Віртуальныя сябры

 

Віртуальныя сябры

Общество
24.07.2021
516

Лявону Стрэльчыку жонка напачатку забараніла хадзіць на паляванне, а праз тыдзень і на рыбалку. Пазбавіла, так бы мовіць, рэальных сяброў.

“Хопіць, даражэнькі! Нічога карыснага для сям’і ў гэтым няма, наадварот - адныя страты: ліцэнзіі, пуцёўкі, стрэльбы, вудачкі-спінінгі, патроны, розныя прынады, амуніцыя ...

Канца краю не бачна. Хаця б калі дзічыны прынёс ці рыбай накарміў сям’ю, дык не! Калі качку прынясе, а ты яе аскубі, давядзі да толку: Мала таго, дык прыцягнецца яшчэ і на добрым падпітку. Бывала і сябрука якога прывалачэ. Чулі б вы ў сне толькі і крычыць немым голасам: “Страляй, страляў! Мазіла!” – альбо – “Зноў сарваўся! Такі шчупак!” А каб вы ведалі, - колькі у крамах “Налімыч” сямейных рублікаў пакідае! Як не палову заробку марна спускае. А калі дадаць, што аніколі не дапамог у будынку прыбрацца, з дзецьмі пазабаўляцца... Будзем шукаць яму іншы занятак”.

Жонка была нястрымна.

Лявон маўчаў, пачасаў патыліцу і лагодна паглядзеў на жонку. Ён не зусім разумеў: яна яго лае ці рэкламуе? Слухаў і маўчаў. А што было рабіць? Пярэчыць? Навошта? Няма нічога больш простага, чым ускладніць сабе жыццё. Канешне, выканаць загад жонкі, бо маладым ён аслеп ад яе прыгажосці, а цяпер аглохнуць спужаўся. І толькі жонка клапоціцца пра здароўе мужа. А хто яшчэ ведае ўсе недахопы свайго абранніка, як не жонка. I гэта лічыцца іх слабасцямі.

Напачатку шлюбу ёй нельга было пярэчыць, каб дзіця нервозным не нарадзілася. Затым - каб малако не знікла. Ну, а потым яна да гэтага прывыкла...

I раптам гаспадар пачаў знікаць на выхадныя. “Я павінен адпачыць ад тыднёвага тлуму. Прырода – лепшы ў тым дарадчык. I так ўцягнуўся, што ўжо пасля абеду ў пятніцу зрываўся з працы і рыхтаваў набоі, амуніцыю, перабіраў прынады. Нікога не чуў і не бачыў. Апошнія выхадныя праляцелі, як вяртлявыя-ластаўкі. А тут такі паварот...

Лявон пачаў разважаць: куды прыкласці сваю маладую яшчэ нерастрачаную энергію. I вырашыў: была кампанія рэальная - стане віртуальная. Уключыў камп’ютар, зайшоў у інтэрнэт. Адшукаў чаты па інтарэсах. Людзі ахвотна дзяліліся сакрэтамі ўласных хобі - аўтасправай і кулінарных рэцэптаў, садаводствам і многа яшчэ чым, а найбольш - жыццёвым вопытам. Многія давалі парады, запрашалі ў розныя віртуальныя гульні. Зарэгістраваўся пад нікам Юнга. I пайшоў гуляць па сеціве... Забавіўся да таго, што трапіў, сам таго не разумеючы, у прасторавы канцынум (гэта калі згублена сувязь часу і падзей ва ўяўленні чалавека). Забаўляўся і думаў, што прыемнае ў гэтым свеце альбо шкодна, альбо амаральна ці вядзе да атлусцення. Не падумайце толькі, што ў Лявона былі непрыстойныя пасты. Не! Наадварот, ён часта сарамаціў тых, хто дазваляў сабе абражаць іншых. I ад гэтых стартапаў ён лавіў бадзёры хайп.

Узрадаваўся, калі адной віртуальнай пані крышачку ў гадах напісаў: “Чытаеш вашыя пасты і ўяўляеш асобу без сэрца, розуму і сумлення...” I тут жа адказ: “Нічога лішняга. Такі час...”

I раптам - новая сяброўка завітала на яго старонку і папрасіла далучыць яе да ліку сяброў. Яна актыўна падтрымлівала размову пра адпачынак, мужчынскія захапленні рыбалкай і паляваннем, посціла і свае фотаздымкі з курортаў.

Лявон з захапленнем знаёміўся з новымі сябрамі. Адна віртуальная спакусніца была асабліва настойлівай. Яна скідвала ўсё новыя фота, пасты, пісала яму кампліменты. Як толькі ён пралайкаў іх, атрымаў на сваю электронную скрыню паведамленне: “Наступны дзень можа стаць для вас вельмі спрыяльным, і нават мінімальныя намаганні здольныя будуць прынесці істотныя фінансавыя вынікі. Вам трэба праявіць актыўнасць. Ідзіце смялей да мэты! Цісні сюды - не губляй часу! I не забудзься зрабіць перапост! Вашыя персанальныя дадзеныя, фота, відэа ў сеціве будуць гарантавана выкарыстаны на карысць толькі вам”.

Вось так з наскок: ідзі сюды, Лявоне! Адзін клік - ты ў пастцы, а там прыйдзецца раскашэліцца. Своеасаблівы эффект спадарожніка цягніка.

Не, не такі прастак Лявон, каб трапіць у амурныя сеткі! Ёе тут жа забаніў усіх падазроных і ўнёс ў чорны спіс. А на развітанне Лявону прыйшла адна цікавая думка: “Што б такога пажадаць тым віртуальным сябрам і сяброўкам, каб пасля самому не зайздросціць...” Прыдумаў: развітанне не шукае сэнсу.

Цяпер яны сядзяць з жонкай і прыкідваюць, што лепш - сябры рэальныя ці віртуальныя?