Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Касцёл Прасвятой Троіцы у Жодзішках: госторыя святыні

 

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў. Касцёл Прасвятой Троіцы у Жодзішках: госторыя святыні

Общество
18.04.2022
811
Кальвінскі збор, шпіталь, шавецкая фабрыка, гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь – усё гэта касцёл Прасвятой Троіцы ў аграгарадку Жодзішкі. Сёлета помнік архітэктуры эпохі Рэнесансу адзначае юбілей – 410-годдзе.

c29e2a3c72dfe5412f3145e2d1a931a8_M.jpg

Што бачылі і чулі касцельныя муры, нават цяжка ўявіць. Але, нягледзячы на ўсе перыпетыі жыцця, дзверы святога месца заўсёды былі адчынены для тых, хто ў гэтым меў патрэбу.

Дакументы, якія б тычыліся Жодзішкаўскай святыні, захоўваюцца ў дзяржаўных архівах Літвы. Звесткі пісьмовых крыніц вельмі сціплыя, часам і супярэчлівыя.

Лічыцца, што ў 1600 – 1612 гадах уладальнікі Жодзішак, прыхільнікі рэфармацыі, магнаты Кішкі пабудавалі ў мястэчку кальвінскі збор. Будынак быў мураваны, аскетычнай архітэктуры, з чатырохграннай вежай на галоўным фасадзе. Храм не меў алтарнай апсіды, архітэктурны дэкор звонку і ўнутры адсутнічаў, што тыпова для пратэстанцкіх культавых будынкаў.

Новы ўладальнік Жодзішак Крыштаф Комар пабудаваў каля кальвінскага збора драўляны касцёл, а яго сын Геранім у 1612 годзе падарыў касцёлу маёмасць і плябанію. Тут жа пачала дзейнічаць і парафіяльная школа. Але праз 50 гадоў драўляны касцёл прыйшоў у заняпад.

Напрыканцы ХVII стагоддзя Жодзішкі па спадчыне атрымалі Міцкевічы, якія былі прыхільнікамі езуітаў. У 1708 годзе Барбара Міцкевіч, па настаянні свайго сына Адама ахвяравала Жодзішкі езуітам, якія выцеснілі кальвіністаў, і апошнія вымушаны былі выехаць з мястэчка. У 1709 годзе езуіты адкрылі тут сваю рэзідэнцыю. Праз некаторы час яна атрымала статус калегіума, пры якім у 1722 – 1725 гадах пабудавалі драўляны касцёл, асвечаны ў 1727 годзе. Жодзішкаўскі прыход у 1731 годзе налічваў 2155 вернікаў.

Пасля ваенных дзеянняў 1734 - 1735 гадоў Жодзішкі былі спустошаны, таму ўзвядзенне мураванага касцёла распачалося толькі ў 1755 годзе пад кіраўніцтвам віцэ-рэктара калегіума Яна Корсака. На будаўніцтва выкарыстоўваліся як ахвяраванні самога Корсака, так і 105 тысяч злотых, ахвяраваных Троцкім кашталянам Тадэвушам Агінскім, і 3 тысяч злотых Ашмянскага падскарбія Антонія Тызенгаўза. На гэтыя сродкі купілі цэглы – і пачалася закладка падмурка. Наступны віцэ-рэктар Віктар Шчуцкі ў 1760 годзе, атрымаўшы 2 тысячы злотых ад палкоўніка Розенфельда і 1500 злотых ад шляхціца Матушэўскага, скончыў падмурак і пачаў узводзіць сцены касцёла. Але неспакойныя гады грамадзянскай вайны і Маскоўскай экспансіі (1766 – 1770 гг.) для Рэчы Паспалітай спынілі будоўлю касцёла назаўжды.

Беларускі гісторык і краязнаўца Канстанцін Тышкевіч падчас свайго прыпынку ў Жодзішках летам 1857 года запісаў мясцовую легенду аб будаўніцтве касцёла езуітамі і пазней прывёў яе ў кнізе “Вілія і яе берагі”: “Мясцовыя жыхары з задавальненнем распавядаюць, што калі езуіты задумалі будаваць у Жодзішках касцёл, ім спатрэбілася вельмі шмат камянёў для закладкі падмурка. Паколькі ў ваколіцах Жодзішак патрэбнай колькасці не было, вырашылі вазіць з аддаленых месцаў. Д’ябал жа, якому сама думка пабудовы касцёла была не даспадобы, бо ён касцёла і крыжа баіцца, як святой вады, вырашыў, хоць бы нашкодзіць. З гэтай мэтай сабраў чарцей і аднойчы ноччу ўсе тыя камяні, на якія разлічвалі езуіты, чэрці перанеслі і пакідалі ў раку. Некаторыя нават перакінулі на іншы бераг. Праца доўжылася ўсю ноч. Перад світаннем, калі чорт нёс з аддаленага ад берага месца самы вялікі камень, каб ім канчаткова перагарадзіць раку, заспяваў певень. І чорт кінуў камень на зямлю, не данёсшы яго да ракі, дзе ён ляжыць дагэтуль”.

Кальвінскі збор прыйшоў у запусценне яшчэ ў ХVII стагоддзі і прастаяў паўразбураным аж да пачатку ХIХ стагоддзя. Толькі ў 1820-я гады намаганнямі пробашча Станевіча пратэстанцкі храм быў перабудаваны ў каталіцкі касцёл. Падчас рэканструкцыі была зменена арыентацыя храма алтаром на захад, да Рыма. Ранейшы падвежавы ўваходны аб’ём быў зроблены алтаром цяперашняга касцёла.

Пасля паўстання 1863 – 1864 гадоў за падтрымку паўстанцаў святар касцёла Вішнеўскі быў сасланы ў Кастраму. Храм застаўся дзейнічаць як парафіяльны, але былі канфіскаваныя 3 абразы. У 1886 годзе пробашч Урублеўскі вакол святыні ўзвёў мураваную агароджу. Перад галоўным фасадам пабудавалі каменную трохпралётную браму ступеньчатага сілуэту. Фасады брамы дэкарыраваны плоскімі пілястрамі і завершаны прафіляванымі карнізамі. У 1902 – 1904 гадах да касцёла былі прыбудаваны крылы трансепта, якія надалі пабудове выгляд лацінскага крыжа. Напрыканцы ХІХ стагоддзя Жодзішкаўская парафія налічвала ўжо 4115 вернікаў.

Але наступнае, 20-е стагоддзе, унесла свае крывавыя карэктывы ў жыццё касцёла. Значна пацярпеў храм у час Першай сусветнай вайны. Быў разбураны верхні ярус вежы. У самім будынку германскія войскі арганізавалі шпіталь, а пазней прыстасавалі яго пад шавецкую фабрыку. На здымках 1916 года можна ўбачыць нямецкія ваенныя ўмацаванні на беразе ракі Віліі. Існуе думка, што ад іх да касцёла быў пракладзены падземны ход. На тэрыторыі храма былі пахаваныя нямецкія салдаты. Астанкі 172-х загінуўшых у 1936 годзе былі перапахаваны на нямецкіх вайсковых могілках ў Маркоўцах.

Не абмінула святыню і савецка-польская вайна. У 1920 годзе ўнутранае і знешняе аздабленне касцёла было пашкоджана польскім войскам. У пасляваенны час мясцовыя жыхары пачалі аднаўленне храма. Дзякуючы намаганням і ахвяраванням парафіянаў касцёл быў выратаваны ад канчатковага разбурэння: накрыты металічным дахам, звязаны металічнымі штабамі і забяспечаны касцельным убраннем. У 1937 годзе мастак Пётра Сергіевіч распісаў храм фрэскамі. Прататыпамі ўвасобленых фігур святых паслужылі мясцовыя жыхары.

У 1924 г. святаром Троіцкага касцёла быў прызначаны пробашч Вінцэнт Гадлеўскі – беларускі рэлігійны, грамадскі і культурны дзеяч, шчыры прыхільнік беларусізацыі. Усё сваё жыццё ён прысвяціў служэнню Богу і беларускай ідэі. Скончыў Пецярбургскую каталіцкую духоўную семінарыю, атрымаў ступень магістра тэалогіі, служыў вікарыем пры Мінскай катэдры, быў у ліку арганізатараў Першага з’езду беларускага каталіцкага духавенства, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Калі ён быў святаром у Жодзішках, пачаў чытаць прамовы на беларускай мове. Ён не толькі гаварыў па-беларуску, але і вучыў народ, абуджаючы нацыянальную годнасць. Службы на роднай мове вельмі падабаліся мясцовым жыхарам. Вернікі з суседніх парафій пацягнуліся ў Жодзішкі. Пра мястэчка пачалі гаварыць ва ўсёй Заходняй Беларусі. Усё гэта калола вочы сталічным і мясцовым прыхільнікам паланізацыі, улада была вельмі не задаволена. Гадлеўскага называлі “мужыцкім ксяндзом”. У 1925 годзе яго арыштавалі ўпершыню і адправілі ў Вільню, у Лукішскую турму. Але суд апраўдаў Вінцэнта Гадлеўскага, і ён з трыумфам вярнуўся ў Жодзішкі. Парафіяне сустракалі яго, як нацыянальнага героя. Народ свайму пастыру асыпаў дарогу кветкамі ад Смаргоні да Жодзішак. Затым былі яшчэ арышты, турмы. Святар працягваў барацьбу за беларусізацыю касцёла аж да смерці (памёр у снежні 1942 года).

На працягу ХХ стагоддзя значных перабудоў храма не адбывалася. У савецкі час дзвярны праём галоўнага ўвахода быў аформлены руставаным парталам. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў зачынены, але ў 1986 годзе вернікі змаглі вярнуць святыню.

Сёння храм у Жодзішках цалкам адноўлены. Помнік архітэктуры Рэнесансу, былы кальвінскі збор, а цяпер касцёл Прасвятой Троіцы, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Тут, на беразе Віліі, узвышаецца няскораная лёсам святыня, дзверы якой заўжды адчынены для ўсіх, хто шукае Бога.

“Гісторыка-культурная спадчына Смаргонскага раёна адлюстроўвае жыццё насельніцтва раёна розных эпох ад глыбокай старажытнасці да нашага часу. Смаргоншчына валодае значным гістарычным і культурным патэнцыялам”, - адзначыла Наталля Чудакоўская, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыне РЦК. 

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь па Смаргонскім раёне ўключаны 37 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, сярод якіх 21 помнік архітэктуры, 13 помнікаў археалогіі і 3 помнікі гісторыі.

Таццяна МАЦКЕВІЧ,

навуковы супрацоўнік Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.


Статьи по теме: