Спаленыя вёскі Смаргоншчыны

 

Спаленыя вёскі Смаргоншчыны

Общество
21.03.2021
1967

Адной з самых трагічных старонак нямецкай акупацыі часоў Вялікай Айчыннай вайны было знішчэнне беларускіх вёсак разам з іх жыхарамі. Па дадзеных Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь у спісе населеных пунктаў, спаленых фашыстамі і адноўленых пасля вайны, значацца 13 вёсак Смаргонскага раёна. Згодна з кнігай “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Смаргонскага раёна” такіх вёсак 12.

Вёска Роткавічы з насельніцтвам у 250 чалавек знаходзілася ў зоне падпарадкавання аднаго з мацнейшых гарнізонаў на акупіраванай Смаргоншчыне – Войстамскага. У гарнізоне служылі і мясцовыя жыхары, якія ведалі ўсіх асабіста і пільна сачылі за паводзінамі, ладам жыцця і перамяшчэннямі людзей. Калі стала вядома, што ў вёску наведваюцца партызаны, а некаторыя людзі ўступілі ў партызанскі атрад, лёс вяскоўцаў быў прадвызначаны.

Аб пабачаным і перажытым успамінае жыхарка Роткавічаў Ганна Піліпаўна Кізік, 1932 г. н.:

“Гэта было якраз на Пакровы. Фашысты сагналі ўсіх жыхароў на сярэдзіну вёскі і пачалі вызываць па спісе: Карнач Міхаіл, Кубліцкі Аляксандр, Жук Сямён, Садоўская Зіна, Ляошка Якаў, Дамашчыц Юльян, Кізік Піліп, Гісіч Жэня (гэта каго я памятаю). Калі назвалі прозвішча Гісіча, ён сам выкрыкнуў з натоўпу, што яго няма, паехаў у Заскавічы. Але ж паліцай быў з мясцовых і пазнаў яго. Жэня кінуўся ўцякаць, схаваўся ў гумне, потым перабег у другое гумно. Немцы ж кінулі ў першае гумно гранату і палічылі, што ён загінуў, але хлопец уцёк і застаўся жыць. А ўсіх астатніх сагналі ў хату Гісіча Антона, там білі бізунамі, загадвалі зносіць зброю, ламалі рукі і ногі, пыталі пра партызан.

А потым, калі допыты скончылі, арыштаваных павялі па вёсцы. Гэта было жудаснае відовішча. Людзей было не пазнаць, замест твару – крывавае месіва. Яны ішлі, ледзьве перастаўляючы ногі. У некаторых, як плёткі, боўталіся рукі, гэта значыць, былі зламаныя.

Іх правялі ўздоўж вёскі з канца ў канец, каб вяскоўцы ўбачылі, што будзе з кожным, хто пойдзе ў партызаны. А на зваротным шляху па парадку кожнага з арыштаваных падводзілі да сваёй хаты і стралялі, а хату падпальвалі. Так загінуў і наш тата Кізік Піліп, а хата згарэла.

Калі вялі па вуліцы, да Карнача Міхаіла падбегла яго цяжарная жонка, яны шэсць месяцаў як пажаніліся, ён прасіў яе адысці, баяўся, каб і яе не катавалі.

Пашанцавала тады застацца жывою Садоўскай Зіне, маладой дзяўчыне. Яе схапілі за тое, што хлопец, з якім яна сябравала, быў у партызанах. Куля толькі зачапіла скуру на скроні. Яна ляжала ціхенька, пакуль фашысты не паехалі.

Загарэлася тады вёска. Ад падпаленых хат загарэліся тыя, што стаялі побач. Так згарэлі хаты Вайцяховічаў, Талеркаў. Магчыма, згарэла б уся вёска, але фашысты пасля расправы хутка з’ехалі, а людзі кінуліся тушыць полымя”. 

Да 1944 г. у Целяках пражывала 247 жыхароў. Старажылы вёскі ўспаміналі, што фашысты спалілі ўсе хаты, засталося толькі некалькі гумнаў.

З успамінаў Вікенція Іванавіча Гуля, 1928 г. н.:

 “На хутар ля ўрочышча Курчы прыехалі паліцаі, чалавек 8 - 11 з Войстамскага гарнізона. Яны ўбачылі, што 4 партызаны на конях едуць у бок Целякоў. Пачалася перастрэлка. Паколькі сілы былі няроўныя, партызаны адступілі. Конь аднаго з партызан упудзіўся і скінуў седака. Ён пабег да балота, паліцаі - за ім. Хлопец схаваўся за балотнай купінай і трапнымі стрэламі  ўлажыў 4-х паліцаяў. Астатнія, убачыўшы забітых, паклалі іх на воз і ўцякалі.

А праз пару гадзін у вёску прыехаў увесь Войстамскі гарнізон. Казалі, там пакінулі толькі 2–3 часавых, бо у Целяках шмат партызан.

Вёску акружылі, паставілі кулямёты і загадалі кожнай сям’і стаць перад хатай, а потым па спісах праверылі, ці ўся прысутнічае сям’я. Пасля гэтага людзей пачалі гнаць да гумна на сярэдзіну вёскі. А хаты з канцоў ужо падпалілі. Мы мітусіліся, але выйсця не было.

І тут - выратаванне - партызаны! Іх было многа, і яны былі добра ўзброены. Пачаўся бой.

Я быў са сваім малодшым братам, крычаў яму, каб не падымаў галавы.  Неўзабаве бой закончыўся. Мы былі выратаваны. Без сумнення, фашысты спалілі б усіх у тым гумне, каб не партызаны.

Вёска наша згарэла ўся, але жыхары яе адбудоўвалі.

Неўзабаве прыйшло вызваленне”.

Хто такія карнікі, добра ведалі і ў Крыўску, бо дзесьці за месяц перад тым, як сюды наведаліся немцы, была спалена вёска Кражына Валожынскага раёна, што прыкладна ў 18 км ад Крыўска. Там за сувязь з партызанамі жывымі спалілі 213 чалавек.

 “Бандыцкі Крыўск” – так называлі вёску ў Крэўскай гміне, хаця на той час у партызанах ніхто не быў. Затое часта заходзілі сюды былыя салдаты-акружэнцы, што жылі тут па хатах у пачатку вайны, а потым пайшлі ў партызаны. Пасля здзяйснення дыверсій на чыгунцы Маладзечна – Ліда яны наведваліся ў Крыўск да сваіх былых гаспадароў.

Аб гэтым стала вядома немцам. Усё часцей у гміне чуліся пагрозы аб расправе за сувязь з партызанамі. Вёска жыла ў трывозе.

З успамінаў Аляксандра Іванавіча Міхалькевіча:

“Мне было тады 15 гадоў. Наша хата стаяла ў пачатку вёскі. Сям’я ўжо была на нагах, я выгнаў карову. І тут прыбегла Вера Гоман з Ракуцева. Яна сказала, што ў бок Крыўска накіроўваецца карны атрад, ён едзе паліць вёску. Людзі кінуліся ўцякаць хто ў чым, цягнулі і гналі перад сабой жывёлу, хто бег так. Немцы бачылі, канешне, з дарогі нашу мітусню, але не чапалі. І вось толькі дабеглі мы да лесу, бачым: паваліў дым. Хаты загарэліся, як свечкі. А што ім загарэцца: лета стаяла сухое, дахі саламяныя. Стрэлілі ў страху запальнымі кулямі – і ў адно імгненне хаты няма. Мы са страхам назіралі за вёскай. Калі немцы паехалі, вярнуліся назад. Наша хата поўнасцю згарэла. Увогуле, тады была спалена палавіна вёскі, а людзі засталіся жывымі. Гэта было такое нам папярэджанне за сувязь з партызанамі”.

