Да дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

 

Да дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі

Общество
07.05.2021
507
Быць не проста сузіральнікамі нашага хуткаплыннага жыцця, а душою і сэрцам успрымаць і радасці, і беды народа, каб не паразгубляць, не параскідаць на крутых жыццёвых паваротах ні годнасці нацыі, ні гонару за яе мудрасць і святую веру ў існае. Дабрынёю свайго сэрца, шчодрасцю душы ўзбагаціць даўно анямелыя, а падчас і акамянелыя думкі, удыхнуць у іх жыццё. І аддзячыць усім і за ўсё, захаваць любоў да самых дробязных, непрыкметных  з’яў і праяў прыроды.

Усё заўважаць, пільна сачыць, бачыць і прадбачыць наперад, усё праўдзіва данесці людзям - вось такі ўклад жыцця, кірунак дзейнасці і творчы патэнцыял супрацоўнікаў нашага мясцовага тэлебачання  і радыё.

На першы погляд, што складанага ў тым, каб  падрыхтаваць матэрыял і пусціць яго ў эфір. Здавалася б, так проста!  Проста на першы погляд. Насамрэч для творчага працэсу не маюць значэння ні прыродныя стыхіі, ні даўно мінулае, ні адлегласці ці іншыя перашкоды - рэпартаж павінен выйсці ў эфір! – вось тут расстаўлены  ўсе кропкі над “і”. Усіх “тонкостей телевизионщиков” я, безумоўна, не ведаю. А калі прыходзіцца здымаць чарговы ролік, то няхай сабе і не ўсе складальнікі  працэсу адчуваю на сабе, але эмоцый хапае надоўга. Для іх галоўнае не прафесійна адшліфаваны лоск, а шчырасць, якая ўжо адшліфавана сэрцам, адданасцю і апантанасцю. А гэта намнога вышэй ад адшліфаванага, найчасцей зусім  без інтанацыйнасці, незаслужана ўзнятага лоску. Адданасць сваёй справе - галоўнае крэда для гэтых няўрымслівых творцаў.

Са шчырай удзячнасцю ўглядаюся ў твары блізкіх па духу мне людзей. Побач з імі надзейна, іх упэўненасць нараджае ў сэрцы давер. Мае цудоўныя суразмоўцы і паплечнікі, мне было б складана без вас. Часта перабіраю ў памяці, згадваю і нашы знаёмствы, і далейшыя стасункі. Яны заслугоўваюць асаблівай пашаны, бо шчырыя ў сваёй мудрасці.

Залаты голас Смаргоншчыны, голас Галіны Козел, праслаўляе  нашы родныя мясціны на ўсю краіну. У самыя аддаленыя вёскі далятае яе прыўзняты настрой, а мілагучны голас вяртае ўспамінамі ў мінулае, дорачы святло надзей і гаючы бальзам для збалелай душы. Само слова ў сугучнасці са шчырасцю душы і сэрца можа нават лекаваць, а тым больш падтрымаць надоўга добры настрой і жыцця­дзейсныя думкі. Гэта так важна ў наш складаны час.

А вось знаходлівасці, тактоўнасці і смеласці эксперыментаў для вырашэння рэжысёрскай задумы Вікторыі Бічурынай, можна толькі пазайздросціць.

Тонкае адчуванне душэўнага настрою суразмоўцы, яго задумаў і намераў, дзякуючы свайму вопыту працы, яна стараецца як мага больш дасканала перадаць у эфір. Дапамагчы разабрацца ў складанасцях падзей, арыгінальнасць думкі,  правільнае скіраванне іх для паўнаты жыцця - вось што галоўнае для разумнай і таленавітай вядучай нашага “ОКС-ТБ”.

Разуменне без слоў, дасканаласць здымкаў, цярплівае выслухоўванне заўваг і незадаволенасці, творчы падыход пры мантажы матэрыялаў - далёка не поўны пералік адказнасці Аляксандра Козырава і Аляксандра Бурава. Дзякуючы вам, спадкаемцам мінулага і сучаснасці, мы даведваемся пра навіны нашага горада і раёна. Вы дорыце нам добры настрой, надзею на лепшае дзеля плёну жыцця, дзеля будучыні.

Вера ВАЙЦЮЛЬ.

Статьи по теме: