26 красавіка – 30 гадоў з дня чарнобыльскай трагедыі: даніна памяці

Общество
28.04.2016
2729
26 красавіка 1986 года на беларускую зямлю апусцілася велізарнае воблака гора і няшчасця. У гэты дзень адбыўся выбух на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай АЭС. Гэты дзень забраў з сабой жыцці многіх людзей, якія ахвяравалі сабой.

Такая жудасная падзея не магла пакінуць людзей раўнадушнымі. Асабліва хвалявала яна тых, каго закранулі яе наступствы. З...
26 красавіка 1986 года на беларускую зямлю апусцілася велізарнае воблака гора і няшчасця. У гэты дзень адбыўся выбух на чацвёртым рэактары Чарнобыльскай АЭС. Гэты дзень забраў з сабой жыцці многіх людзей, якія ахвяравалі сабой.

Такая жудасная падзея не магла пакінуць людзей раўнадушнымі. Асабліва хвалявала яна тых, каго закранулі яе наступствы. З 30-кіламетравай зоны высялялі людзей дзеля іх ратавання. Але для іх гэта зона была радзімай, якую яны не хацелі пакідаць, нягледзячы ні на што. Іван Шамякін, Анатоль Грачанікаў, Анатоль Зэкаў – беларускія пісьменнікі, радзіма якіх знаходзілася ў зоне адсялення. Гэту тэму яны закранулі ў творах мастацкай літаратуры, у якіх перадалі не толькі ўласныя перажыванні і пачуцці, але і выказалі боль усяго народа.

Раман “Злая зорка” Івана Шамякіна – адзін з першых эпічных твораў беларускай літаратуры, у якім адлюстраваны трагедыя і наступствы Чарнобыльскай аварыі. У гэтым творы праблема паказана з розных аспектаў: з боку “высокай” улады рэспубліканскага ўзроўню, якая перакладае з сябе адказнасць на іншых, з боку старшыні райвыканкама, прадстаўніка і абаронцы простых людзей – Уладзіміра Паўлавіча Пыльчанкі, з боку ліквідатараў і іх сем’яў.

Сярод паэтаў таксама шмат такіх, каго закранула Чарнобыльская трагедыя. У адным з вершаў Анатоль Грачанікаў параўноўвае радыяцыю з нябачным акупантам, а саму аварыю ставіць у адзін рад з вайной. І з гэтым нельга не пагадзіцца. Як і вайна, аварыя забрала шмат сыноў беларускай зямлі, прынесла гора і смутак матулям, пазбавіла многіх людей іх родных хат і вёсачак…

Але ўсё ж можна знайсці адрозненні паміж гэтымі жудаснымі з’явамі: вёскі, якія былі спалены падчас вайны – адноўлены, зямля, якая была захоплена акупантамі – вызвалена. Але хто, як і за які час вызваліць зямлю, захопленую “няўлоўнымі нуклідамі”? Ужо прайшло 30 гадоў з дня аварыі. На працягу гэтага часу наша дзяржава прымала шматлікія меры па ліквідацыі наступстваў. Але 30 гадоў гэта вельмі мала. Для поўнай “рэабілітацыі” зямлі патрэбна як мінімум яшчэ 70 гадоў. Разважаючы над гэтым, я ўспомніла радкі з верша Анатоля Зэкава:

Звычайны дзень, ці ж вінаваты
Хоць на імгненне ён у тым,
Што стаў аднойчы чорнай датай,
Каб ёй застацца назаўжды?

Усе мы разумеем, што “звычайны дзень” тут не пры чым, але і адказаць на пытанне: “Хто ўсё ж такі вінаваты?” – мы не можам.

Дзень 26 красавіка 1986 года ніколі не стане звычайным. Нават калі ачысціцца глеба, вырастуць новыя лясы і на зямлі не застанецца слядоў, якія б былі бачны воку, яны застануцца ў памяці людзей. І дзеля таго, каб у будучым пазбегнуць такіх памылак, нам трэба памятаць словы Анатоля Грачанікава:

Пачынаць патрэбна,
мабыць, справу
Ад дэзактывацыі душы
Тых, хто любіць
He людзей,
А славу.


І ў канцы хочацца сказаць: усё, што робіцца з думкай пра людзей, прынясе карысць, а тое, што робіцца з думкай пра славу, прынясе бяду і гора.

Настасся ПАРЖОН, вучаніца 11 “Б” класа гімназіі.
 


Актуальные новости Сморгони и Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!