"Помніце і не дапусціце больше!"

 

"Помніце і не дапусціце больше!"

Общество
23.04.2022
195

1526377919_g8-states-1693446_1920.jpg

Здаецца, даўно адгрымелі пераможныя залпы Вялікай Айчыннай, нешта нават сцёрлася з памяці абаронцаў Бацькаўшчыны, але галоўную запаведзь нельга забыць вайна ніколі не павінна паўтарыцца. Для сябе ж ветэраны, іх спадкаемцы сёння хочуць аднаго увагі і цеплыні, бо дабрыня сагравае душу, робіць чалавека больш шчаслівым, дае сілы на заўтрашні дзень.

Вайна не абмінула ніводны куток Беларусі, у кожнай мясцовасці свая гісторыя, гераічныя старонкі, свой летапіс Вялікай Айчыннай. Попел спаленых вёсак, канцэнтрацыйныя лагеры, помнікі, абеліскі, салдаты вайны нагадваюць нам аб страшнай ваеннай гісторыі.

Многія мірныя гады мне думалася, што метафарычныя словазлучэнні “гарачы попел”, “гарачы снег”, “жывы агонь” ужо засталіся толькі ў мастацкай і дакументальнай літаратуры. Аднак ХХІ стагоддзе зноў і зноў не дае спакойна спаць людзям. Перапісваецца гісторыя, інтэрнэт запалонены ўсялякага кшталту фальсіфікацыямі ваенных падзей (як мінулых, так і сучасных), фэйкамі ды міфамі, аўтары якіх людзі з хворай галавой і абыякавым, ватным сэрцам. У былога СССР заморскі люд імкнецца сёння наогул адабраць Перамогу. А ЗША, Еўропа вельмі хочуць усіх людзей паставіць на калені, зрабіць сваімі рабамі ды паслугачамі. Ваююць не толькі ракетамі, зброяй, але і санкцыямі. Забываючы пра галоўнае – гэта шлях у нікуды, на дно гісторыі.

Я і сёння ўсё яшчэ не хачу верыць, што свет стаў на парог Трэцяй сусветнай вайны. І што самае крыўднае: ворагамі сталі славяне, украінцы, дакладней, самыя неміралюбівыя з іх. Канешне ж, нягледзячы ні на што, з многімі ўкраінцамі беларусы павязаны сваяцкімі, сяброўскімі сувязямі. Няўжо некаторым захацелася толькі ненавідзець, глядзець адзін на аднаго скрозь прыцэл аўтамата? Дзікунства, калі вайна прыйшла і ва ўкраінскі пасёлак з прыгожай назвай Шчасце, што на Луганшчыне. Толькі шчасця там зусім ужо няма… Бо цяпер жыццё – абстрэлы суткамі навылёт.

А паралельна ў іх СМІ толькі цынічная няпраўда і адкрытая хлусня. У свеце рушацца помнікі мінулай вайны, вядуцца інфармацыйныя войны. А падзеі ва Украіне, у Казахстане наогул сведчаць пра тое, што свет звар’яцеў.

У Вялікую Айчынную моладзь была гатова не толькі абараняць сваю Бацькаўшчыну, але і памерці дзеля высакароднай справы, дзеля суайчыннікаў. І гэта гучала зусім не пафасна. Сучасныя ж пакаленні пачалі вучыцца на заморскаеўрапейскім, і не так на лепшым, як на адмоўным. Яны чамусьці пачалі адмаўляць гістарычны вопыт папярэднікаў-землякоў, суайчыннікаў, славян.

Выраслі ўжо цэлыя пакаленні беспамятных, якія не чыталі кніг, не толькі ваенных, але ніякіх не чыталі. Увесь ваенны вопыт многіх – гэта камп’ютарныя стралялкі. Многія так за ўсё жыццё і не прачыталі лепшыя кнігі пра мінулую вайну, напісаныя франтавікамі, сведкамі, удзельнікамі. У час анкетавання многія школьнікі нават няправільна назвалі гады Вялікай Айчыннай…

Сённяшняя моладзь нічога не хоча ведаць пра жыццё Зоі Касмадзям’янскай, Аляксандра Матросава, Мікалая Гастэлы, Алега Кашавога, Ульяны Громавай, Любові Шаўцовай і інш. Для многіх юных – гэта “поўны адстой”, “саўковая прапаганда”.

Ніхто не хоча задумвацца, што мінулае стагоддзе пакінула пасля сябе вар’яцкія знакі фашызму. А сёння фашызм і нацызм пачалі праяўляць сябе зноў. Разрываецца сэрца, калі бачыш па тэлебачанні ваенныя трагедыі ва Украіне. Людзі зноў спяшаюцца ў бамбасховішчы. Ніхто разумны, канешне, не хоча жыць у акупацыі, бо акупацыйны рэжым захопнікаў – гэта сістэма палітычных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю грамадскага і дзяржаўнага ладу, рабаванне нацыянальных багаццяў і рэсурсаў, заняволенне і знішчэнне народаў. Гэта не выпадковыя акты жорсткасці, а вынік планамернага ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі дзяржавамі, якія лічаць сябе вышэйшымі, уладарамі ўсіх і ўся. Ідэалагічнай асновай пры гэтым становяцца “тэорыі” нацыстаў пра “расавую перавагу” “галоўнай” нацыі над іншымі народамі, пра неабходнасць пашырэння “жыццёвай прасторы” для ЗША і “права на сусветнае панаванне”.

Я ўдзячны ўсім салдатам і афіцэрам Савецкай Арміі, якія змагаліся за жыццё пад мірным небам падчас Другой Сусветнай. Але ад нас сёння залежыць захаванне памяці пра герояў-продкаў. Гэтая памяць святая.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.