“Жыві, спяшайся, чалавек, хвілінай даражыць…”

 

“Жыві, спяшайся, чалавек, хвілінай даражыць…”

Общество
16.06.2021
1430

Лепшы падарунак – той, які зроблены ад шчырага сэрца і клапатліва спакаваны ў прыгожую скрыначку са стужкай. З якім хваляваннем уладальнік “прэзента” распакоўвае яго…

А які неверагодны жэст робіць той, хто да свайго юбілею рыхтуе падарункі іншым. Думаеце, такога не бывае? Нячаста, але бывае.

гаева.jpg

IMG_3262.JPG

16 чэрвеня былая смаргонская настаўніца Ірына Гаева адзначае 80-годдзе. Да юбілею Ірына Ніканораўна выдала паэтычны зборнік “На хвалях лёсу”, у прадмове да якога напісала: “У сёлетні, мой юбілейны год, хачу пакінуць на добры ўспамін сваім нашчадкам і ўсім добрым людзям своеасаблівую спадчыну – кнігу вершаў.

Мае перажыванні, шчырая любоў да сям’і і вёскі, роднай зямлі, матулінай мовы, павага і ўдзячнасць людзям, з якімі пашанцавала сустракацца, жыць і працаваць, мае пачуцці, думкі, мары адлюстраваліся, як у родным возеры, у маіх вершах. Яны нараджаліся ў душы ад маладых гадоў да “залатога” ўзросту… Не прэтэндую на гучнае званне паэта, але буду рада, калі вершы змогуць выклікаць у чытачоў прыемныя эмоцыі”.

Нарадзілася Ірына Гаева на Мядзельшчыне, у вёсцы Лотва. “З дзяцінства я захаплялася паэзіяй, народнымі песнямі, - робіць важны акцэнт юбілярка. - Бацька любіў чытаць, ён прывіў мне любоў да кнігі, да роднага слова. Маці і яе сёстры вельмі хораша спявалі народныя песні. Тады і абудзілася мая душа да мастацкага ўспрымання жыцця, любові да роднага краю, да роднай мовы”.

Паблізу Лотвы знаходзіцца адно з маляўнічых азёр Нарачанскага краю – Латвянскае. Пра яго Ірына Ніканораўна расказвае вельмі эмацыйна: “Возера – люстэрка, у якое на працягу жыцця глядзеліся мае продкі. Гэта і люстэрка майго жыцця, мой спадарожнік і сябар. Яму ў дзесяцігадовым узросце прысвяціла свой першы верш. Мае самыя рамантычныя спатканні ў маладыя гады адбываліся на берагах возера. Смутак і боль пасля смерці родных я тапіла ў яго водах. У розныя “этапныя” моманты жыцця мне ў снах з’яўлялася Латвянскае возера і прадказвала будучыню”.

Пасля заканчэння Латвянскай сямігодкі дзяўчына выбрала прафесію настаўніка – паступіла ў Ашмянскае педагагічнае вучылішча, якое неўзабаве перанеслі ў Полацк. Юную Іру гэты горад літаральна пакарыў сваёй багатай гісторыяй. Інтэрнат, дзе жылі навучэнцы педвучылішча, знаходзіўся ў межах тэрыторыі Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. Кожны дзень яны праходзілі праз яго галоўную браму, разам з манашкамі бралі ваду з адной калонкі, размаўлялі з імі, наталяліся высокадухоўнай атмасферай, якая там панавала.

Пасля педвучылішча Ірына прадоўжыла вучобу – паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інтсытут імя А. С. Пушкіна. Выбрала спецыяльнасць “Геаграфія і біялогія”.

“Вучыцца было цікава, кожнае лета – палявыя практыкі на азёрах, у Белавежскай пушчы, у Карпатах і на Каўказе. Горад-герой Брэст застаўся ў памяці назаўсёды”, - прызнаецца Ірына Ніканораўна.

гаева7.jpg

Гаева15.jpg

гаева1.jpg

А пасля – Смаргонь - горад, які стаў лёсавызначальным для нашай гераіні. Сюды яна прыехала па накіраванні пасля ВНУ. Тут выйшла замуж, нарадзіла сына Андрэя. Пятнаццаць гадоў адпрацавала ў сярэдняй школе №2 настаўніцай геаграфіі, загадчыцай навучальнай часткі пачатковых класаў, арганізатарам пазакласнай работы. Калі адкрылася новая школа №4 (пазней яна стала гімназіяй), Ірына Ніканораўна ўладкавалася туды на працу. Чвэрць веку тут і адшчыравала. Была настаўніцай геаграфіі, класным кіраўніком, рэдактарам друкаванага выдання “Гімназіст”.

гаева3.jpg

гаева2.jpg

Калі пайшла на заслужаны адпачынак, у хаце не заседзелася. Стала ідэйным натхняльнікам і ініцыятарам стварэння вакальнага гурта “Крынічанька” пры УТЦСАН “Цёплы дом”. Апранула канцэртны строй – і разам з іншымі жанчынамі заспявала, у тым ліку і песні, словы да якіх сама напісала, а музыку – Васіль Карпец, кіраўнік “Крынічанькі”. Нярэдка канцэртныя праграмы калектыву аздабляліся вершамі паэткі.

…Гартаю свежыя старонкі новай кнігі юбіляркі, учытваюся ў вершы, праглядаю фотаздымкі. Цудоўны летапіс жыцця прыгожай жанчыны, настаўніка-прафесіянала, жонкі, маці, бабулі.

Спыняюся на філасофскіх карацельках. У іх – думкі, разважанні, парады маладым. Адчуваю, што маю зносіны з чалавекам глыбокім, душэўным, аптымістам і неверагодным жыццялюбам.

Жыві, спяшайся, чалавек,

Хвілінай даражыць.

Ва ўзросце кожны дзень, што век,

Старайся з Богам жыць.

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Ірына ГАЕВАЙ.