У Крэве, на Юравай гары, пачалі ўсталёўваць вежу-дазорцу

Общество
07.09.2022
Яшчэ адзін турыстычны аб’ект - вежа-дазорца - неўзабаве з’явіцца побач з Крэўскім замкам, на Юравай гары.
“Цяпер у Крэве ствараецца ўнікальны аб’ект для Беларусі. Усе працы выконваюцца, наколькі магчыма, з ужываннем традыцыйных матэрыялаў і інструментаў, каб гэта было максімальна прыбліжана да тых тэхнік, якія існавалі ў старажытнасці. Гэта не толькі турыстычная цікавостка, але і выразны прыклад, рэпрэзентацыя вежавай сігнальнай сістэмы Вялікага княства Літоўскага”, - адзначыла дырэктар Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Бобіна, якая на дабрачыннай аснове ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва праектам і каардынацыю дзеянняў яго ўдзельнікаў на ўсіх этапах.  

IMG_0734.JPG

Наша газета пісала пра тое, што мінулай восенню на Юравай гары працавала група археолагаў з Мінска. Кіраваў раскопкамі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч. Алег Іванавіч даследуе гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Балтыйскага рэгіёну 13 – 17 стагоддзяў.

Гісторык тады расказаў: ”У 2012 годзе падчас археалагічных раскопак у Крэве, на Юравай гары, мы натрапілі на каменныя канструкцыі. У гэтым сезоне паднялі тут зямны пласт і выявілі мураваны падмурак пад нейкую драўляную канструкцыю. У нас з’явілася думка, што на Юравай гары мог знаходзіцца сігнальны пост (дазорная вежа), з якога можна было сузіраць Крэва як на далоні”.

Што падштурхнула навукоўцаў да гэтай думкі? Найперш тое, што ў нямецкіх хроніках ёсць ўпамінанне, калі аддзелы Нямецкага ордэна выпраўляліся ў рэйды на Літву, то сутыкаліася з сістэмай, з дапамогай якой ад гары да гары, ад гарадзішча да гарадзішча перадавалася інфармацыя агнём (паходняй).

“Напэўна, нейкая сігнальная сістэма існавала і ў Крэве. Мы не ведаем, якая, але можам дапусціць, што падобная да той, што апісваецца ў нямецкіх хроніках. І хутчэй за ўсё, знаходзілася яна на Юравай гары – у геаграфічна-геалагічным пункце, які дамінуе над наваколлем Крэўскага замка”, - падвёў рысу пад размовай Алег Дзярновіч.

Неўзабаве пасля гэтага адкрыцця з’явіліся зацікаўленыя людзі, якія захацелі ўзнавіць вежу-дазорцу ў Крэве. Увасабіць у жыццё гэты ўнікальны праект прапанаваў Вячаслаў Бруёк, дырэктар мінскай кампаніі “Фомар”, за кошт якой узводзіцца вежа.  Распрацаваў праект крэўскай вежы сталічны архітэктар Андрэй Шулаеў. Папярэдне ён правёў грунтоўную даследчую працу, у выніку якой паказаў, як у Еўропе такія вежы маглі выглядаць раней, які выгляд маюць цяпер, пасля рэканструкцыі. Працы выконвае  брыгада пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Пахомава.

изо.jpg

ізо1.jpg

Па словах Алены Бобінай, вежа будзе мець амаль 10-метровую вышыню, сцены з сасны, асобныя элементы, такія як дзверы, будуць выкананы з дуба, чатырохскатны дах будзе накрыты гонтай. Унутры пабудовы частка падлогі – са шкла, дзе будуць дэманстравацца рэшткі падмурка 14 стагоддзя, якія былі выяўлены археолагамі падчас папярэдніх раскопак.

IMG_0728.JPG

IMG_0725.JPG

IMG_0722.JPG

Яшчэ адзін прадпрымальнік Андрэй Кацько, у якога лецішча паблізу Крэўскага замка,  прапанаваў спецыяльныя вадкасці для апрацоўкі драўніны. Дзякуючы ім драўляныя канструкцыі будуць штучна састараныя, .таксама забяспечыцца ўстойлівасць драўніны да наступстваў прыроды і супрацьпажарная бяспека пабудовы.

Каваныя элементы падрыхтуе каваль Яўген Сліж, які мае паблізу Крэва лецішча.  Усе яны будуць зроблены па ўзору тых, што знойдзены падчас раскопак у Крэўскім замку.

Будзе добраўпарадкавана і тэрыторыя вакол вежы. З’явяцца прыступкі, прычым з двух бакоў: з аднаго – больш вертыкальныя, крутыя (для людзей фізічна загартаваных), з другога –  плаўныя, па якіх можна было б дабрацца да вежы людзям сталага ўзросту, а магчыма і з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Адначасова наверх на вежу зможа падняцца абмежаваная колькасць людзей – да 10 чалавек. Таму ёсць задумка зрабіць побач драўляны памост, дзе можна будзе перадыхнуць. Папрацуюць каля вежы і арбарысты, якія дапамогуць прывесці ў парадак багатую расліннасць.

“Вежа мае быць сціплай, простай, аскетычнай, максімальна прыбліжанай да свайго часу. Дакладна ніхто не можа сказаць, як выглядалі падобныя аб'екты ў 14 стагоддзі, але наша кампетэнтная каманда ў цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі прыкладае ўсе намаганні да таго, каб выканаць яе ў максімальна магчымай адпаведнасці часу.

Мы верым, што новы аб’ект, размешчаны на самай высокай кропцы ў Крэве, будзе выклікаць вялікі інтарэс у турыстаў. З вежы адкрыюцца цудоўныя краявіды на гістарычны ландшафт і помнікі старажытнага Крэва”, - зазначыла Алена Вячаславаўна.

IMG_0726.JPG

IMG_0708.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений