Людзі Смаргоншчыны: Эдвард Рожка - Герой Сацыялістычнай працы

Общество
06.05.2016
Званне Герой Сацыялістычнай працы з 1938 па 1991 год у Савецкім Саюзе было вышэйшай узнагародай за працу. Згодна з тэкстам палажэння, яно прысвойвалася людзям, якія сваёй выдатнай дзейнасцю ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы або іншай галіне праявілі выключныя заслугі перад Савецкай дзяржавай, садзейнічалі пад’ёму народнай гаспадаркі, росту магутнасці і славы СССР.
IMG_3652

Не ў кожным раёне нашай краіны ёсць людзі, якім у свой час было прысвоена званне Героя працы. Наш зямляк Эдвард Рожка атрымаў вышэйшую ўзнагароду ў 1976 годзе. У той час праходзіла спаборніцтва па павелічэнні ўраджайнасці збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых культур. Эдвард Пятровіч тады быў загадчыкам участка ў калгасе “Светлы шлях”. За перыяд яго працоўнай дзейнасці ў гаспадарцы значна павысілася ўраджайнасць. Паказчыкі, якіх удалося дасягнуць, сталі прыкладам для іншых калгасаў. На Эдварда Рожку раўняліся, у яго імкнуліся павучыцца. І ён ніколі не скрываў сакрэта свайго поспеху, маўляў, да працы трэба адносіцца добрасумленна, не шкадаваць сябе і сваіх сіл, быць прыкладам для іншых. А ён і сапраўды такім прыкладам быў. Усе, хто працаваў поруч, імкнуліся на яго раўняцца.

Ужо дваццаць гадоў, як Эдвард Пятровіч на заслужаным адпачынку. Доўгі час ён і жонка Марыя жылі ў доме ў Андрэеўцах, трымалі гаспадарку, садзілі агароды. Некалькі год таму яны перабраліся ў кватэру ў вёску Сыраваткі. Гаспадаркі не трымаюць, з жыўнасці засталіся толькі куры. Здароўе і сілы ўжо не тыя, хаця жаданне працаваць па-ранейшаму моцнае.

4 мая Эдвард Рожка адзначыў сваё васьмідзесяцігоддзе. З гэтай нагоды да яго завіталі старшыня райвыканкама Генадзь Харужык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка. Юбіляру пажадалі моцнага здароўя, сіл, радасці ад дзяцей і ўнукаў.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота Міхаіла РАЗУМНІКА.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений