Апантаная культурай

 

Апантаная культурай

Общество
09.10.2022
1666
 “Дзе б я не знаходзілася, ішла са школы ці бегла за каровамі, уяўляла, што мяне здымаюць камеры, я – “зорка”. Марыла пра сцэну! А будучую прафесію выбірала не я, а мама. Яна сказала: “Вас пяцёра дзяцей, а мы не вечныя. Калі з намі раптам што здарыцца, то будзеце самі сябе карміць, трэба шукаць “хлебную” прафесію. І я пайшла вучыцца… на повара. Пятнаццаць гадоў адпрацавала ля пліты, а маё сэрца рвалася на сцэну, да публікі”, -  з першых хвілін знаёмства з Кацярынай Варанішча адчуваецца яе артыстычная жылка.

kv_2522.jpg

Падняць з “папялішча”

Прафесійны лёс нашай гераіні вырашыў Яго Вялікасць выпадак. У Сасноўцы, дзе яна жыве, раней быў вялікі клуб, які ў савецкі час гудзеў, у  гэтым жа памяшканні была і бібліятэка. На жаль, “ліхія 90-я” ўнеслі свае карэктывы. Пабудова аказалася ў аварыйным стане, рыхтаваліся дакументы на закрыццё ўстановы. Культработніка на той час не было.

“Як так! Культурнае жыццё ў Сасноўцы не павінна спыніцца!” – захваляваліся мясцовыя жыхары і сталі прасіць раённыя ўлады не рабіць гэтага.

З’явілася шмат нюансаў. Галоўнае – патрабаваўся работнік, які б узяўся за адраджэнне і клуба, і бібліятэкі. Людзі вырашылі, што гэтым чалавекам павінна стаць Кацярына… Без асаблівых ваганняў жанчына згадзілася. У клубных валанцёрах яна была заўсёды – і ў хоры спявала, і розныя мерапрыемствы дапамагала арганізоўваць.    

Пад клуб і бібліятэку выдзелілі памяшканне старой калгаснай канторы. Тут патрабаваўся рамонт і аздабленне. Кацярына і нераўнадушныя вяскоўцы ўдыхнулі ў гэта збудаванне новае жыццё.

Неўзабаве жанчына паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, адчувала, што ёй не хапае ведаў у бібліятэчнай справе. А што тычыцца арганізацыі клубнай работы, то тут яна сама шмат працавала са сваімі памочнікамі.

“Найбольш уражвае і грэе душу тое, што мы прапаноўвалі публіцы, яна прымала з радасцю, - усміхаецца Кацярына Васільеўна. - Я марыла быць артысткай і ўдзячная людзям, якія бачаць ува мне гэту артыстку. Культработнік без людзей – ніхто. Пакуль да нас на мерапрыемствы ходзяць нашы любімыя гледачы, пакуль ёсць такія ўдзельнікі і мая каманда, пакуль сям’я мяне падтрымлівае – я самы шчаслівы чалавек. Усё, пра што можна марыць, у мяне ёсць”.

Сцэна выхоўвае

У культуры Кацярына працуе 18 гадоў. “Ужо можна сцвярджаць, што мікс бібліятэкі і клуба даў свае плады, - упэўнена мая суразмоўца. - Людзі больш актыўна сталі наведваць бібліятэку – вельмі зручна, вяртаючыся з канцэрта ці рэпетыцыі, зайсці за літаратурай. Да таго ж мерапрыемствы можна зрабіць больш цікавымі. Напрыклад, сумясціць прэзентацыю кнігі ці выставы з пасяджэннем аматарскага аб’яднання для пажылых людзей і вакальны гурток для дзяцей і моладзі. Атрымліваецца двайная карысць для наведвальнікаў установы. Акрамя гэтага, мы запрашаем актыўных чытачоў прымераць на сябе ролю артыста і прыняць удзел у літаратурна-музычных, харэаграфічных ці тэатралізаваных мерапрыемствах.

Безумоўна, цяжка ў эпоху высокіх інфармацыйных тэхналогій завабіць гледача ці чытача да сябе, але калі любіш сваю работу і прыкладаеш намаганні, усё атрымаецца”.

Сасноўская бібліятэка-клуб  абслугоўвае 8 вёсак і 3 хутары. Як паведаміць пра навіны ўстановы ва ўсе гэтыя куточкі?

“Мы вырашылі падключыць паштальёна, - удакладніла мая суразмоўца. - Пачалі рыхтаваць і раздрукоўваць афішы-анонсы, на якіх пазначалі, якія мерапрыемствы рыхтуем, якія кніжныя навінкі паступілі ў фонд. Разам з карэспандэнцыяй людзі атрымлівалі і гэту інфармацыю. Калі зачынілі пошту, то і знікла магчымасць такім чынам даносіць інфармацыю, пачала дасылаць вяскоўцам асабістыя запрашэнні праз “Аднакласнікі” і вайбер. Атрымліваючы такое запрашэнне, існуе вялікая верагоднасць, што чалавек адгукнецца і завітае на свята ці захоча ўзяць што-небудзь пачытаць. Наш бібліятэчны фонд налічвае амаль 9 тысяч выданняў – на любы густ”.

Разам са сваімі памочнікамі Кацярына ладзіць і выязныя мерапрыемствы. Самадзейныя артысты выступаюць не толькі ў “сваіх” вёсках, са сваімі праграмамі гастралююць па ўсёй Смаргоншчыне. Самай каштоўнай узнагародай мая гераіня лічыць падзяку начальніка аддзела культуры райвыканкама Таццяны Ражэвай за дапамогу ў арганізацыі канцэртных праграм падчас правядзення брэндавых мерапрыемстваў раёна. Яна таксама ганарыцца Дыпломам лаўрэата ІІІ ступені на ХХІХ Міжнародным фестывалі народнай музыкі (2018 год) – за папулярызацыю народнай творчасці, зберажэнне і развіццё музычнай традыцыі. Вось так высока ацаніла выступленне Кацярыны журы, якое ўзначалілі народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец і мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусі імя Г. І. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі. Пад баян Валянціна Бортніка Кацярына бліскуча выканала смаргонскія прыпеўкі.

Дарэчы, Кацярына з 2016 года з’яўляецца салісткай народнага ансамбля беларускай песні “Вечарынка”. “У гэтым калектыве – цудоўныя людзі. Я ў іх вучуся, моцна цаню і бязмежна ўдзячная. Я вельмі шчаслівая ад таго, што маю магчымасць выходзіць разам з ўдзельнікамі “Вечарынкі” на сцэну, - кажа жанчына. – Увогуле, сцэна добра выхоўвае. Калі ты на яе выходзіш, - прэч усе трывогі і праблемы. Толькі песня, усмешка, добры настрой, які ты павінен падарыць людзям, нягледзячы ні на што”. 

Галіна АНТОНАВА,

Фота аўтара.


Статьи по теме: