвальваюцца на людзей розных прафесій, нават самых міралюбівых.

Жнівень 2020 года – толькі адзін з фрагментаў гэтай інфармацыйнай вайны. Прычым вельмі паказальны. Увесь наступны час у дачыненні да Беларусі вядзецца інфармацыйная вайна яшчэ па жорсткіх, нярэдка замаскіраваных  шаблонах. І яна накіравана толькі на адно: каб разбурыць усё пазітыўнае і гуманітарнае, што было дагэтуль намі створана, ачарніць, а потым на гэтым полі вар’яцтва і вераломства вырашаць свае ўсё новыя агідныя і паганыя пытанні і задачкі.

Нельга не ўлічваць, што тыя, хто знаходзіцца за акіянамі-марамі, адпрацоўвалі новаспечаныя  тэхналогіі здрады і хлусні  многія дзесяцігоддзі. Колькі войнаў, слёз і крыві з дапамогай гэтых мудрагелістых  тэхналогій яны прынеслі ў многія краіны! Ніхто ніколі з гэтых заморскіх дзядзькаў ды цётачак пра нас не падумае, толькі мы, беларусы, разам можам будаваць сваё шчаслівае заўтра. Іншых варыянтаў няма і быць не можа.

 Сярод нашых ворагаў шмат тых, хто спрабуе сказіць гісторыю і навязаць ілжывыя і выдуманыя каштоўнасці. Назіраюц­ца шматлікія спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай. Вельмі добра, што Генеральная пракуратура Беларусі расследуе крымінальныя справы аб ­генацыдзе беларускага народа. Мінск накіраваў запыты аб прававой дапамозе  ў многія краіны. Аднак шэраг дзяржаў, сярод якіх Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, адмовілі Беларусі ў прававой дапамозе. Не можа не радаваць, што з расійскім бокам супрацоўніцтва ў гэтай галіне ідзе на самым высокім узроўні. Дарэчы, беларускае ведамства паведамляла, што ў розных краінах пражывае не менш за 400 нацыстаў, якія маюць дачыненне да злачынстваў на тэрыторыі Беларусі.

Не трэба ніколі  шукаць сваіх сярод ­чужых. Роднымі ніколі не стануць чужыя. Янка Сіпакоў прыйшоў нават да такой высновы: “Можа таму і памірае ад настальгіі (самай чорнай і самай светлай хваробы) чалавек, які пры жывой радзіме топча ­чужыя травы, лашчыць чужыя кветкі, чуе чужую мову ад сваіх дзяцей”.  Задумаемся?!

Я ўпэўнены, што беларусы, як заўсёды, выстаяць, перамогуць усё чорнае і благое,  абавязкова стануць  яшчэ больш мужнымі і загартаванымі. Гэта ў нас ужо ў крыві, у генах, гэта нам перададзена ў спадчыну героямі Вялікай Айчыннай. Беларусь у нас адна, і народ яе, на шчасце, разумны, гасцінны і адзіны.

 Канстанцін КАРНЯЛЮК.