Падарожжа па Гродзеншчыне

 

Падарожжа па Гродзеншчыне

Общество
09.08.2022
1271

На дварэ ліпень. Ноччу прайшоў дождж, роўны, цёплы, летні, які так неабходны раслінам. Пад промнямі сонца раніцай кропелькі расы нагадваюць рознакаляровыя бусінкі. Ласкава і пяшчотна мне ўсміхаецца сонейка. Наступае новы цудоўны дзень для падарожжа з дзецьмі і ўнучкамі па гістарычных мясцінах. Яго маршрут імгненна прамігнуў у галаве: Крэва – Гальшаны – Кушляны – Жупраны – Гервяты.

Пачалі агляд славутасцей з Крэўскага замка. Заснаваны ён літоўскімі князямі Гедымінам і Альгердам яшчэ ў XIV стагоддзі. Замак быў сведкам многіх гістарычных падзей. Тут шлюбаваліся князь Ягайла і Ядзвіга, тут Ягайлам у 1385 годзе падпісана Крэўская ўнія. У гады Першай сусветнай вайны праз Крэва праходзіла лінія фронту. У выніку ваенных дзеянняў замак быў амаль поўнасцю разбураны. Уцалелі замкавыя сцены і вежа князёў.

Далей наш шлях пралягаў у аграгарадок Гальшаны. Месца ахутана містыкай. Каля дарогі стаіць камень, дзе выбіта лічба 1280 г., гэта час, калі князь Гольша заснаваў радавы маёнтак Гальшаны. Тут быў закладзены драўляны замак. Пасля XVI стагоддзя маёнтак перайшоў ва ўладаранне Сапегам. Павел Стэфан Сапега ўзвёў новы цагляны замак, які лічыўся самым прыгожым у ВКЛ. Ён з’яўляўся рэзідэнцыяй мясцовых князёў. Зараз на замку вядуцца рэстаўрацыйныя работы. Сцены яго ўмацаваны. Ёсць лесвіца, па якой можна залезці наверх, каб палюбавацца прыгажосцю з вышыні. Гэты замак празвалі Чорным. Менавіта пра яго напісаў Уладзімір Караткевіч у сваім творы “Чорны замак Альшанскі”. Гэты раман стаў далёка вядомы за межамі Беларусі. Па паданнях, у руінах замка можна спаткаць здані Чорнага манаха і Белай дамы, таму заначаваць тут не кожны адважыцца.

У цэнтры Гальшан знаходзіцца праваслаўная царква Георгія Пабеданосца, а таксама касцёл Святога Яна Хрысціцеля, пабудаваны пры манастыры францысканцаў у XVII ст. Манастыр і касцёл пабудаваў Павел Сапега, якога пасля смерці тут і пахавалі.

У музеі-сядзібе Багушэвіча ў Кушлянах экскурсавод расказаў нам шмат цікавага. Дваранскі род Багушэвічаў паходзіў з вёскі Багушы, што каля Крэва. Бацькі паэта трымалі больш за 300 га зямлі. У год даход ад зямлі быў у 3 разы меншы, чым судовая дзейнасць Францішка Багушэвіча. Творы паэта выйшлі толькі пасля яго смерці. Мы пабывалі на яго магіле, дзе заўсёды ляжаць жывыя кветкі. Так людзі ўшаноўваюць памяць заснавальніка беларускай літаратуры.

Самае вялікае ўражанне засталося ад наведвання касцёла Святой Троіцы ў Гервятах. Гэты населены пункт неаднаразова пераходзіў з рук у рукі - быў ў складзе то ВКЛ, то Польшчы, то Расійскай Імперыі. Першыя ўспаміны аб Гервятах адносяцца да XV ст. Гэта вёсачка здзіўляе прыгажосцю касцёла і ландшафтнага дызайна ля яго - тут і дэкаратыўныя расліны, і фігуркі апосталаў. Самы прыгожы ў Беларусі касцёл пабудаваны ў 1899 – 1903 гадах з чырвонай цэглы. Яго вышыня - больш за 60 метраў. Унутры касцёла шмат абразоў і фігур розных святых. Веліч і прыгажосць ствараюць калоны і аркі.

Мы вярталіся дадому вельмі задаволеныя, таму што абагацілі свой кругагляд новай гістарычнай памяццю, адчулі ў душы гонар за Беларусь і нашых продкаў.

Алена СТРАХ.