Ці варта чакаць 5 хвілін?

 

Ці варта чакаць 5 хвілін?

Общество
10.11.2022
663
“Не першы раз трапляю на вудачку. Бачу на магазіне “Буду праз 5 хвілін” ці “Тэхнічны перапынак – 15 хвілін” – і пачынаю чакаць. Я пенсіянерка, таму асабліва нікуды не спяшаюся. Але нядаўна так замерзла ў ногі, стоячы пад магазінам: прайшло хвілін 45 замест абяцаных 10, а прадаўшчыца і не з’явілася. Хіба так можна з пакупнікамі “жартаваць”? – гэта пытанне наша чытачка папрасіла праз газету адрасаваць тым, хто гандлюе.

ftwzxjwgbwp3fmbqyzih5h1ksjbtbl47.jpg

І я прыпомніла падобны выпадак. Праўда, тады было даволі цёпла. З дачкой-першакласніцай пасля “прадлёнкі” вярталіся дадому, хацелі патрапіць у адзін гандлёвы павільён, але ён быў зачынены. Селі побач на лаўку, з’елі паўбагета і… нарэшце, дачакаліся прадаўца. Але прайшло не пяць (як было пазначана на паперцы, прымацаванай да шкла), а добрых хвілін дваццаць. Павільён гэты даволі папулярны ў пакупнікоў, таму за гэты час каля дзесяці чалавек падышлі да магазіна і не сталі чакаць. Прыкладна столькі патэнцыяльных пакупнікоў гадлёвая кропка страціла.

 Сярод знаёмых вырашыла правесці невялікае апытанне на гэту тэму. Адна рэспандэнтка адзначыла: “У часы бескантактных плацяжоў і дзіджытала рукапісныя ці друкаваныя аб’явы на дзвярах ці вокнах выглядаюць дзіўна. Таблічка з надпісам “Вярнуся пра 5 хвілін” мне заўсёды здавалася неэфектыўнай. Яна не будзе хлусіць толькі ў адным выпадку – калі вы ўбачылі таблічку рэальна за пятнаццаць хвілін да вяртання работніка ці пачакалі яго зусім нядоўга”.

“Але галоўная праблема тут наогул у іншым, - адзначыў мой другі рэспандэнт. - Кожны раз, калі бачу перад сабой зачыненыя дзверы і таблічку з надпісам «Вярнуся праз 5 ці 10 хвілін», я задаюся адным і тым жа пытаннем: «Ад якога моманту?» Наўрад ці ад таго, калі надпіс трапіўся мне на вочы. Можа, прадавец сышоў даўно, таму чакаць засталося зусім мала. А што, калі ў мяне ёсць усяго дзесяць хвілін? Чакаць ці не варта?

“Гэта сітуацыя мне нагадвае анекдот. Жанчына піша паведамленне свайму мужу: “Дарагі, я ў бары з сяброўкамі, дапіваю свой апошні келіх. Буду дома праз 30 хвілін. Калі я не прыехала, прачытай гэта паведамленне яшчэ раз...”.

Заўсёды разраджаюць такія аб’явы на магазінах. Галоўнае – кропка адліку не пазначаецца. Адкуль пяць хвілін лічыць? Ну, ведаеш ты, што не вернешся праз пяць хвілін, напішы “Пераўлік”, - параіў прадаўцам яшчэ адзін рэспандэнт.

  Мы папрасілі даць свой каментарый і начальніка аддзела гандлю, паслуг і рэкламнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі, гандлю і паслуг райвыканкама Валянціну Галяк. Валянціна Генрыхаўна адзначыла: “У адпаведнасці з правіламі гандлю, суб’ект гаспадарання ўстанаўлівае самастойна рэжым работы гандлёвага аб’екта. І ён абавязковы да выканання. Калі вызначаецца канкрэтны час на работу гандлёвай кропкі, то на працягу яго магазін павінен быць адчынены. Пры гэтым мы разумеем, што бываюць сітуацыі, калі прадаўцу неабходна на некалькі хвілін адлучыцца, тады лагічна пазначыць на бачным месцы канкрэтны час – пачатак і завяршэнне тэхнічнага перапынку. Пакупнік павінен быць інфармаваны на гэты конт”.   

У такім выпадку сапраўды патэнцыйным кліентам усё стане зразумела. Можна паглядзець на гадзіннік і прыкінуць: варта чакаць каля дзвярэй або лепш пайсці па сваіх справах і вярнуцца ў вызначаны час. Ад гэтага сапраўды стане лепш жыць усім удзельнікам сітуацыі – і кліентам, і прадаўцу, якога гэтыя кліенты звычайна ўспамінаюць нядобрым словам. 

P.S. Дарэчы, для такіх выпадкаў існуюць спецыяльныя таблічкі з гадзіннікамі, дзе пазначаны рэжым работы.

Галіна АНТОНАВА.

Статьи по теме: