Мітынг-рэквіем “Гучыць званамі плач Хатыні…” адбыўся ў Смаргоні 20 сакавіка (+Видео)

 

Мітынг-рэквіем “Гучыць званамі плач Хатыні…” адбыўся ў Смаргоні 20 сакавіка (+Видео)

Общество
20.03.2021
2494
Мітынг-рэквіем “Гучыць званамі плач Хатыні…”, прысвечаны памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, адбыўся 20 сакавіка ля памятнага знака на месцы лагера ваеннапалонных 1941-1943 гадоў, што знаходзіцца на тэрыторыі Смаргонскай ЦРБ. Мітынг прайшоў у межах рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць”.

“Жывая памяць. Ціш і калакольны звон. Тут гавораць толькі званы ды напятая, нібы струна, цішыня… Званы Хатыні не толькі гучна гавораць і перамаўляюцца паміж сабою, яны крычаць, галосяць, нагадваюць і наказваюць: “Людзі добрыя, помніце!” – словы вядучай гучаць надзвычай пранікнёна і эмацыянальна, што камяк падступае да горла.

  

А слёзы на вачах выступаюць ад кампазіцыі “Мы прыйшлі з перамогаю”, якую выконвае Іна Харко.

  


Эмоцыі перапаўняюць і ад інфармацыі, што агучвае старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук. За гады акупацыі гітлераўцы правялі ў Беларусі больш за 140 буйных карных аперацый, спалілі 9200 вёсак, 5295 з іх фашысты знішчылі разам з усім ці часткай насельніцтва.

Не абыйшлі трагічныя падзеі і наш Смаргонскі раён: спалена 13 вёсак, 529 дамоў, загінулі 83 жыхары.

 

 

“Лёс кожнай спаленай вёскі пасля вайны склаўся па-рознаму, - зазначае Сяргей Мікалевіч. - Засталася адна незагойная рана ў сэрцы і памяці тых, хто перажыў гэты жах, несціхаючы боль пра лёс сваіх родных і блізкіх. Словы не могуць перадаць пачуццяў, але могуць напомніць жывым, якой цаной дасталася нам Перамога”.

Лепшая падзяка, якую кожны з нас можа прынесці загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны, – гэта малітва за іх. Разам з айцом Паўлам, настаяцелем храма іконы Божай Маці “У жальбах і смутках суцяшэнне” прысутныя памаліліся.

 

А пасля ўсклалі кветкі да памятнага знака на месцы лагера ваеннапалонных 1941-1943 гадоў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.