Наш зямляк Аркадзь Жураўлёў выдаў кнігу казак

 

Наш зямляк Аркадзь Жураўлёў выдаў кнігу казак

Общество
31.01.2022
1353
Напрыканцы 2021 года выйшла з друку новая кніга беларускага пісьменніка, нашага земляка Аркадзя Жураўлёва.  З гэтай нагоды мы атрымалі ліст, у якім падрабязна распавядаецца пра новае выданне Аркадзя Жураўлёва - кнігу выбраных казак “Чароўныя словы”, у якую ўвайшлі 13 твораў аўтара. Казкі прыязна сустрэлі юныя чытачы часопісаў «Вясёлка», «Рюкзачок», а таксама слухачы «Вячэрняй калыханкі» Беларускага радыё.

Фота АЖ з бабач.jpg

Кніга адразу прыцягвае ўвагу чытача прэзентабельнай рознакаляровай вокладкай. Цікавасць і займальнасць, багатая вобразнасць і разнастайная тэматыка, а таксама жывыя сцэнкі, у якіх удзельнічаюць самі дзеці, – гэтым адрозніваюцца творы аўтара, прысвечаныя незвычайным прыгодам хатніх жывёл, клопатам і забавам лясных жыхароў. Казкі вучаць дабрыні і мудрасці, таварысцкасці і павазе да старэйшых, спагадзе да слабейшых, любові да Радзімы, роднага краю. .

Творы лёгка чытаюцца, а вобразы надоўга застаюцца ў памяці: незвычайны конь, адважны верабейка, цікаўная жырафа, руплівы зайка, увішная да ведаў вавёрачка, неўтаймоўны палявы цвыркун ды іншыя.

Казкі напісаны як з вопыту ўласнай сям’і аўтара, а таксама з назіранняў за прыроднымі з’явамі, жыццём насельнікаў зялёнай планеты. Канешне, пераважае фантазія, якая апрацоўвае ўбачанае ў звычайным жыцці. Вось, напрыклад, прататыпам дзяўчынкі з загалоўнай казкі «Чароўныя словы» часткова стала ўнучачка аўтара, якая сама некалі была  вяртлявым птушаняткам, якое сачыла за ўсім, але не слухалася бацькоў, рабіла ўсё наадварот. І толькі выхаванасць, цярпенне і суладдзе саміх  бацькоў зрабілі сваю добрую справу: дзяўчынка хутка зразумела, што такое  Дабро і Зло. І зараз ведае не толькі гэтую казку, але ўсю дзядулеву кнігу на памяць, і з непрыкрытай радасцю пераказвае змест сябрам-другакласнікам гімназіі, дзе сама вучыцца. Многія казкі самі прыходзілі да аўтара ў сне. Заставалася толькі запісваць.

Арганічна «гуляюць» па кнізе цікавыя факты, якія і для многіх дарослых будуць цікавымі і пазнавальнымі. Бо цікаўнасць – вельмі добрая для дзіцяці рыса. Паспець ухапіць як мага больш карыснага, разумнага – важна з першых гадоў жыцця. Менавіта казкі, што складаюць новую кніжку пісьменніка, вучаць быць добрымі, адказнымі, шчырымі і разважлівымі, умець цаніць тое, што маеш, любіць і шанаваць сваё роднае, дараваць крыўды, радавацца за іншых, берагчы сяброўства. Вучаць жыццю, бо казка – яго міні-мадэль.

IMG_0216.JPG

Аўтар не проста расказвае, весяліць дзяцей казачнымі гісторыямі, ён заклаў у кожную казку самае галоўнае – духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры. Нездарма Міністэрства аховы здароўя з ахвотаю выкарыстоўвае казкі Аркадзя Жураўлёва на сваіх інтэрнет-парталах як дзейсны сродак ад стрэсаў, стомленасці, бо казкі напаўняюць чытачоў пазітыўнай энергіяй.

Трэба адзначыць трапнае афармленне кнігі: мноства цудоўных каляровых малюнкаў выканала мастачка Алена Кучко. Прафесійныя ілюстрацыі робяць чароўны свет аб’ёмістым і блізкім для маленькага чытача, які менавіта па малюнках пачынае знаёмства з кнігай.

Выданне мае яшчэ адну перавагу: пазначаны на адваротным баку вокладкі QR-код з дапамогай смартфона адправіць прасунутага чытача на літаратурны інтэрнет-блог пісьменніка, дзе акрамя казак можна прачытаць шмат чаго цікавага і пазнавальнага і для дарослага чытача.

Журавлев.jpg

Застаецца дадаць, што выданне выканана ў падарункавым варыянце, невялікім накладам. Уступнае слова да яе напісаў знакаміты беларускі пісьменнік і паэт, казачнік і мовазнаўца Міхась Пазнякоў.

Матэрыял да друку падрыхтавала Галіна АНТОНАВА.