“Добрыя людзі, з вамі так лёгка». 95-гадовы юбілей адзначае міхневіцкі старажыл

 

“Добрыя людзі, з вамі так лёгка». 95-гадовы юбілей адзначае міхневіцкі старажыл

Общество
21.08.2022
1418
Невысокі, хударлявы, рухавы мужчына з ясным розумам, вялікім сэрцам і моцным унутраным стрыжнем – менавіта так я б ахарактарызавала Яўгена Рубана, які 21 жніўня адзначыць 95-гадовы юбілей. Яўген Іванавіч жыве ў Міхневічах. Род Рубанаў – вядомы ў вёсцы і наваколлі.

IMG_9161.JPG

IMG_9163.JPG


Міхневіцкі старажыл

Гаўрыіл (а ў народзе яго звалі Габрук), дзядуля Яўгена Іванавіча, трымаў карчму каля Міхневіч, ля дарогі, якая вяла ў Смаргонь. Нярэдка ў карчмара спыняліся купцы – паесці, пакарміць коней, пераначаваць. Карчму разбурылі ў 1944 годзе немцы падчас блакады партызанскай зоны, калі палілі вёскі Ардзяя, Зялёнкі, Ягаднае, Роткавічы…

“Мой прадзед Гаўрыіл быў вельмі прадпрымальным гаспадаром. Меў 8 гектараў ворнай зямлі, 4 гектары сенакосу, вялікі сад. Свае і купленыя ў іншых вяскоўцаў яблыкі і грушы адпраўляў на цягніку ў Пецярбург на продаж. Яго камерцыйная жылка, працавітасць і велікадушнасць перадаліся паслядоўнікам радаводу Рубанаў. Такі і мой бацька – вельмі добры і працавіты.

А мая бабуля Лізавета пражыла 105 гадоў, таму нядзіўна, што мой тата дажыў да 95 гадоў і застаецца рухавым і актыўным”, - дачка юбіляра Ірына Яўгенаўна выдае адзін з сакрэтаў даўгалецця.

Дому, у якім жыве мужчына, - ужо больш за 100 гадоў. Будаваў яго Гаўрыіл з сынам – бацькам Яўгена Іванавіча. “Мой дзед на той час вярнуўся з сям’ёй з Пензенскай губерні, куды вымушаны былі ўцячы падчас Першай сусветнай вайны, - удакладняе дачка Ірына. - Калі пачалі арганізоўваюць калгасы, Іван Рубан стаў членам рэвізійнай камісіі і кладаўшчыком у калгасе “Чырвоны партызан”.

Быў надзвычай веруючым чалавекам. Людзі абралі яго царкоўным старастам. Відавочцы нам расказалі, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ён схаваў ад немцаў у склепе, у бочцы з вапнай, залаты крыж, царкоўны кубак і вялікі кубак для прычашчэння. Рызыкаваў, бо ў яго доме ў гэты час “квартараваліся” немцы.

Пасля вайны захаваныя рэчы вярнуў назад у Свята-Пакроўскую царкву ў Міхневічах. У 1970-я гады вялікі кубак для прычашчэння перадалі ў Жыровіцкі манастыр”, а крыж і другі кубак дагэтуль – у Міхневіцкай царкве.

“Мой дзядзька таксама шчыры вернік. Пастаянна, нават у часы поўнага адмаўлення рэлігіі, хадзіў у царкву. Шмат гадоў быў званаром Свята-Пакроўскай царквы, і цяпер царкоўным звонам выпраўляе ў апошні шлях аднавяскоўцаў”, - робіць важны акцэнт Ларыса Рогач, пляменніца юбіляра.

“На жаль, на званіцу мне ўжо цяжка па сходках высокіх забірацца. А яшчэ гадоў дзесяць таму яшчэ быў мацнейшым і даволі лёгка туды трапляў. Цяпер магу пазваніць, калі папросяць, але толькі знізу. Я шмат каго званіць навучыў, замену сабе падрыхтаваў”, - усміхаецца міхневіцкі старажыл.

IMG_9185.jpg

Выхаванне на асабістым прыкладзе

У час Вялікай Айчыннай вайны Яўген Іванавіч, якому тады было 16 гадоў, дапамагаў партызанам атрада імя Фрунзэ, пра гэта ўспамінаў камандзір атрада Мікалай Міхайлюк на сустрэчы, прысвечанай 60-годдзю вызвалення Беларусі. Тэрміновую ваенную службу Яўген праходзіў у войску НКУС (наркамата ўнутраных спраў), служыў у Маскве і Бадайбо, дзе “золата рыюць у гарах”.

Неўзабаве пасля арміі, у 1953 годзе, Яўген Іванавіч ажаніўся. І ў той жа год, прайшоўшы курсы ва Украіне, у Жмерынцы, стаў памочнікам машыніста матавоза, у 1965 – памочнікам машыніста цеплавоза. Праз два гады ў Маскоўскай школе машын прайшоў курсы машыніста цеплавоза, пасля чаго да 1988 года на гэтай пасадзе адшчыраваў на заводзе “Смаргоньсілікатабетон”. А потым, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, быў памочнікам машыніста і цесляром.

“Бацькі з дзяцінства выхоўвалі ў нас з братам, а таксама ва ўнукаў працавітасць, сумленнасць, дабрыню і спагаду да людзей. З дзяцінства памятаю надзелы кармавых буракоў і лёну, якія даводзілася абрабляць уручную ўсёй сям’ёй, сушыць сена і складаць яго ў капы, а потым перавозіць на кані дадому.

...І мама, і тата на сваім прыкладзе паказвалі нам, як трэба да людзей адносіцца: “Падтрымліваць словам і справай, тады людзі гэтак жа будуць і да вас адносіцца”, - кажа Ірына Яўгенаўна.

Наш герой, не ведаючы, пра што расказвала дачка, працягнуў яе думку: “Больш за ўсё людзей люблю добрых, шмат іх за сваё жыццё сустракаў. І вёску сваю родную вельмі люблю. Дзе б ні бываў, мяне ўвесь час у Міхневічы цягнула. Тут дыхаецца добра. Людзі цудоўныя. На 90-гадовы юбілей поўная хата гасцей сабралася. І на гэты юбілей будуць – і родныя, і суседзі”.

Мусіць, думкі майго суразмоўцы перадаў у песні “Добрыя людзі” Анатоль Ярмоленка:

Добрыя людзі тут недалёка,

Добрыя людзі, з вамі так лёгка,

З вамі так светла ў свята і ў будзень,

Дзякуй за гэта, добрыя людзі!

Шчыра віншуем Яўгена Іванавіча з надыходзячым юбілеем. Зычым моцнага здароўя, цудоўнага настрою, міру і дабрабыту.


Галіна АНТОНОВА.

Фота аўтара.


1.jpg

Дзевятнаццаць гадоў таму ў іншы свет пайшла жонка Яўгена Іванавіча. Мужчына дагэтуль жыве адзін. Нікуды не хоча ехаць са сваёй хаты, хаця дачка кліча да сябе ў Гродна. Сацыяльнага работніка не мае. Часта яго наведвае пляменніца Ларыса, дапамагае па гаспадарцы. Але ў цэлым, мужчына сам няблага спраўляецца.  Цудоўна выглядае на свой узрост.