Стравы замест панкрэатыну

 

Стравы замест панкрэатыну

Общество
01.01.2021
585
Мала хто з нас валодае такой сілай волі, каб у навагоднюю ноч адмовіцца ад дэгустацыі ўсіх тых страў, якія прысутнічаюць на святочным стале. Пераяданне – звычайныя навагодняя “хвароба”. Няма, напэўна, чалавека, які б не пакутаваў пасля застолля на праблемы са страваваннем. Нехта скажа: “Мезім у дапамогу!” І будзе мець рацыю, бо гэты прэпарат сапраўды падтрымлівае падстраўнікавую залозу, паляпшае функцыянальны стан страўнікава-кішэчнага тракту. Але ёсць іншыя варыянты выхаду з застольнага перыяду. Некалькі варыянтаў маю.

 

Суп з квашанай Капусты

Мая мама гатавала гэты суп без бульбы. Бульба варылася асобна, прычым, у мундзіры. Перш, чым класці ў каструлю квашаную капусту, варыўся мясны булён, лепш са свінымі рабрынкамі. Капусту кожная гаспадыня кладзе на свой густ. Нехта любіць гусцейшы і больш наварысты, каб “лыжка стаяла”. А вось мая суседка аддае перавагу «жиденьким щам», і тады на 3-літровую каструлю ёй патрэбны паўлітровы слоік квашанай капусты. Той, хто хоча суп з бульбай, абавязаны памятаць, што спачатку ў мясны булён адпраўляецца бульба і варыцца д  гатоўнасці, а толькі затым квашаная капуста. Бульба, якую кідаюць у каструлю пасля капусты, проста не зварыцца, застанецца цвёрдай. Многія любяць заварваць суп з квашанай капусты засмажанай на алеі цыбулькай. Так смачней, але пасля аб’ядання ўсё ж лепш не рызыкаваць. А для надання водару страве можна дадаць спецыі, напрыклад сушанай мацярдушкі (арэгана), невялічкі кавалачак кораня імбіру, сушанага часнаку.

Варэнікі з салам

Ёсць у мяне знаёмыя, дзе жонка традыцыйна, пасля святочных злоўжыванняў мужа рыхтуе на сняданак варэнікі з салам. Няхай вас гэта не здзіўляе. Не буду тут тлумачыць з навуковага пункту гледжання дзеянне на стан здароўя і самаадчуванне гэтай стравы. Як кажуць, “Гугл” у дапамогу! Але аднойчы сама пераканалася, што такая яда пасля пераядання сапраўды ратаванне. Цеста для варэнікаў робіцца па традыцыйнаму рэцэпту: пшанічная мука і вада. Сала бяром салёнае. Рэжам яго на маленькія кавалачкі, дадаём пароўну на кожную частку парэзаную на такія ж кубікі вараную ў мундзіры бульбу і дробна парэзаную буйную цыбуліну. Перамешваем начынне. Цеста тонка раскатваем. Шклянкай наразаем кружочкі. На адзін кладзём на чынне , а другім зверху закрываем, зашчапляем варэнік і адпраўляем у кіпень. Варыць да гатоўнасці хвілін 15. Можна дадаць і смятаны.

Грэнкі з падлівай

Гэта яшчэ адно ратаванне, калі няма апетыту і, наогул, нават думаць пра ежу не хочацца, а страўнік патрабуе. Як па мне, то гэта ўдасканаленыя студэнцкія грэнкі з сырам. Толькі сыр мы не кладзём на абсмажаны хлеб, а робім з яго падліву. Дзеля гэтага наразаем невялічкімі кавалачкамі 200 г цвёрдага сыру. Дадаём цёрты часнок (невялічкую галоўку) і заліваем 100 грамамі маянэзу. Не перамешваючы, ставім на 2-3 хвіліны ў мікрахвалевую печку. Сыр павінен разыйсціся. Хлеб абсмажваем на алеі, але не лустамі, а парэзаўшы яго на доўгія палачкі. Такія прадаўгаватыя грэнкі абмакваем у сырную падліву і са смакам ядзім. Страва проста цуд!