Ціхае шчасце “брыльянтавых” юбіляраў

 

Ціхае шчасце “брыльянтавых” юбіляраў

Общество
11.01.2022
1832

У двухпакаёўцы на вуліцы Юбілейнай жыве Каханне. Сталае мудрае, праверанае выпрабаваннямі і часам. Шэсцьдзясят гадоў Віктар і Глафіра Бандарэнкі сваё каханне захоўваюць, як самы каштоўны брыльянт. А што можа быць даражэй?

 “Мы ўбачыць у вашым акенцы брыльянтавы агеньчык, - зазначыла Ганна Макарэвіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму УТЦСАН “Цёплы дом”, якая прыехала павіншаваць Бандарэнкаў з шасцідзесяцігоддзем сумеснага жыцця.

IMG_0422.JPG

IMG_0456.JPG

“Пражылі разам так доўга, бо жыццё наша цяжкім было”

Літаральна з парогу брыльянтавыя юбіляры вывелі для нас гэту тэарэму сямейнага даўгалецця. І на працягу ўсёй размовы яны не-не дый і вярталіся да тэмы ваеннага ліхалецця.

 “Вялікая Айчынная вайна забрала ў мяне бацьку і брата. Старэйшым сёстрам удалося ўцячы ў лес, а маме і нам, пецярым меншым дзецям, немцы загадалі ісці ў канец нашага Растава. Там ужо было шмат нашых аднавяскоўцаў. Усіх  пагналі шарэнгай з сабакамі у канцлагер “Азарычы”. Ад вёскі да лагера было амаль трыццаць кіламетраў, - успамінае Глафіра Іларыёнаўна. - Хто адставаў ад калоны, тых адразу забівалі. Дзядуля мой у дарозе спыніўся і кажа: “Дзеткі мае, ідзіце, я ўжо не здолею”. Сеў, а немцы яго – бах і прыстрэлілі.

Ледзь не забілі ў канцлагеры і нас. Не ведаю за што, прыставілі да сцяны. А мама плакала і прасіла, каб у яе першую  стралялі, каб не бачыць, як на яе вачах гінуць дзеці. Прыйшоў немец, увесь у крыжах, паглядзеў, нешта гыркнуў – і нас адпусцілі. 

Практычна ўвесь Растаў у вайну спалілі, наша хата ўцалела, бо ў ёй кватэраваліся немцы, а ў гумне іх коні стаялі. Дзякуй Богу было куды нам, саслабелым, хворым, галодным, вярнуцца з “Азарычаў”. Мама доўга не пажыла. Я нават не ведаю, у колькі гадоў яна памерла”.

“На вайне загінуў і мой тата, - зазначыў Віктар Рыгоравіч. – Бацькі выхоўвалі чацвёра дзяцей, двое – памерлі ад тыфу за адну ноч. Мяне хвароба таксама не абмінула, але выжыў.

Мы ўцяклі ў лес, а паблізу нашай вёскі бой быў. Партызаны ў нашым доме параненых хавалі. Немцы спалілі яго разам з людзьмі.

Пасля вайны мы ў зямлянцы жылі. Не было чаго есці, гнілую бульбу па полі збіралі, вераб’ёў лавілі і смажылі. Во дзе жыццё было. А то кажуць цяпер у Беларусі дрэнна, у Казахстане дрэнна. Так кажуць тыя, хто сапраўдных цяжкасцей не бачыў”.

IMG_0428.JPG

IMG_0430.JPG

На лацкане жакета, які зрэдку надзявае Глафіра Бандарэнка, сярод юбілейных медалёў, ёсць узнагарода, каштоўнасць якой вызначыць немагчыма, - "Вязень нацызму".

“Шчаслівыя, бо дагэтуль разам”

З ваеннай тэмы мы перайшлі да рамантычнай. “Маладыя” распавялі пра гісторыю знаёмства. Віктар жыў на Любаншчыне, працаваў у леспрамгасе, прыехаў на Гомельшчыну нарыхтоўваць лес. Глаша працавала паштальёнам. Пазнаёміліся на танцах.  

IMG_0435.JPG

“Год сустракаліся, Віця прыходзіў да мяне дадому, пісьмы пісаў. Адносіны былі трапятлівыя, шчырыя, ніякіх вольнасцяў сабе  не дазвалялі, - зазначае гаспадыня. - Нам было па 24 гады. Вяселле вырашылі ладзіць на праваслаўныя Каляды. Родныя, сябры прыйшлі, хто што меў для святочнага стала прынеслі, нешта мы самі прыгатавалі – і вяселле адгулялі”.

Сталі Бандарэнкі жыць на Любаншчыне, у вёсцы Падлуг. Праз год у сям’і нарадзіўся першы сын. У 1966 – другі, а ў 1970 – трэці. 

IMG_0442.JPG

З Любаншчыны перабраліся ў Рэчыцу, пражылі там дваццаць гадоў. А ў Смаргонь Віктар Рыгоравіч і Глафіра Іларыёнаўна прыехалі ў 1995. Услед за дзецьмі. Адзін сын  размеркаваўся у Смаргонскі будтрэст, другі – на агрэгатны завод, а трэці – вырашыў ехаць да братоў.

“Мы шчаслівыя, бо дагэтуль разам, дзеці побач. Пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў маем”, - зазначылі юбіляры. І нечакана Глафіра Іларыёнаўна дадала:  “Каб не муж, я б даўно зямлю парыла. Некалькі разоў Віця мяне літаральна з таго свету выцягваў, даглядаў, калі мяне хвароба да ложку прыкавала”. “Дык і Глаша пра мяне  і пра мяне ўвесь час клапоціцца, добрая яна гаспадыня, працавітая, адказная”, - не пашкадаваў добрых слоў у адрас жонкі Віктар Рыгоравіч.

А сапраўдным адкрыццём лічу вось гэта прызнанне брыльянтавых юбіляраў: “У сямейным жыцці нават не каханне на першым месцы павінна быць, а цярпенне  і ўзаемадапамога. Зберагаючы сваю годнасць, трэба ўмець саступаць адзін аднаму”. 

…Аднойчы ў беларускага пісьменніка Генадзя Марчука прачытала: “Калі шчасце трэба дабівацца – гэта ўжо не шчасце. Шчасце прыходзіць натуральна і непрыкметна, часцяком нечакана, але заўсёды заслужана за турботы шчырыя і справы духоўныя”. І гэта яшчэ адзін сакрэт сямейнага даўгалецця маіх герояў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.