З успамінаў Марыі Вікенцьеўны Вайцяховіч, 1915 г. н.:

“Мы ўсе чулі, як спалілі вёску Кражына, як згарэлі там людзі, і баяліся, каб і нас не спалілі. І вось аднойчы раніцай прыбегла суседчына дачка, якая жыла ў Ракуцеве, і сказала, каб уцякалі, бо едуць немцы. Уся мая сям’я пабегла: дзеці, муж, свякроў. А я неяк затрымалася на некалькі хвілін – расчыняла муку на хлеб. Глядзь у акно – а немцы ідуць у хату. Загадалі ісці на сярэдзіну вёскі. Бягу. А хаты з нашага канца вёскі ўжо гараць. Вакол нясцерпная спякота, усё трашчыць. А на ўзорку, пасярэдзіне вёскі, каля гумна, натоўп людзей: плачуць, просяцца, моляцца. І тут да немцаў пад’ехаў нейкі чалавек на кані, ён пачаў нешта гаварыць, гаварыў доўга. Пасля гэтага галоўны немец сказаў, што можна разыходзіцца і тушыць хаты. І што гэта было папярэджанне апошняе, у наступны раз будзе “капут”. Хто быў нашым выратавальнікам – мы не ведаем. Людзі пачалі збягацца, тушыць агонь.  Згарэла тады палавіна вёскі, наша хата таксама. Перажылі страху і гора, але галоўнае, што засталіся жыць. А немцы тады забралі, якую хацелі, жывёлу, пасеклі курэй і з’ехалі”.

     Лёс кожнай са спаленых вёсак Смаргоншчыны складваўся па-свойму, але перажыты жах ваеннага ліхалецця і сёння вярэдзіць адну агульную глыбокую рану на сэрцах смаргонцаў. І колькі б ні мінула год, а народная памяць пра вайну павінна і будзе жыць. Бо нездарма кажуць, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.

З успамінаў Рэгіны Міхайлаўны Сысоевай , 1926 г.н.:

          “Немцы прыехалі на адкрытых машынах. А перад гэтым была перастрэлка з партызанамі. Да нас у хату зайшло некалькі фашыстаў, пыталі пра партызан, білі майго 15-гадовага брата, а потым загадалі ўсім ісці ў Панскі Двор, у хату, дзе жылі некалі парабкі. Сям’я наша была вялікая: маці, тата, дзве сястры і два браты. У той парабкавай хаце ўжо было шмат людзей – жыхароў вакольных хутароў.

          Спачатку мы не разумелі, для чаго мы тут. Зайшоў немец, палічыў усіх - 21 чалавек. Мой тата разумеў па-нямецку і спытаў:

- Колькі мы тут будзем сядзець?

- Праз 30 хвілін выпусцім.

Мабыць, меў на ўвазе – выпусцяць у рай нябесны.

І выйшаў. Чуем, як забіваюць дзверы. І тут нас ахапіў жах: гэта ж нас будуць паліць! І раптам - трэск, загарэлася страха і сцены.

Калі нясцерпна стала ад дыму і жару, мужчыны павыбівалі вокны і пачалі выскакваць. Паспелі выскачыць усе, ніхто не згарэў, толькі абпаліліся. У мяне абгарэлі ногі. І цяпер баляць тыя месцы. Мы тады, як выскаквалі праз вокны, лажыліся на снег і ляжалі. Бо немцы па нас стралялі, але яны былі ўжо ад’ехаўшы і ні ў кога не трапілі. А мы ўсё ляжалі на снезе, баючыся паварушыцца. Калі вярнуліся ў хату, убачылі, што ўсё лепшае забрана. Не было і скаціны. Але дзякуй Богу, што самі засталіся жывыя і хату не спалілі, а ў людзей на вёсцы папалілі”.

Лёс кожнай са спаленых вёсак Смаргоншчыны складваўся па-свойму, але перажыты жах ваеннага ліхалецця і сёння вярэдзіць адну агульную глыбокую рану на сэрцах смаргонцаў. І колькі б ні мінула год, а народная памяць пра вайну павінна і будзе жыць. Бо нездарма кажуць, што той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны зноў яго перажыць.