У год народнага адзінства

 

У год народнага адзінства

Общество
21.05.2021
1229

Зямля Бацькаўшчыны дзесяцігоддзі захоўвае сляды Вялікай Айчыннай. Як часта і ў ХХІ стагоддзі знаходзяць у ёй злосна-смяротны груз: снарады, міны. I з якой асцярожнасцю маладыя салдаты перадаюць іх з рук у рукі, перш чым абясшкодзіць. Гэтак жа беражліва толькі ўжо з сэрца ў сэрца перадаецца іншы цяжар памяць. Ад чалавека да чалавека, з году ў год, з дзесяцігоддзя ў дзесяцігоддзе... На жаль, сведкаў тых падзей з кожным годам становіцца ўсе менш і менш, засталося каля трох тысяч чалавек.

У Год народнага адзінства хочацца яшчэ і яшчэ раз канстатаваць: памяць – гэта тое стрыжнявое, што нас, беларусаў, аб’ядноўвала многія стагоддзі і працягвае злучаць сэрцы і душы сёння – у ХХІ. Я перакананы, што мы ўсе разам павінны змагацца з беспамяцтвам, з гістарычнай амнезіяй. Нам разам трэба працягваць штодзённа выпрацоўваць устойлівы імунітэт нацыі, які дапаможа прадухіляць скажоныя погляды, міфы, фейкі пра Вялікую Айчынную. Нельга, каб прыніжалася веліч подзвігу народа. Мы павінны расказваць сваім дзецям і ўнукам пра мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, аб партызанскім і падпольным руху на Беларусі, чацвёртым па велічыні ў Еўропе лагеры смерці “Трасцянец”, дзіцячым канцэнтрацыйным лагеры ў вёсцы Чырвоны Бераг. Мы ніколі не павінны забываць пра беларускія хатыні, Халакост, іншыя злачынствы фашыстаў.

У апошні час беларусы зрабілі шмат для ўшанавання памяці пра вайну. Гэта праекты і акцыі, створаны абагульнены банк дадзеных “Мемарыял” (прысвечаны абаронцам Айчыны, якія загінулі і прапалі без вестак), банк дакументаў “Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 1945 гадах”, база дадзеных “Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 1944 гадах”. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №109 ад 24 сакавіка 2016 г. “Аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці пра ахвяр войнаў” вядзецца аўтаматызаваны банк дадзеных “Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь”. Працуюць і ўдзельнікі пошукавых клубаў, якія дзейнічаюць у розных рэгіёнах Беларусі, не даючы сысці ў нябыт героям. У 2020 годзе да 75-годдзя Вялікай Перамогі Нацыянальны гістарычны музей сумесна з Камітэтам па маёмасці і Навігацыйна-тапаграфічным упраўленнем Генеральнага штаба Узброеных Сіл арганізаваў унікальны выставачны праект “#дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”, які красамоўна дэманструе нам уклад ваенных тапографаў, картографаў і геадэзістаў у Перамогу. Беларускі музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны актыўна ўдзельнічае ў праекце “Тэрыторыя Перамогі”, які рэалізуецца разам з Музеем Перамогі ў Маскве.

Беларускі фонд міру ініцыяваў і ўнёс істотны ўклад у стварэнне Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяр фашызму “Урочышча Пескі” ў Полацку на месцы масавага пахавання, дзе размяшчаўся нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных “Дулаг-125”. Беларускія музеі ашчадна захоўваюць памяць аб героях. Пра вайну нам распавядаюць і кнігі. Наша літаратура багатая на творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай. Ёсць шмат пісьменнікаў, маладосць якіх прыпала на час той жудаснай трагедыі. У Трасцянцы гітлераўцы спалілі жонку і сына пісьменніка Міхася Лынькова, жонку і пяцігадовага сына паэта Уладзіміра Хадыкі... 3 болем піша пра канцлагер у Трасцянцы паэт Максім Танк.

Сёння па мірным жыцці крочаць новыя пакаленні моладзі. Для многіх вайна дзесьці там, у мінулым, калі іх яшчэ не было на свеце. Але гэта мінулае не настолькі далёкае, бо яшчэ жывуць сярод нас ветэраны. Я перакананы, што ў Беларусі ніколі не знікне памяць пра палеглых на палях вайны салдат, пра іх трагічны лёс: вайна нясе страты, нішчыць маладосць і каханне, красу жыцця, чалавечае шчасце. Памяць павінна быць актыўнай. Тады яна не пакідае сучаснікаў абыякавымі, бяздзейнымі, пасіўнымі.

Несумненна, вайна пакінула меткі на кожным пакаленні. Але не павінна гаснуць памяць, не павінна затуманьвацца слава подзвігу народа. З пакалення ў пакаленне мы ўсе разам павінны перадаваць эстафету гэтай памяці.

Канстанцін КАРНЯЛЮК.